У мінулыя выхадныя многія беларусы з хваляваннем глядзелі фінал самага прэстыжнага форуму прыгажосці “Міс Свету 2018”, у якім удзельнічала і прадстаўніца нашай краіны – пераможца сёлетняга конкурсу “Міс Беларусь” Марыя Васілевіч. Сярод тых, хто асабліва нерваваўся перад экранам – ушачанка Марыя Прашковіч. Як чацвёртага мая яе бацькі і блізкія, калі з дзясяткі лепшых у Мінску абіралі абсалютную пераможцу і прамовілі імя Марыя…
Так, нашай зямлячцы, якая зараз працуе ў адным з дзіцячых садкоў Наваполацка, тады крыху не пашчасціла, яна не атрымала тытул, аднак саперніцы па касцінгу сталі сяброўкамі па жыцці. Як расказала Маша, дзяўчаты разам прымаюць удзел у розных спартыўных і дабрачынных мерапрыемствах, падтрымліваюць сувязь… і адна адну. Таму і паслала Марыя Прашковіч для цёзкі ў Кітай фотапаштоўку, якую падрыхтавала са сваімі падапечнымі – дашкалятамі з асаблівасцямі развіцця. Што, дарэчы перагукаецца і з праектам дабрачыннасці самой фіналісткі “Міс Свету 2018” – падтрымкай выхаванцаў з дзіцячага дома.
Так, сёлета на конкурсе прыгажосці ацэньваліся не толькі візітоўкі, дэфіле ў бальных сукенках, але і ўдзел у грамадскім жыцці, у прыватнасці, дабрачыннасць. Прадстаўніца Беларусі Марыя Васілевіч выдатна выглядала на ўсіх этапах адбору, цудоўна адказала на пытанне на англійскай мове, увайшла ў топ-5 сярод 118 самых прыгожых дзяўчат свету і атрымала гучны тытул “Міс Свету Еўропа”.
Вольга Караленка.