Финансовой системе Беларуси 100 лет!

К профессиональному празднику Юбилейные даты

Каляндар прафесійных святаў года аднымі з першых распачынаюць фінансавыя работнікі. Знамянальна тое, што прыходзіцца гэты дзень якраз на той перыяд, калі падведзены вынікі папярэдняга года, спланаваны бюджэт на наступны. 2019-ы для супрацоўнікаў галіны па праве можна назваць асаблівым, бо фінансавай сістэме Беларусі спаўняецца 100 гадоў.

Пачатак быў пакладзены 1 студзеня 1919 года на першым з’ездзе камуністычнай партыі бальшавікоў. Тады ўтвораны часовы рабоча-сялянскі ўрад, які 7 студзеня сваёй пастановай зацвердзіў камісарыят фінансаў. Крыху пазней ён быў рэарганізаваны ў народны камісарыят фінансаў БССР. Як і цяперашнія супрацоўнікі Мінфіна, работнікі камісарыята ўмелі лічыць грошы і рацыянальна іх выкарыстоўваць. У 1921-м быў прыняты першы бюджэт Беларусі. Потым сістэма прайшла доўгі час развіцця і перацярпела нямала змяненняў і назваў.

У розныя гады фінансавым аддзелам Ушацкага райвыканкама кіравалі Арсеній Міхайлавіч Первянёнак, Яфім Сямёнавіч Жданко, Віктар Давыдавіч Шарыпенка, Любоў Якаўлеўна Шарак, Леаніла Іванаўна Красько, Наталля Рыгораўна Дубоўская. У цэлым калектыў фінансістаў заўсёды складалі вопытныя і старанныя людзі, якія выдатна ведалі сваю справу. Як адну са старонак 100-гадовай гісторыі сённяшнія работнікі беражліва захоўваюць матэрыял з часопіса “Бухгалтарскі ўлік” за 1990 год, дзе начальнікам цэнтральнай бухгалтэрыі па дзяржбюджэце Міністэрства фінансаў БССР была дадзена вельмі высокая ацэнка работы як аддзела, так і спецыялістаў бюджэтных устаноў і выканкамаў Ушаччыны. У архіве аддзела і здымкі мінулых гадоў. Напрыклад, з фота, якое датуецца 1962-м годам, можна даведацца, што калектыў фінансістаў складаўся з 25 чалавек. Сёння ж усімі фінансавымі справамі займаюцца 7 кваліфікаваных спецыялістаў. Аб тым, што капейка рубель беражэ, яны выдатна ведаюць, бо работа з дакументамі і грашыма – іх штодзённы абавязак. Менавіта ад гэтых людзей залежыць фарміраванне, планаванне і размеркаванне бюджэту раёна, а значыць у нейкім сэнсе і праца соцень іншых работнікаў, якіх мы часта называем агульным словам “бюджэтнікі” – людзей, занятых у адукацыі, медыцыне, галіне культуры і шэрагу іншых сацыяльна значных сфер. Улічваючы спецыфіку прафесіі, выпадковых людзей тут проста не можа быць. Трэба сказаць, што ў апошні час калектыў ушацкіх фінансістаў прыкметна памаладзеў. Паўтара года ўзначальвае яго Таццяна Валер’еўна Раманоўская. Прыйшоўшы ў 2011-м у аддзел, маладая дзяўчына хутка заваявала аўтарытэт сваёй стараннасцю, адказным падыходам да справы. “Калі мне прапанавалі ўзначаліць калектыў, шчыра кажучы, сумнявалася, бо ўчастак работы няпросты, але паверыць у свае сілы дапамаглі і падтрымалі калегі, якія былі ўпэўнены, што я спраўлюся”, – прыгадвае Таццяна Валер’еўна. Заўсёды гатова падставіць ёй плячо намеснік Ірына Паўлаўна Полазава, якая працуе тут не адно дзесяцігоддзе, а сёлета яе прозвішча па выніках работы за мінулы год было занесена на раённую Дошку гонару. 25-гадовы практычны стаж у фінансавай сістэме і ў загадчыцы сектара планавання і выканання бюджэту Зоі Аляксандраўны Аўтух. Паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі галоўныя спецыялісты Валянціна Анатольеўна Карпёнак і Вікторыя Сяргееўна Уліновіч, а таксама бухгалтары Алеся Юр’еўна Галяковіч і Святлана Сяргееўна Шустрова, якія нядаўна ўліліся ў калектыў. З цеплынёй тут прыгадваюць ветэранаў галіны, якія вучылі, падказвалі, былі і застаюцца часткай агульнай сям’і – Вольгу Аляксандраўну Ануй, Людмілу Сцяпанаўну Шарыпенка, Лёлю Рафаілаўну Крыскевіч, Ніну Мікалаеўну Кандрацкую і іншых.

Асноўныя сродкі бюджэту летась пайшлі на сацыяльна-культурную сферу, а таксама падтрымку жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншых галін эканомікі. У бюджэт раёна паступіла 7594,6 тысячы рублёў уласных даходаў ці 100,1% плана. Да аналагічнага перыяду мінулага года плацяжы ў бюджэт узраслі на 15,6%. Бязвыплатныя паступленні з рэспубліканскага бюджэту склалі 16473,4 тысячы рублёў ці 68,4% усіх даходаў.

Бюджэт раёна на сёлетні год па-ранейшаму застанецца датацыйным. Уласныя даходы вызначаны ў суме 7917,9 тысячы рублёў з ростам 2,3% да 2018 года. Будзе захаваны курс на сацыяльную накіраванасць: выплату заработнай платы, фінансаванне дзейнайсці арганізацый сацыяльна-культурнай сферы, жыллёва-камунальнага сектара, галін нацыянальнай эканомікі і іншыя мэты.

– Упэўнена, што вопыт, веды і працавітасць супрацоўнікаў нашага аддзела будуць спрыяць ажыццяўленню ўсіх намечаных планаў, – гаворыць Т.В.Раманоўская. – Віншую ўсіх калег і ветэранаў фінансавых органаў з прафесійным святам і юбілейнай датай, Новым годам і Калядамі! Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, поспехаў у працы на карысць сабе і роднаму раёну!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *