Складальнікамі сапраўднага свята з’яўляюцца шчырасць, душэўнасць, весялосць і, вядома ж, розныя сюрпрызы. Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” на іх шчодрая. Кожны дзень дабрачыннага навагодняга марафону не абыходзіцца без урачыстасцей для хлопчыкаў і дзяўчынак. Актыўна праводзяцца яны і на Ушаччыне.
Для лепшых школьнікаў Прыдзвіння
Каля тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куточкаў Прыдзвіння сабраліся ў паўночнай сталіцы на абласную навагоднюю ёлку. Сярод удзельнікаў свята былі і 25 юных прадстаўнікоў нашага раёна.
Выдатнікаў вучобы, пераможцаў алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, выхаванцаў кадэцкага вучылішча, школ-інтэрнатаў, дзяцей з мнагадзетных сямей сустрэлі ў абласным цэнтры яшчэ напярэдадні. Школьнікаў чакала насычаная культурна-забаўляльная праграма, а ў пятніцу іх сабрала вакол сябе галоўная ёлка рэгіёну, якая праходзіла 28 снежня ў канцэртнай зале “Віцебск”. Са словамі віншавання перад прысутнымі выступіў старшыня аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў.
– Дзяржава робіць усё магчымае для паспяховай вучобы, гарманічнага развіцця, умацавання здароўя падрастаючага пакалення, – падкрэсліў ён. – Рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы “Дзеці Беларусі”, “Маладыя таленты Беларусі”, удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база навучальных устаноў. І ў надыходзячым годзе ў ліку прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебшчыны па-ранейшаму будзе падтрымка дзяцінства і юнацтва.
Крэатыўныя дарожнікі
У прадчуванні асаблівай падзеі жылі гэтымі днямі работнікі ДРБУ-105. Упершыню, каб павіншаваць сваіх дзетак з навагоднімі святамі, яны не сталі запрашаць культработнікаў, а самі правялі ранішнік.
Ідэйным натхняльнікам і каардынатарам творчага працэсу выступіла прафсаюзны лідар Аляксандра Коцур. Падрыхтаваны ёй сцэнарый “мадэрнізаванай” пад Новы год казкі “Калабок” прыйшоўся да спадобы ўсім членам калектыву. Хутка размеркавалі ролі і прыступілі да рэпетыцый – мінімум двойчы на тыдні.
– Дастаткова няпростым было адшукаць касцюмы, – расказвае А.Коцур. – Уборы для Дзядулі Мароза і Снягуркі пазычылі ў адной з ушацкіх арганізацый, астатняе рабілі самі: хтосьці прынёс прыгожае футра для нашай лісічкі, нехта – стракатую спадніцу для Бабы-Ягі, у кагосьці знайшлася маска ваўка… Давялося павазіцца і з касцюмам Калабка – яго рабілі з кардону і іншых падручных матэрыялаў, прадумвалі мацаванне. Аднак такі працэс быў у радасць.
А сярод актывістаў можна назваць Анатоля Коцура, Андрэя Агіевіча, Сяргея Ладзіка, Дзяніса Салодкіна, Аляксея Александровіча, Вольгу Урбан, Алену Арцем’еву, Таццяну і Дзмітрыя Цімафеевых, Святлану Парашкіну, Наталлю Круцёнак, сама ж Аляксандра Коцур узяла на сябе непрывабную, але вясёлую ролю Бабы-Ягі.
У адзначаны дзень ля прыгожай ёлкі ў будынку ДРБУ-105 было ажыўлена. Казачныя героі вадзілі карагоды, запрашалі хлопчыкаў і дзяўчынак у гульні і, канечне, ніхто не застаўся без падарункаў ад прафсаюзнай пярвічкі.
Зрэшты, і пасля заканчэння ранішніка сюрпрызы для дзяцей не завяршыліся. У суседнім пакоі іх чакаў салодкі стол, цэнтральнае месца на якім занялі вялізныя тарты з навагоднімі “малюнкамі”. Прыгатавала іх Н.Круцёнак, для якой кулінарыя з нядаўняга часу стала любімым заняткам. Кожны яе торцік – сапраўдны шэдэўр. Вось і дзеці ўшацкіх дарожнікаў, убачыўшы на стале прыгожыя салодкасці, доўга не маглі рашыцца на тое, каб іх есці. І толькі сыночкі Наталлі Паша і Мікіта смела цягнулі да іх ручкі.
Вось так па-сямейнаму цёпла і шчыра прайшоў навагодні ранішнік у ДРБУ-105. Зрэшты, на гэтым прафсаюзная пярвічка спыняцца не збіраецца і ўжо плануе шэраг новых цікавых мерапрыемстваў.
І прэзент атрымалі, і брандспойт патрымалі
Не зусім звычайны навагодні ранішнік прайшоў нядаўна ў ТЦСАН Ушацкага раёна. У рамках адразу дзвюх рэспубліканскіх акцый – “Нашы дзеці” і “Бяспечны Новы год” – у аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, што ў Градзянцы, былі запрошаны хлопчыкі і дзяўчынкі з абмежаванымі магчымасцямі. Віншаванні ў гэты дзень гучалі не толькі ад Дзеда Мароза і Снягурачкі, іншых казачных персанажаў, але і ад… супрацоўнікаў МНС.
Дзякуючы арыгінальнаму сцэнарыю, творчаму выступленню работнікаў сацыяльнай службы, выратавальнікаў, актывістаў райкама БРСМ, мерапрыемства прыйшлося даспадобы не толькі дзецям, але і іх бацькам, шматлікім гасцям. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем расказвалі Дзядулю Марозу вершы, дружна вадзілі карагоды, дэманстравалі свае веды па правілах бяспечнага карыстання гірляндамі, феерверкамі. Не менш захапляльнае дзейства чакала дзяцей на вуліцы, дзе можна было пасядзець у пажарнай машыне, праверыць у дзеянні сапраўдны брандспойт.
Не абышлося, вядома, і без падарункаў. Мяккія цацкі ў выглядзе мілых парсючкоў дзецям-інвалідам уручылі супрацоўнікі РАНС. Лясгас паклапаціўся пра дастаўку ў аддзяленне прыгажуні-ёлкі. Сувеніры, пачастункі і грашовыя сродкі на іх набыццё выдзелілі ААТ і ТАА “Усход-Нур”.
Дзякуючы ўсім ім хлопчыкі і дзяўчынкі з абмежаванымі магчымасцямі правялі гэты дзень ярка і запамінальна, адчулі цеплыню сэрцаў неабыякавых людзей.
Не шкадавалі касцюмаў, далоняў і ног
Звонкім дзіцячым гоманам поўніліся ў апошнія дні адыходзячага года сцены раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. На дабрачынныя навагоднія ранішнікі былі запрошаны 173 хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх куточкаў Ушаччыны. Гэта маленькія сіроты, выдатнікі вучобы, актывісты грамадскага жыцця. Для ўсіх іх у фае ўстановы культуры спецыялісты раённага цэнтра дзяцей і моладзі падрыхтавалі насычаную забаўляльную праграму. Самы маленькі яе ўдзельнік – чатырохгадовы Максім Манух – прыехаў на ўрачыстасць разам з бабуляй са Старога Сяла. Пераўвасобіўшыся ў медзведзяня, хлопчык замілаваў усіх прысутных. Сапраўдным зорным часам ранішнік стаў і для шасцігадовай ушачанкі Паліны Волах – яе энергічныя танцы ля ёлкі міжволі прымушалі хаця б топнуць нагой.
– Добра, што апранула ўнучцы зручны касцюм, а не бальную сукенку, бо на ёй не засталося б жывога месца, – усміхнулася бабуля Святлана Анатольеўна. – У дзіцячым садку ў Паліны амаль прыкладныя паводзіны, а дома і тут – сапраўдная гарэза!
Не менш яркіх эмоцый у дзяцей і дарослых выклікала другая частка святочнай праграмы – навагодняе прадстаўленне “Зімовая вандроўка да лясной елачкі”. Пазнаць у героях казкі ўшацкіх культработнікаў было амаль немагчыма: так удала яны ўвайшлі ў свае ролі, настолькі дасканалымі былі касцюмы і грым.
Шмат цёплых слоў у адрас юных ушачан прагучала ў гэтыя перадсвяточныя дні. Прывітала і павіншавала дзяцей падчас ранішнікаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, якая пажадала, каб новы год для ўсіх быў запамінальным і абавязкова шчаслівым.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.