Мост через реку Ушача в горпосёлке признан аварийным

Общество

У раённым выканаўчым камітэце ў адпаведнасці з заканадаўствам для аператыўнага кіравання ва ўсіх сферах жыццядзейнасці створаны не адзін дзясятак профільных камісій. Пасяджэнні многіх і прынятыя на іх рашэнні вузкія, спецыфічныя і не датычацца вялікай колькасці грамадзян. Але ў прыгаданым выпадку гаворка ідзе аб тым, што закране практычна ўсіх жыхароў раёна – абмежаваннях руху па мосце праз раку Ушача па вуліцы Ленінскай у гарпасёлку і неабходнасці яго рэканструкцыі.

5 снежня на пасяджэнні камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху разглядалася адно пытанне – пра тое, што наш мост па грузападымальнасці, даўгавечнасці і бяспецы руху не адпавядае патрабаванням, якія прад’яўляюцца да такіх збудаванняў на аўтамабільных дарогах агульнага карыстання і магістральных вуліцах населеных пунктаў, да якіх і адносіцца транзітная Ленінская. Гэта было вядома даўно, а абследаванне з удзелам работнікаў спецыялізаванай арганізацыі толькі афіцыйна пацвердзіла – мост аварыйны і патрабуе тэрміновай рэканструкцыі.

Распрацоўкай праекта для яе рэалізацыі ўжо займаецца прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна. А да правядзення будучых работ неабходна прыняць усе магчымыя меры для бяспекі руху праз мост. Дапушчальная поўная маса для транспартных сродкаў будзе абмежавана 5 тонамі, аб чым аўтаўладальнікам паведамяць адпаведныя ўказальнікі, якія хутка ўстановяць. З’явяцца і знакі мінімальнай дыстанцыі паміж машынамі – “15 м” – для змяншэння аднамомантнай статычнай нагрузкі на канструкцыю. Каб выключыць праезд бліжэй 1,5 метра ад агароджы, неабходна арганізаваць аднабаковы рух транспарту па мосце, устанавіўшы знакі прыярытэту. Намеснік старшыні райвыканкама А.В.Галяковіч, які ўзначальвае камісію, адзначыў, што пры пад’ездзе да аб’екта маецца знак абмежавання поўнай вагі аўтамабіля “8 т.”, аднак патрабаванне не выконваецца грузавым аўтатранспартам – фурамі, якія рухаюцца праз гарпасёлак у тым ліку і па мосце, нікога не здзівіш. У сувязі з гэтым аддзяленню ДАІ Ушацкага РАУС даручана ўзмацніць і забяспечыць пастаянны кантроль за захаваннем вадзіцелямі існуючых абмежаванняў і тых, якія з’явяцца. Поўнасцю ўсе змяненні па арганізацыі руху пры пераездзе моста праз р.Ушача па вул.Ленінскай плануецца ўвесці да канца снежня.

Як бачна, нязручнасці не надта закрануць прыватнікаў, бо мала хто мае ўласны аўтамабіль вагой больш 5 тон. Мост не стане пешаходным, але сельгаспрадпрыемствам, лясгасу, будаўнікам, дарожным і камунальным службам, райспажыўтаварыству, на балансе якога зараз шмат аб’ектаў, і іншым арганізацыям, што маюць тэхніку вагой больш 5 тон пры планаванні яе паездак, выдачы пуцявых лістоў трэба будзе ўлічваць, што яе рух праз мост будзе забаронены, а схему аб’езду плануецца арганізаваць праз Ільюшына-Старынку – ДРБУ-105 даручана аператыўна правесці расчыстку і высечку кустоўя на гэтым участку аўтадарогі.

Таксама арганізуецца пастаянны візуальны кантроль за станам моста, крайнія апоры па замацаваных марках будуць правярацца інструментальнымі замерамі штомесячна, а ў перыяд інтэнсіўнага выпадзення ападкаў і расставання снегу – яшчэ часцей. І можа стацца так, што пры выяўленні значных прасяданняў і крэнаў, аб’ект наогул будзе закрыты для руху.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *