Свінакомплексу «Сарочына» — 30 гадоў

Сельское хозяйство Юбилейные даты

Прыватнае унітарнае прадпрыемства “Сарочына”. Любы ўшачанін ведае, што там вырошчваюць свіней. І таксама кожны сёння з годнасцю дадасць, што гэта самае трывалае сельскагаспадарчае прадпрыемства раёна. Кропка на карце, якая прыносіць не толькі прадукцыю, але і гонар.P1140176

Пазіцыю лідэраў, якую трывала занялі больш пяцігодкі таму, упэўнена ўтрымліваюць і сёння. У “Сарочына” едуць пераймаць вопыт кармлення жывёлы калегі з іншых раёнаў, вучацца ўцяпляць старыя памяшканні, каб эканоміць электраэнергію.

20 снежня ў іх быў чарговы юбілей. Былому свінакомплексу і сённяшняму таварыству ўжо 30 год. А на ўрачыстасць сабралася яшчэ дастаткова людзей, якія памятаюць той момант адкрыцця.

Многія аб’екты здаюцца напярэдадні Новага года. Комплекс – не выключэнне, і 1979 стаў кропкай адліку не толькі новага прадпрыемства, але і біяграфій яго працаўнікоў. І.І.Сіпко, Г.С.Карабань, Л.В.Кірпічонак, А.С.Клемянцёнак, П.М.Гарадзецкі непарыўны з комплексам на працягу гэтых 30 год. 22 чалавекі адпрацавалі на комплексе больш 25 год, а гэта значыць, што не кінулі прадпрыемства ў самыя складаныя яго часы.

Адна з добрых традыцый – дапамога сваім работнікам, сённяшнім і былым, у радасці і горы. Усіх ветэранаў вытворчасці тут памятаюць і запрашаюць на мерапрыемствы, якія ў апошнія гады таксама сталі намнога цікавейшымі з-за стварэння ўласнага ансамбля.

Утульныя памяшканні для адпачынку, адзін з лепшых калектыўных дагавораў, прэміраванне і добрыя заробкі – усё гэта дзякуючы рэнтабельнай рабоце комплексу, стабільным вытворчым паказчыкам. Свінагадоўчы комплекс трывала мае пад 600 грамаў прываг, калі ў пачатку дзейнасці пры адсутнасці недахопу ў кармах радаваліся пя-цістам. Не выраслі, а скокнулі ўверх і паказчыкі ў параўнанні з 1999-м — не самым складаным, але яшчэ і не прыбытковым годам. На 48 працэнтаў ці больш чым на 6 тысяч свіней павялічылася пагалоўе, у 2,4 раза (з 1215 да 2850 тон) вырасла рэалізацыя і амаль дасягнула самага паспяховага па гэтым паказчыку 1990 года – 3280 тон.

Нават пры павярхоўным поглядзе на табліцу вынікаў работы комплексу за апошнія дзесяць год нельга не прыкмеціць росту: дынамічнага, устойлівага павышэння літаральна ўсіх паказчыкаў. Сярод 26 комплексаў вобласці па сярэднясутачных прывагах яны на шостым месцы. Перавысілі нават самы прыбытковы 1989 па атрыманні парасят – 33800 галоў пры 30 тысячах у 1990-м. У 2,5 раза павялічыліся валавыя прывагі.

–У многім гэта заслуга нашых акцыянераў – Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў, – гаворыць дырэктар прадпрыемства В.П.Сяргееў. – Мы не толькі своечасова маем кармы, але яны і самыя якасныя на сёння ў вобласці, распрацаваны пад пэўныя ўзроставыя катэгорыі.

І хоць гэта так, усё ж не толькі кармы вырашаюць справу. На комплексе “Лучоса” пры тых жа акцыянерах, а адпаведна і кармах, на 2 тысячы большае пагалоўе, і на 200 тон меней валавых прываг…

Апошняе дзесяцігоддзе – этап другога станаўлення комплексу. Гэта пацвярджае такая вось цікавая статыстыка: самая вялікая колькасць працаўнікоў – 48,4 працэнта занята на прадпрыемстве да 10 гадоў. Самаму сталаму, але і аднаму з самых энергічных работнікаў, былому дырэктару І.І.Сіпко – 73, а самаму маладому – 17. І хоць сярэдні ўзрост працаўнікоў комплексу – 44 гады, ён устойліва маладзее. І па-ранейшаму існуе чарга, каб трапіць сюды на працу.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *