Як думаеце, ці можна каля апоўначы, седзячы на кухні звычайнай ушацкай кватэры, раптоўна стаць уладальнікам залатога багацця і разжыцца авіяцыйнымі боепрыпасамі? Малады жыхар гарпасёлка зрабіў гэта лёгкім рухам рукі, не ўстаючы з крэсла. Праўда, неўзабаве моцна пашкадаваў аб сваіх пакупках…
Але пра ўсё па парадку. За некалькі гадзін да “здзелкі” ў банкамаце “Белаграпрамбанка” герой аповеду заўважыў забытую пластыкавую картку. У касу ён чамусьці сваю знаходку не здаў, а паклаў яе ў кішэнь. Успомніў жа пра карту, калі вечарам паглыбіўся ў любімы занятак – камп’ютарную гульню “Ваенныя крылы”. Паветраныя баталіі часоў ІІ Сусветнай вайны настолькі захапілі, што наваяўлены авіятар вырашыў падмацаваць свае шансы на перамогу, набыўшы спецыяльныя рэсурсы. Ігравое золата хоць і віртуальнае, але ж купляюць яго за сапраўдныя грошы. Прычым, для разліку па картцы праз плацежны сэрвіс “Гугл-плэй” не спатрэбіўся нават яе пін-код: дастаткова ўвесці даныя, што значацца на самім пластыку – нумар, тэрмін дзеяння і персанальны код. Ну як тут устаіш ад спакусы… Дастаўшы з кішэні чужую карту, хлопец купіў па ёй крыху “золата”. Потым яшчэ крыху… І спыніўся толькі на 12-й спробе, калі 100 рублёў, што былі на рахунку, скончыліся…
А што ж гаспадар карткі? Сваю згубу ён заўважыў літаральна праз 15 хвілін, але калі прыбег да банка, след плацежнага сродку ўжо прастыў. У падобных сітуацыях рэкамендуецца тэрмінова заблакіраваць картку, аднак мужчына падумаў, што яе “зажаваў” банкамат. Ён пацікавіўся ў работнікаў установы, калі можна яе вярнуць, і тыя патлумачылі, што пасля выхадных, калі прыедуць полацкія спецыялісты для запраўкі банкамата. У панядзелак замест карткі яму выдалі распячатку плацежных аперацый, здзейсненых з яе – з гэтай улікай пацярпелы пайшоў у міліцыю. Вылічыць злодзея, выяву якога зафіксавалі сродкі відэаназірання, было ў літаральным сэнсе справай тэхнікі. Палёты сапраўды аказаліся “залатымі” – пацягнулі на 980 рублёў штрафу, прызначанага па частцы 2 артыкула 212 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь – выкраданне маёмасці шляхам увядзення ў камп’ютарную сістэму ілжывай інфармацыі, спалучанае з несанкцыянаваным допускам да камп’ютарнай інфармацыі. Апроч таго хлопец пазбавіўся і тэлефона, які канфіскаваны на карысць дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства адпаведна частцы 6 артыкула 61 КК.
Але ж, напэўна, не менш адчувальным, чым матэрыяльнае пакаранне, стаў і маральны аспект – справа ў дачыненні выкрадальніка разглядалася на адкрытым судовым пасяджэнні ў яго працоўным калектыве. У абвінавачваемага ёсць права абскардзіць рашэнне суда, аднак ён цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў здзейсненым. Думаецца, што гэты, на першы погляд, кур’ёзны, але з пункту гледжання закона – сур’ёзны выпадак стане ўрокам для тых, хто легкадумна паводзіць сябе як у рэальным, так і ў віртуальным асяроддзі.
Н.АВАДНЁВА, памочнік пракурора Ушацкага раёна.