Старшыні абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандру Елісеевічу Кузмянкову і загадчыку сацыяльна-эканамічнага аддзела Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Цімафею Аляксеевічу Барсукову не давялося многа ездзіць па раёне. Звяно-лідэр, што захапі- ла ў пачатку тыдня ўсе тры першыя месцы ў раёне, знаходзілася на адным полі. Чытачы ж газеты добра ведаюць іх – з “Райаграсервіса”. Па-ранейшаму нікому не ўступае пазіцый экіпаж Казакевіч-Андрэйчык. Ім на пяты наступаюць Шэўчанка-Первянёнак і на трэцяй раённай прыступцы аказаўся экіпаж Апёнак-Крывёнак. Усе тры, мала таго, што з аднаго прадпрыемства, дык і водзяць камбайны па адных палях, іх абслугоўвае на адвозцы зерня адна машына.
Праўда, усё цяжэй даюцца намалоты, былі дні, калі ўласны вынік камбайнераў павялічваўся ўсяго на тры бункеры. І настрой, зразумела, адпаведны. А падымаць, даўбіраць трэба ўвесь хлеб.
Ужо і не верыцца, ці будзе ў раёне хоць адзін тысячнік… Прывялі цікавыя лічбы і госці. Калі летась на Віцебшчыне было больш двухсот экіпажаў-тысячнікаў, то ў пачатку тыдня, практычна на фінішы ўборкі, па вобласці іх менш трыццаці.
Жоўтыя кепкі лідэраў, майкі, грашовае заахвочванне памерам па тры базавыя велічыні і галоўнае Лісты падзякі, падпісаныя міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання М.І.Русым і старшынёй рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу У.Ф.Наумчыкам атрымалі на гэты раз экіпажы Дзмітрыя Шэўчанкі (на здымку) і Руслана Апёнка. Аднак жніво працягваецца, і гэта не канчатковыя паказчыкі нашых хлебаробаў.