Золкімі ранкамі з комінаў над прыватнымі дамамі ўецца дымок – людзі пратопліваюць жытло, каб у ім было цёпла і ўтульна. Пра тое, каб назапасіць дровы, гаспадары дбаюць загадзя, як толькі заканчваецца папярэдні ацяпляльны сезон. Ці справіўся адзін з асноўных у раёне пастаўшчыкоў цвёрдых відаў паліва – Ушацкі філіял “Віцебскпаліўзбыт” – з тым, каб забяспечыць насельніцтва дровамі, торфабрыкетам, мы пацікавіліся ў яго дырэктара Г.Р.Чабатара.
– Нягледзячы на газіфікацыю раёна, мы з поўным напружаннем працуем па забеспячэнні насельніцтва палівам, – кажа Генадзь Рыгоравіч. Усе заяўкі выконваюцца на 100 працэнтаў. За 11 месяцаў бягучага года дровы завезены ў 874 домаўладанні, брыкет – у 378. Даведзены план перавыкананы амаль на 16 працэнтаў.
Канец восені – пачатак зімы – самы пік нарыхтоўкі “гарачага” прадукту. У сярэднім за дзень да спажыўцоў робіцца 6-10 рэйсаў дзвюма адзінкамі тэхнікі. Заяўкі, што прымаюцца асабіста ці па тэлефоне, выконваюцца ў мінімальна кароткі тэрмін. Па ўстаноўленых заканадаўствам нарматывах на дастаўку цвёрдага паліва адводзіцца да 30 працоўных дзён, а на льготных умовах (удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам І і ІІ груп) – 15. На самой жа справе калектыў філіяла завозіць яго максімум за тыдзень. З разуменнем адносяцца і да тых, у каго дроў, брыкету зусім не засталося. Да такіх грамадзян транспарт выязджае ў першую чаргу – у дзень заяўкі ці, у крайнім выпадку, на заўтра.
Што датычыцца кошту, то ён на працягу некалькіх гадоў не мяняўся і застаецца прыкладна на 10-15 працэнтаў таннейшым, чым у прыватнікаў. Так, тона брыкету з пагрузкай абыдзецца спажыўцу ў 24 рублі 10 капеек, кубаметр колатых дроў – 8 рублёў 60 капеек (для льготных катэгорый грамадзян названыя сумы меншыя ўдвая). Аднак варта памятаць, што на адно домаўладанне па фіксаваным кошце раз у год выдзяляецца ці 3,5 тоны торфабрыкету, ці 4,9 кубаметра дроў – адзін варыянт з двух.
Паслуга па дастаўцы паліва платная, яе кошт залежыць ад адлегласці: за 1 кіламетр праходжання загружанай машыны трэба заплаціць 2 рублі 68 капеек, трактара – 3 рублі 57 капеек. Хто хоча зэканоміць, можа забраць дровы і торфабрыкет самавывазам.
– Для таго, каб жыхары раёна зімавалі ў цяпле, з нашага боку робіцца ўсё магчымае! – падводзіць вынік размовы кіраўнік службы Г.Р.Чабатар. – Дровы, у асноўным лісцевых і змешаных парод, пастаўляюцца Ушацкім лясгасам і ААТ “Віцебсклес”, брыкет – Браслаўскім торфабрыкетным заводам. Зрэшты, апошні прадаём “з колаў” – без заезду на філіял, дровы ж заўсёды ёсць на складзе (на сённяшні дзень – каля 600 кубаметраў). Галоўнае, каб спажыўцы самі пра сябе паклапаціліся: дні бягуць імкліва, і хто ведае, якой будзе зіма.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.