Театрализованный показ “Ішла Каляда, калядуючы” прошёл в районном центре культуры

Общество

Адвячоркам 7 студзеня ў зале раённага цэнтра культуры сабралася рознаўзроставая публіка – ад карапузаў да ўбеленых жыццёвым інеем ветэранаў працы. Але смяяліся і пляскалі ў далоні літаральна ўсе. Як і разыходзіліся са свята “Ішла Каляда, калядуючы” з аднолькава выдатным настроем.

Хто больш спадабаўся, пыталася ў няспешна пакідаючых залу людзей.

“Мне – Марына Андзіна”, – адзначыў Васіль Антонавіч Стрыжонак. “Прадстаўленне проста выдатнае, столькі вядомых шлягераў, любім голас Наталлі Каваленкі, танцы хлопцаў”, – казалі Вольга Мікалаеўна Басуева і Вольга Уладзіміраўна Ярмош. “А мне – Дзед Мароз”, – дадае, напэўна, самы маленькі ўдзельнік Мацвей Коршун. Хоць і ў вобразе: з-за барады ды шапкі тарчалі толькі вочы, аднак усе пазналі Мікалая Пруднікава. А многія і ішлі паглядзець не столькі прадстаўленне, колькі на артыстаў, у ім занятых. Ала Первянёнак, напрыклад, здымала на відэа выступленне “Авантажа”, у складзе якога яе сяброўкі Паліна Шакута і Алеся Бойчанка. Віялета Ларчанка сачыла за падтанцоўкай сястры Караліны. А Галіна Гушча прыйшла на дэбют стройнай мілавіднай Свінні. Прычым першым быў не толькі выхад на сцэну гаспадыні 2019 года, але і яе дачкі Ірыны Байрамавай – новай супрацоўніцы цэнтра, якая дэбютавала ў масоўцы ля галоўнай ёлкі раёна. Падчас танцаў Кірыла Шалыгі і Ільі Шалонькі ногі самі пускаліся ў скокі як у моладзі, так і ў старэйшых. Я ж больш глядзела на Ірышку Коршун. Маленькае дзяўчо задорна падскоквала на крэсле, зусім не зважаючы на навакольных, і была адной з самых актыўных удзельніц. Яна і загадкі гаспадыні Салохі і Чорта правільна адгадвала, за што атрымала і піражок, і яблык. І не яна адна.

Літаральна ўсе дзеянні са сцэны – хаты Салохі (Дзіны Пенкальскай) – пераходзілі ў залу, каб гледачы былі яшчэ і ўдзельнікамі дзейства. Ім варажылі калядоўшчыкі, адзяваючы на галаву чароўны саламяны капялюш. З імі танчылі цыгане і мядзведзь, яны спявалі песню разам з парсюком, а таксама падпявалі вядомыя “Завіруху” ці “Белы, белы іней”… “Мы не прапускаем ніводнае мерапрыемства, – казалі Валянціна Эдуардаўна Ісаковіч і Ніна Барысаўна Янушкевіч, – і сёння не пашкадавалі, што прыйшлі, вельмі задаволены”.

Атмасфера ў РДК і праўда была чароўнай, быццам у гогалеўскай казцы “Ноч перад Раством”, адкуль і былі запазычаны галоўныя персанажы. Не інакш сапраўды наваражыла Салоха, чым яшчэ растлумачыць панаванне агульна выдатнага добразычлівага настрою. Шчаслівыя ўшачане зычылі адзін аднаму ўдачы, здароўя, спаўнення жаданняў. А спачувалі, як не дзіўна, Чорту (Канстанціну Тарасеню) – яму ж, бедненькаму, столькі адмывацца пасля прадстаўлення давядзецца.

Дарэчы, акунуцца ў атмасферу свята могуць усе, варта толькі паглядзець відэа на нашым канале YouTube або на сайце “Патрыёта”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *