У Беларусі актыўна праводзіцца дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. У яе рамках 26-27 снежня хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх рэгіёнаў краіны ў Мінску збярэ яркае навагодняе свята з удзелам Прэзідэнта А.Р.Лукашэнкі. Трапіць на гэтае дзейства пашчасціла і юным прадстаўнікам Ушаччыны: Раману Лабэцкаму з Вялікадолецкай школы, Дзіяне Радзюш з Ільюшынскай і Аліне Аўсіевіч з Ушацкай.
Цікавыя прыгоды, сустрэча з цудам чакаюць сёлета і ўдзельнікаў абласнога дабрачыннага навагодняга свята. Галоўная ёлка рэгіёна пройдзе 28 снежня ў канцэртнай зале “Віцебск” для тысячы школьнікаў, у тым ліку 25 прадстаўнікоў Ушаччыны.
У апошнія дні адыходзячага года, 27 і 28 снежня, дабрачынныя навагоднія ранішнікі будуць ладзіцца ў гарпасёлку. На іх у раённы цэнтр культуры і народнай творчасці запрошаны дзеці з усіх куточкаў раёна – пераможцы прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, выдатнікі вучобы, дзеці-інваліды, хлопчыкі і дзяўчынкі з мнагадзетных малазабяспечаных сямей, а таксама тыя, каго лёс абдзяліў бацькоўскай пяшчотай і цеплынёй. Пачатак прадстаўлення ў 11.00, работа гульнявых пляцовак – з 10.00.
Навагоднія ранішнікі, вечарыны пройдуць з 26 па 28 снежня і непасрэдна ва ўсіх установах адукацыі раёна.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.