“Яшчэ некалькі дзён таму у нас не было месцаў, а зараз засталося каля дзясятка пацыентаў – сустракаць Новы год у бальніцы не вельмі весела і даросламу, а дзецям – тым больш, – расказвала ў апошні рабочы дзень мінулага года загадчыца дзіцячага аддзялення райбальніцы Таццяна Міхайлаўна Бумажэнка. – Гэта не значыць, што мы выпісваем іх хворымі – мабыць і сапраўды чаканне свята аказвае спрыяльны ўплыў на папраўку”.
Але пакінуць бальнічныя сцены пашанцавала не ўсім. Таму ўзняць настрой маленькім пацыентам 29 снежня накіравалася прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе старшынь раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыі Аляксееўны Шаўчэнка і райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Маргарыты Віктараўны Сазонавай, супрацоўніка райаддзела МНС Віталя Васільевіча Карэйшы і першага сакратара райкама БРСМ Рыты Уладзіміраўны Хрыпель, якая выступіла Снягуркай. Розныя назвы акцый у прадстаўнікоў гэтых арганізацый: “Прафсаюзы – дзецям”, “Бяспечны новы год”, “Нашы дзеці”, але аднолькавая іх сутнасць, якую заўсёды падкрэслівае і кіраўнік нашай дзяржавы А.Лукашэнка – не пакінуць без увагі ніводнага малыша.
Рознаўзроставыя пацыенты аддзялення былі рады гасцям, бо рыхтаваліся – кожны бойка расказваў вершы, а атрымаўшы падарункі, цукеркі і ярка ілюстраваную папяровую прадукцыю па тэматыцы бяспечных паводзін, на некалькі хвілін выпадаў з агульнага карагоду свята – і тады Дзеду Марозу, у ролі якога выступіў настаўнік Ушацкай школы Уладзімір Леанідавіч Хамёнак, і Снягурцы ў пастаноўцы імправізаванай інтэрактыўнай казкі дапамагалі дарослыя, якія “хварэюць” разам з дзецьмі і ўнукамі. Улічваючы дамашнюю атмасферу, матулі ў халатах ці спартыўных касцюмах згаджаліся фатаграфавацца толькі “на памяць”, а ніяк не “для прэсы”, а вось малады тата Яўген Бурылаў разам з сынам Максімкам зрабіў гэта з настроем і задавальненнем. І нават той факт, што з-за мадэльнага абутку была хутка выкрыта ненатуральнасць Дзеда Мароза і Снягуркі, на агульны фон святочнага настрою не паўплываў – падарункі ж рэальныя!
Спачатку саромеліся дзіцячых забаў работнікі аддзялення, а потым нават прынялі ўдзел у агульным карагодзе і выкананні песні пра нараджэнне елачкі, якая расла стройнай і зімой, і летам. Гэтага ж, а таксама здароўя, поспехаў і многа чаго іншага, госці жадалі ўсім маленькім пацыентам і іх родным, якія ў сваю чаргу дружна дзякавалі за ўвагу. Неўзабаве дзеці разышліся па палатах, разглядаючы і параўноўваючы падарункі, а дабрачынная навагодняя каманда накіравалася ў інфекцыйнае аддзяленне – цудадзейная сіла свята павінна была дапамагчы і тамашнім пацыентам.
Д.Раманоўскі.