Гэта ў казцы “Дванаццаць месяцаў” злая мачаха адправіла падчарыцу пад Новы год шукаць падснежнікі ў лесе. У горадзе ж знайсці іх зімой не праблема, нават калі яны замецены снегам – менавіта так камунальнікі называюць пакінутыя на абочынах дарог і ў дварах аўтамабілі, якія ствараюць праблемы для нармальнай работы службы.
Іржавых безгаспадарчых машын, якія стаяць на грамадскіх тэрыторыях або абочынах гадамі, у гарпасёлку не назіраецца. Але з пачаткам сезона актыўных снегападаў складанасці работнікам УП ЖКГ прыносяць аўтамабілі, пакінутыя на праезнай частцы нават на адну ноч.
– Агібаючы іх, тэхніка адымае ў дарогі, якая і так зімой звужаецца, яшчэ добрых паўметра, ператвараючы вуліцы ў “вузкакалейкі”, – агучвае праблему намеснік дырэктара УП ЖКГ Ушацкага раёна Дзмітрый Сяргеевіч Шасцярэнь. – Таму просім разумення ва ўсіх аўтааматараў – не пакідайце свае транспартныя сродкі ў месцах, дзе яны будуць замінаць рабоце спецтэхнікі.
Трэба адзначыць, што вадзіцелям камунальнай гаспадаркі іншы раз няпроста нават вызначыць габарыты замеценага снегам аўтамабіля, і ён можа быць пашкоджаны. Гэта прымушае дзейнічаць асцярожна, што замаруджвае работы па расчыстцы вуліц і асабліва двароў. Няхай не крыўдуюць аўтаўладальнікі, калі кінуты ля абочыны аўтамабіль акажацца з ўсіх бакоў заблакіраваны снегавымі заваламі. Асабліва гэта датычыцца вадзіцеляў велікагрузных аўтамабіляў, якіх апошнім часам на той жа вуліцы Віцебскай падчас выхадных збіраецца ледзь не пад дзясятак.
Таксама грамадзяне павінны ведаць, што ў абавязкі дворнікаў не ўваходзіць ратаванне аўтамабіляў з “палону”, у якім яны аказваюцца пасля завей на стаянках і паркоўках – чысціць снег ля сваіх аўто людзі павінны самі. Ды і нават калі б работнік камунгаса і праявіў такую ініцыятыву, няма гарантыі, што ён не зачэпіць лапатай дарагую іншамарку і ўладальніку машыны гэта, мякка кажучы, не спадабаецца.
Зараз у нас нярэдкія зімы, калі і да Калядаў практычна няма снегу і марозу, але камунальнікі рыхтуюцца загадзя да самых складаных варыянтаў.
– Распрацаваны графікі расчысткі вуліц, назапашана неабходная колькасць пясчана-солевай сумесі, – расказвае Д.С.Шасцярэнь. – З пачаткам снегападаў і галалёду механізатары і вадзіцелі камунгаса нярэдка працуюць і ў выхадныя, а рабочы дзень пачынаюць з пяці, а то і з трох гадзін. Бывае, у час завеі пакуль трактар з адвалам даедзе да канца вуліцы, то ў яе пачатку ўжо ляжыць пласт свежага снегу. Мы разумеем, што кожнаму жыхару гарпасёлка хочацца пры любых умовах надвор’я перамяшчацца па расчышчаных дарогах, але пры значным снегападзе або галалёдзе немагчыма ў адну гадзіну справіцца з вялікім аб’ёмам работ. Таму і просім садзейнічання ў грамадзян не замінаць і ў без таго няпростай справе.
Дзмітрый Раманоўскі.