Прадпрыемства і прадукцыю філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” у нейкім сэнсе можна лічыць унікальнымі. На сённяшні дзень у Беларусі існуе толькі шэсць заводаў – па адным у кожнай вобласці, якія займаюцца перапрацоўкай адходаў жывёльнага паходжання і вытворчасцю кармавога бялкова-тлушчавага абагачальніка, што выкарыстоўваецца ў якасці дабавак да камбікармоў розных відаў. У нашым жа раёне былы ветсанутыльзавод – адно з нямногіх прамысловых прадпрыемстваў і адзінае буйное на сяле. Аб стабільнасці яго сведчыць хаця б той факт, што ўжо не адзін год запар філіял заносіцца на раённую Дошку гонару.
Без прастояў і выхадных
– З упэўненасцю можна сказаць, што наш філіял з’яўляецца неабходным звяном у агульным вытворчым ланцугу ўсяго таварыства. Гадоў 10-15 таму падобныя дабаўкі для вырабу камбікармоў закупляліся нават за мяжой, трацілася валюта. Асваенне ж выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі дазволіла павысіць эфектыўнасць айчынных прадпрыемстваў, – адзначае дырэктар філіяла Андрэй Генадзьевіч Башун.
Штодня з ажыўленай полацка-мінскай трасы ў бок Старога Сяла заварочваюць грузавыя машыны з сыравінай. Тэхналагічныя адходы ад забою птушкі і свіней з прадпрыемстваў ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і холдынгу “Славянскі Вялес” дастаўляюцца ў спецыяльных кантэйнерах і паступаюць у цэх для перапрацоўкі, дзе ўстаноўлена шэсць магутных спецыяльных катлоў. На выхадзе ж атрымліваецца прадукцыя, якую многія называюць мясакоснай мукой.
Рабочы працэс тут не спыняецца, прадпрыемства працуе кругласутачна і без выхадных. Яно не мае запазычанасці за спажытыя энергарэсурсы, па падатках, зборах і іншых плацяжах у бюджэт.
Наша прадукцыя – якасная!
З пачатку года філіял “Ушацкі” выпусціў ужо больш трох тысяч тон кармавога абагачальніка. Прычым, кожны год аб’ёмы толькі нарошчваюцца. Калі летась у сярэднім выпускалі каля 250 тон у месяц, то сёлета гэтая лічба ў разы вышэйшая, напрыклад, за два апошнія восеньскія месяцы выпушчана 314 і 360 тон адпаведна. Уся прадукцыя накіроўваецца на філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, больш вядомы як камбікормавы завод. У час нашага візіту якраз ішла загрузка чарговай партыі. А перад гэтым яна прайшла папярэдні кантроль якасці ў спецыяльнай лабараторыі, а таксама ветэрынарны з выдачай адпаведнага пасведчання ў райветстанцыі.
– Уся наша прадукцыя якасная, сертыфікаваная і адпавядае дзяржаўным стандартам, – гаворыць лабарант Таццяна Байко, якая і праводзіць адбор проб на кіслотнасць, вільготнасць і іншыя параметры.
Новае абсталяванне
Аналагічныя прадпрыемствы, што дзейнічаюць у краіне, паралельна з кармавым абагачальнікам выпускаюць яшчэ і тэхнічны тлушч. Зусім нядаўна да гэтага ўзроўню “падцягнуўся” і філіял “Ушацкі”. Галаўным прадпрыемствам быў закуплены прэс. Неабходнасць у ім узнікла, калі ў большых аб’ёмах пачалі перапрацоўваць адходы ад забою свіней. Новае абсталяванне дазваляе выпускаць і абагачальнік больш высокай якасці, і тлушч, які таксама дабаўляецца ў кармавыя сумесі, тым самым павышаючы іх энергетычную каштоўнасць. За першы тыдзень работы прэса было выпушчана 15 тон новай для завода прадукцыі. У спецыяльных бочках тлушч таксама накіроўваецца на філіял “Лепельскі”.
– Новае абсталяванне мы асвоілі даволі хутка, яно не надта складанае. Зараз калі і ўзнікаюць якія нюансы ў рабоце, то мы хутка іх выпраўляем, – знаёмячы з новым агрэгатам, зазначае энергетык Канстанцін Бародзіч.
Дрэнных работнікаў не трымаюць
Больш 60 чалавек сёння прымае ўдзел у няпростым ланцугу вытворчасці. На прадпрыемстве ёсць тыя, хто старанна працуе тут не адзін год і памятае яшчэ часы да мадэрнізацыі. Сярод іх, напрыклад, вопытныя вадзіцелі Сяргей Шапо і Уладзімір Байко, аператар Генадзь Хвошч, зваршчык Уладзімір Пугачоў. Імкнецца пераймаць вопыт і моладзь: апаратчыкі Аляксей Марын, Уладзімір Пуцыковіч, Юрый Хвошч.
Трэба сказаць, што парушэнняў працоўнай дысцыпліны і несумленных адносін да справы тут не даруюць. Для гэтага нават устаноўлена сістэма відэаназірання. Большая частка работнікаў – гэта жыхары Старога Сяла і навакольных вёсак, ездзяць сюды на працу нават з Ушач і Лепеля. Людзей прываблівае ў першую чаргу высокая заработная плата: сярэдняя складае больш за 700 рублёў, а аператары маюць магчымасць зарабіць і больш. Надае ўпэўненасці працаўнікам і тое, што філіял развіваецца, мадэрнізуецца, а кіраўніцтва імкнецца палепшыць умовы працы – паступова ідзе рамонт памяшканняў, абсталявання душавых, раздзявалак, пакояў для адпачынку, гэтым летам з’явілася і лазня – пад яе прыстасавалі адно з незанятых памяшканняў. Удзяляюць увагу і добраўпарадкаванню, тэрыторыя каля галоўнага ўваходу з вясны да восені прыцягвае ўвагу разнастайнымі кветкамі. Нядаўна на прадпрыемстве была створана і прафсаюзная пярвічка, якую ўзначаліў Віктар Кажан.
* * *
Калі 11 гадоў таму ветсанутыльзавод аднаўляў сваю дзейнасць – знаходзілася нямала скептыкаў, што сумняваліся ў яго эфектыўнасці. Сёння ж гэта лідзіруючае прадпрыемства, якое не спыняецца на дасягнутым, трымае курс на далейшую мадэрнізацыю і пашырэнне аб’ёмаў вытворчасці.
Вольга КАМАРКОВА.