Адным днём 1987-га года выпускніца швейнага прафтэхвучылішча Ларыса Первянёнак з акна Сарочынскага комплекснага прыёмнага пункта, што стаяў на месцы цяперашняга кафэ, з цікаўнасцю назірала за будаўніцтвам, якое распачалося праз дарогу. Дапытлівасць прымусіла накіравацца “ў разведку”. “Будуем заправачную станцыю. Пойдзеш на яе працаваць?”, – паўжартам мовіў мужчына, які запраўляў працэсам. “Пайду!” – нечакана нават для сябе адказала дзяўчына. І такім чынам абсалютна ўсур’ёз вызначыла свой лёс на многія гады.
А яны мільгалі адзін за адным, быццам аўтамабілі на бойкай трасе ці твары людзей, што працягвалі ў акенца рублі і карткі ў абмен на літры паліва. “Запраўлялі ў свой час і за валюту. А былі яшчэ і купоны ў ліхія 90-я, – прыгадвае Ларыса Пятроўна. – Стаялі вялікія чэргі, паліва не хапала, выдавалі па 10 літраў у адны рукі, і натоўп аўтааматараў пільна сачыў, каб які праныра не атаварыўся двойчы…”.
Вось ужо 31 год наша зямлячка дорыць сваю абаяльную ўсмешку кліентам сарочынскай запраўкі. За гэты час мяняліся не толькі грошы і эканамічныя тэндэнцыі, а і прыналежнасць АЗС, якая спачатку кіравалася з Лепеля, потым перайшла пад Наваполацкую нафтабазу і “Віцебскаблнафтапрадукт”, зараз жа галаўны офіс “Беларуснафты”, з якога ажыццяўляецца кіраўніцтва заправачнымі станцыямі, знаходзіцца ў Гомелі. За дзесяцігоддзі работы жанчыне давялося стаць відавочцам эвалюцыі аўтапрама: эпоху “Масквічоў” ды ВАЗаў канца 80-х змяніў стракаты парад іншамарак. Зараз жа на АЗС заязджаюць незвычайныя экзэмпляры накшталт вясельных лімузінаў, стыльных кабрыялетаў ды цюнінгаваных рэтра-машын. Гэтым летам, напрыклад, запраўляла… царскую карэту, пад якую быў стылізаваны эксклюзіўны аўтамабіль. І варта адзначыць, што многія падарожнікі менавіта па зносінах з Ларысай Пятроўнай атрымліваюць уражанне пра наш раён і яго жыхароў, а таму ветлівае і прафесійнае абслугоўванне – гэта яе фірменны знак, непадуладны часам і абставінам.
Кліенты ж бываюць абсалютна розныя – у тым ліку патрабавальныя і раздражнёныя. А яшчэ няўважлівыя – даволі часта імкнуцца прадоўжыць шлях, не выцягнуўшы “пісталет” з бака, пакінуўшы на даху аўто мабільнік ці партманэ.
– Усім намагаемся дагадзіць, дапамагчы. Зімой наліём кіпеню для чаю, пагрэем малачко для маленькіх пасажыраў, – расказвае Л.Первянёнак. – А іншы раз аказваем і псіхалагічную дапамогу – ноччу на пустыннай трасе цяжка знайсці іншага субяседніка. Розныя бываюць сітуацыі. Памятаю маладую дзяўчыну, якая ехала з Санкт-Пецярбурга аўтастопам і апынулася ноччу ў Сарочыне – прыйшлося да світанку частаваць яе чаем, слухаць падрабязнасці жыцця, даваць парады… А гэтым летам таксама быў экстрэмальны выпадак: спыняецца на запраўцы мікрааўтобус з еўрапейскімі нумарамі і выходзяць з салона маладыя людзі. Адзін да майго акенца крочыць – я ўзнімаю вочы і ледзь не ўскрыкваю: глядзіць на мяне істота, твар у нейкіх надпісах, з ілба рожкі тарчаць! Усё, думаю, дах паехаў… Аказалася, гэта кампанія панкаў у Піцер накіроўвалася: у поўнай экіпіроўцы, усе ў тату і пірсінгу, з дрэдамі і каляровымі іракезамі. Увогуле праз шкло запраўкі, нібыта на экране, штодня бачыш розныя падзеі, людзей, у тым ліку і знакамітых. Так, напрыклад, нашымі кліентамі былі папулярны акцёр Барыс Шчарбакоў, спявак Аляксандр Ціхановіч, неаднаразова заязджалі тэлевядучая Святлана Бароўская і яе муж Анатоль Кацянёў, якога многія памятаюць па галоўнай ролі ў стужцы “Сакрэтны фарватар”. Адным словам, уражанняў у нашай працы хапае.
Як хапае, канечне, і складанасцяў. Зараз на Сарочынскай АЗС кругласутачную вахту разам з Л.Первянёнак нясуць Валянціна Іванаўна Пугач, за плячыма якой таксама немалы стаж работы, і Зоя Аркадзьеўна Курневіч. Працуюць па 12 гадзін, змяняючы адна адну. Акрамя водпуску бензіну і дызпаліва ў іх абавязках – уборка тэрыторыі, яе добраўпарадкаванне, продаж аўтатавараў і рэчаў першай неабходнасці. Канечне, наша сарочынская АЗС ужо не адпавядае сучасным патрабаванням, і вельмі хацелася б, каб кампанія “Беларуснафта” прыняла рашэнне перабудаваць яе ў сучасную заправачную станцыю з магазінам і СТА. Ва ўсялякім разе, гэта не толькі мара Ларысы Пятроўны Первянёнак і яе калег, а і пажаданне кліентаў, якіх у нашай кропкі, што знаходзіцца ў такім зручным і ажыўленым месцы, даволі шмат.
Наталля БАГДАНОВІЧ.