Новый учебный год — не за горами

Общество

Чэргаў ва універмагу ў самым пачатку другой дэкады жніўня не было, аднак клапатлівыя бацькі ўжо прымяралі дзецям касцюмы, сукенкі, згодна спісу куплялі школьна-пісьмовыя прылады. Валянціна Падгол была адразу з сынам і дачкой, у яе і пацікавілася, за чым завіталі ў магазін.

– Правялі рэвізію рэшткаў мінулага года, таму зараз выбіраю канкрэтныя рэчы, напрыклад, спартыўныя штаны, гольфы дачцэ і сыну, і вось, бачыце, па 50 тысяч на кожнага пайшло на сшыткі, вокладкі і падобнае. Я нават не цікавілася, колькі гэта каштуе на рынку, бо як бялізну, трыкатаж, так і пісьмовыя прылады заўсёды купляю толькі нашых айчынных прадпрыемстваў.

– Галіна Віктараўна Баравік за прылаўкам тым часам тлумачыла розніцу паміж вокладкамі для кніжак і сшыткаў, паказвала розныя канцтавары, дапамагала разабрацца ў вялікім выбары, ды і супакоіла пакупніцу наконт кошту.

– Не сумнявайцеся, у нас танней. Бо людзі прыходзяць, перапісваюць цэны, а потым, параўнаўшы, вяртаюцца з рынка і набываюць тавар. Самымі дарагімі для бацькоў аказваюцца, як правіла, першакласнікі, якім трэба не адзін альбом, мноства рознага дадатковага матэрыялу, прылад.

Танней у магазінах кошт тавару аказваецца невыпадкова. Для беларускіх вытворцаў на школьныя тавары ўрадам устаноўлены фіксаваны працэнт падатку на дабаўленую вартасць, ды і наша райспажыўтаварыства, ведаючы пакупніцкія здольнасці ўшачан, часта зніжае гандлёвую надбаўку да 7-10 працэнтаў. Партнёры-вытворцы таксама падбіраюцца такія, хто арыентуецца менавіта на школьнікаў і адпаведна выпускае недарагі тавар. Напрыклад, калі ў нашых віцебскіх вытворцаў абутку кошт пары для дарослых 150-200 тысяч, то для школьнікаў дзешавей напалову. І сёння ў “Гандлёвых радах” прапануецца абутак з Гродна, Магілёва, Ліды, кошт на які – 80-90 тысяч. “Палессе”, “Світанак”, “Купалінка”, “Славянка” – фабрыкі, якія асацыіруюцца з высокай якасцю і нізкім коштам.

– Хоць і існуюць квоты, аднак мы іх практычна заўсёды перабіраем, – гаворыць дырэктар універмага Ірына Васільеўна Ткачонак. – Вытворцы ідуць насустрач. Ды і ўмовы дагавораў спрыяльныя для нас, ніякай папярэдняй аплаты. Калі ў мінулыя гады не ў поўным аб’ёме паступалі канцтавары з Чашніцкай міжраённай базы, даводзілася шукаць у іншых месцах, то сёлета не пакрыўдзілі – усё, што душа жадае. Толькі па стану на 1 жніўня было завезена школьна-пісьмовых прылад на 43 мільёны рублёў, швейных вырабаў (касцюмы, сарочкі) на 18,6, трыкатажу на 25,4, абутку на 20,1 мільёна рублёў. А завозы працягваюцца, будуць арганізаваны выставы-продажы з пашыраным асартыментам ва універмагу, з чацвярга па суботу наша выязная палатка гандлюе на рынку ў гарпасёлку, а 21-22, 28-29 жніўня пройдуць школьныя базары, на якія са сваім таварам прыедуць яшчэ нашы калегі з суседніх раёнаў.

Выбар ёсць, аднак па-ранейшаму складана апрануць школьнікаў, якія маюць нестандартны памер. Прадавец Наталля Веньямінаўна Прашковіч, якая дапамагае пакупнікам падабраць адпаведны памер, паказвае навінкі, выдатна гэта ведае, бо форму на ўласнага сына падбірае з цяжкасцю. Неаднойчы, калі фарміравала заяўкі, спрабавала заказаць штаны ростам больш за 182-188, аднак хоць рад памераў даходзіць і да 194, большасць фабрык проста не арыентуюцца на такі рост. Толькі навагрудская, з якой завезена 69 касцюмаў.

– Старшакласнікам, калі яны нічога не абралі ў школьным аддзеле, мы прапаноўваем выбраць касцюм на трэцім паверсе ў секцыі для дарослых, – кажа таваразнаўца І катэгорыі Клаўдзія Іванаўна Каунова. – Таксама магчыма раскамплектацыя касцюмаў, калі, напрыклад, штаны ці спадніца падышлі аднаго памеру, а пінжак другога. Толькі вітаем папярэднія заказы з указаннем канкрэтных памераў, нашы прадаўцы на вёсцы працуюць толькі па такой схеме. Калі школьна-пісьмовыя прылады туды завезены ў шырокім асартыменце, то вопратку прывозім пад заказ.

Зазірнула я і ў кнігу заўваг і прапаноў другога паверха, каб пацікавіцца, чаго хацелася б патэнцыяльным пакупнікам ці што не задавальняе. Свежы запіс прасіў не тавараў, а… нармальнай тэмпературы ў гандлёвай зале. Так, прымерыць адзенне і няспешна зрабіць пакупку пры такой спякоце, мякка кажучы, некамфортна. Хоць некаторым проста станавілася дрэнна і яны спешна пакідалі універмаг без пакупкі.

В.КАРАЛЕНКА. На здымках:

сям’я В.Падгол рыхтуецца да новага навучальнага года

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *