Ушачский лесхоз освоил выпуск новой продукции и уже отгрузил партию зарубеж

Общество

Кол вінаградны, садова-агародны, меліярацыйны, для затрымкі снегу… Гэта дзяленні (пералік няпоўны) па прызначэнні, а вось сутнасць у такіх вырабаў адна – гэта драўляныя акораныя бярвенцы дыяметрам ад 40 да 90 міліметраў. Такую прадукцыю выпускае ўжо не адзін лясгас краіны, а ў снежні першую партыю адгрузіў на Англію і Ушацкі.

Экспарт для любога лясгаса – справа не новая. Колькі існуюць, столькі расцяць лес, а таксама прадаюць яго за мяжу. Праўда, да мінулага года пераважна ў выглядзе неапрацаванай сыравіны, што было вельмі танна па кошце і не прыносіла адчувальнага прыбытку. Экспарт “кругляку” з мінулага года забаронены ўказам Прэзідэнта, а задача зарабляць – засталася.

І вось, як і ў сямідзесятыя, пры лясгасе адкрылася перапрацоўчая вытворчасць. Зрабіць гэта зараз, мяркую, нават складаней, паколькі вельмі моцная канкурэнцыя, і перш чым закупіць абсталяванне, трэба прадумаць, на што ёсць запыт. Менавіта па такім шляху і ідзе Ушацкі лясгас. У канцы кастрычніка мы пісалі пра выпуск дошкі і брусоў, якія таксама пастаўляюць на экспарт. Ну а ў лістападзе была ўстаноўлена новая лінія, з якой і зыходзяць на Захад узгаданыя вышэй калкі.

Станкоў усяго тры: акорачны, тарцовачны і для заточкі. І заняты на іх таксама тры чалавекі, прычым трэці – на ўкладцы. Працэс празрысты: з бярвенца невялікага дыяметра здымаецца кара, потым яно абразаецца на зададзеную даўжыню і заточваецца з аднаго боку. Калы шчыльна ўкладваюцца “валетам” у пачкі, якія мацуюцца з бакоў. У такім выглядзе яны і накіроўваюцца спачатку аўтамабілямі ў Рыжскі марскі партал, а потым паромам – у Англію. А там выкарыстоўваюцца па гаспадарчым прызначэнні. Як расказвалі вытворцам прадстаўнікі заказчыка – прадпрыемства “Інтэрфорэсталл” – дыяметрам 75-90 ідуць для агароджы загонаў для жывёлы, у тым ліку і трусоў, а меншыя – на вінаграднікі, на іх мацуецца сетка.

Хаця, што з імі будуць рабіць, для лясгаса не істотна. Галоўнае, што баланс – тонкая драўніна, якая высякаецца пры рубках догляду і раней прызначалася толькі на шчапу ці на дровы, зараз прыносіць валюту, прычым пры вельмі кароткім вытворчым цыкле. Не трацілася прадпрыемства і на станкі. Лінію паставіў заказчык, яна лясгасам арандуецца.

Пакуль рана гаварыць пра вялікую рэнтабельнасць, хаця яна і ляжыць на паверхні: куб вузейшых калкоў каштуе 70 еўра, а куб дроў у сярэднім каля 30 рублёў. Адчувальным прыбытак стане толькі пры наладцы бесперапыннай вытворчасці пры двух зменах, якія і працуюць. Вельмі многа залежыць і ад прафесіяналізму, спрыту работнікаў. У адну са змен мы засталі за абкорачным станком Уладзіміра Ярмоша, за тарцоўкай і заточкай Сяргея Шчукіна. На ўкладцы быў Аляксандр Фёдараў. “Адзін раз паказаў хлопцам і стаяць побач не трэба, – кажа майстар цэха дрэваапрацоўкі Аляксандр Сцяпанавіч Шасцярэнь. – Таму што вопытныя, з драўнінай і раней працавалі”.

Нямала залежыць і ад якасці сыравіны, ад адладжанага цыкла ўсяго вытворчага ланцуга. Пакуль што працэс у стадыі пастаяннага ўдасканальвання, на экспарт пайшло 44 кубаметры і зароблена 4 тысячы 522 долары такой неабходнай для краіны валюты, якой прадпрыемства разлічваецца ў тым ліку і за сертыфікацыю ўсёй сваёй прадукцыі.

Дарэчы, абкораныя калкі маюць прымяненне не толькі за мяжой. У Беларусі з іх робяць, напрыклад, арыгінальную агароджу ў выглядзе алоўкаў рознага ці аднолькавага памеру. Ды і ў гаспадарцы таксама спатрэбяцца. Прыгадала пра гэта невыпадкова. Насельніцтву варта перыядычна цікавіцца: у лясгасе бываюць як часова незапатрабаваныя ўпакоўкі калкоў (напрыклад, як зараз меншага памеру, у адной, дарэчы, 160 штук), так і некандыцыя – іх і прададуць прыватнікам.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *