Никто не забыт. Бывший фронтовик Яков Трофимович Ткачёнок

Листая страницы истории

Ветэран працы, у былым настаўніца З.А.Ткачонак з Гарадка пыталася, ці можна неяк выправіць несправядлівасць, што яе свёкра, франтавіка Я.Т.Ткачонка, які прайшоў усю вайну, няма ў кнізе “Памяць. Ушацкі раён”. Зінаіда Афанасьеўна прыгадала, што нешматслоўны Якаў Трафімавіч рэдка расказваў пра франтавы час. Толькі калі сыны настойвалі, лаканічна спыніўся на тым, як трапілі ў акружэнне ля Суражскіх варот, прарваліся і перш чым іх далучылі да Ленінградскага фронту, доўга высвятлялі абставіны. Ваяваў у Выбаргскім стралковым палку, дайшоў да Кёнігсберга, дзе і сустрэў перамогу. Але дамоў вярнуўся толькі восенню, паколькі з Захаду іх перакінулі на вайну з японцамі.

Быў паранены, захоўваюцца дома і ўзнагароды “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга” і за Перамогу над Японіяй. Аднак рэдка чапляў іх на пінжак франтавік. Па словах Зінаіды Афанасьеўны, не запрашалі яго і на раённыя святы, і хоць і крыўдзіла гэта ветэрана, “праўду” не адстойваў і сваімі подзвігамі не выхваляўся.

Затое вельмі многа пра сціплага франтавіка гаворыцца на сайце “Подзвіг народа”. Толькі нядаўна праўнук адкрыў, што ўзнагарод у Якава Трафімавіча насамрэч намнога болей. Акрамя пералічаных – ажно два медалі “За баявыя заслугі” з апісаннем, за што прадстаўляўся да ўрадавых узнагарод.

Зімой 1944 года наш зямляк удзельнічаў не толькі ў вызваленні Беларусі, але і Віцебскай вобласці. “Ездавы транспартнай роты Я.Т.Ткачэнка (у некаторых дакументах прозвішча памылкова пішацца так) з 6 па 10 лютага 1944 года бліз Волкава пры пераправе праз раку Заронаўка (Віцебскі раён) пад ураганным мінамётным і артылерыйскім абстрэлам забяспечваў бесперапынную дастаўку боепрыпасаў падраздзяленням”.

“Павозачны транспартнай роты 1187 стралковага палка Ленінградскага фронту Я.Т. Ткачэнка 10 ліпеня 1944 года падчас бою на Карэльскім перашыйку пры прарыве абароны фінаў і лініі Манергейма, вызваленні Выбарга нягледзячы на аўтаматна-мінамётны абстрэл праціўніка смела падвозіў боепрыпасы на батальённыя пункты”.

Вышэйшы з савецкіх медалёў – “За адвагу” ён атрымаў абсалютна за такія ж дзеянні – пад бесперапынным абстрэлам забяспечваў дастаўку снарадаў. Толькі было гэта ўжо ў студзені 1945 года пад Карчарнінгкенам (Усходняя Прусія, зараз пасёлак Чыгуначнае Калінінградскай вобласці). Наколькі напружаныя там ішлі баі, можна меркаваць па помніку на брацкіх могілках у суседнім пасёлку Дабравольск, дзе пахавана 5300 чалавек.

Ён з тых нямногіх, хто сапраўды пабываў у вогненным пекле на перадавой, прычым усе 4 гады, і ўцалеў. Вярнуўся і працаваў на мірнай прафесіі цесляра, якая так патрэбна была разбуранай Беларусі і ў прыватнасці яго калгасу “Першамайскі гарадок”.

Што ж датычыцца вяртання з нябыту слаўнага імя Якава Трафімавіча Ткачонка, то выправіць памылку можна. Па-першае, родным варта звярнуцца ў музей народнай славы імя У.Е.Лабанка з дакументамі, якія пацвярджаюць удзел у Вялікай Айчыннай вайне, і на іх падставе імя героя будзе занесена ў электронную базу даных кнігі “Памяць. Ушацкі раён”. Па-другое, некаторыя з іх ці ўсе можна пакінуць у музеі, такім чынам яны папоўняць экспанаты пра нашых слаўных землякоў і будуць набыткам наступных пакаленняў беларусаў.

І нарэшце, імя гераічнага земляка ўжо ў нятленных крыніцах: усе матэрыялы, надрукаваныя ў газеце “Патрыёт” таксама змяшчаюцца на нашым сайце belpatriot.by, адкрыць і прачытаць іх можна ў любы момант. А таксама пераслаць родным і знаёмым. Так што расказвайце пра сваіх блізкіх, ваяваўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *