Усе ўпэўнены: паралельныя прамыя не перасякаюцца. Матэматыкі ж, абышоўшы законы логікі, даказалі адваротнае – так з’явілася гіпербалічная геаметрыя. Такім жа неверагодным чынам перасякліся ў свой час дарогі Т.В.Крыскевіч і У.С.Клачка. Іх з’ядналі не толькі падобныя жыццёвыя цяжкасці, але і агульныя маральныя каштоўнасці, інтарэсы.
Лёс пастаянна вадзіў ураджэнцаў Арэхаўна і Новага Жыцця побач. Маючы ад нараджэння сур’ёзныя праблемы са зрокам, абое ў 1973 годзе вучыліся ў езярышчынскай спецшколе. Па прычыне рознага ўзросту аднакласнікамі не былі, а сустрэцца па-за ўрокамі не паспелі. Пазней іх шляхі маглі перасекчыся ў Двор Пліне: Тамара Васільеўна працавала ў школе піянерважатай, а Уладзімір Сяргеевіч быў членам мясцовага ансамбля “Ліра”. А яшчэ праз колькі часу, нібыта згаварыўшыся, адначасова паехалі ў інстытут “Мікрахірургія вока” імя акадэміка С.Фёдарава ў Маскве. І зноў у працяглых “вандроўках” па кабінетах для абследавання і лячэння не ўбачылі адзін аднаго… Зрэшты, “убачыць” у прывычным для нас разуменні гэтага слова было няпроста, паколькі зрок у абаіх практычна адсутнічаў.
– Урачы ніколі не давалі аптымістычных прагнозаў, – расказвае Т.В.Крыскевіч. – Тым не менш, панікаваць сабе не дазвалялі. Вядома, былі непрыемныя сітуацыі. Памятаю, як, спускаючыся па лесвіцы, выпадкова зачапіла рукой мужчыну. “Ты што, сляпая?” – абрушыў той на мяне гнеў. Было крыўдна, хацелася плакаць. Аднак што тут зробіш?! Я ж, сапраўды, не бачыла. Цяпер да падобных “заўваг” (на шчасце, чую іх не часта) адношуся спакойна: чалавек да ўсяго прывыкае…
Асабістае жыццё прадстаўнікоў гэтай пары складвалася па-рознаму. Тамара Васільеўна жыла ў родным Арэхаўне, была замужам і выхоўвала дваіх дзетак. Нягледзячы на інваліднасць, а жанчына мела ў розны час ІІ і нават І групу, атрымала вышэйшую адукацыю і на працягу 22 гадоў працавала педагогам-псіхолагам у мясцовым дзіцячым садзе. Уладзімір Сяргеевіч жа доўгі час жыў адзін – як зараз смяецца, надта скрупулёзна выбіраў другую палавінку. Быў электрыкам у розных арганізацыях Ушаччыны, загадчыкам сельскага клуба ў Казімірове.
2003 год (зноў такое супадзенне!) для абаіх стаў пераломным: і жанчыне, і мужчыне па стане здароўя давялося пакінуць працоўныя месцы і абсесціся па дамах. І ўсё ж такая акалічнасць не перашкодзіла ім праз колькі часу ўрэшце сустрэцца. А адбылося гэта 11 гадоў таму менавіта ў Дзень інвалідаў.
– Пачуцці не ўзніклі знянацку, для іх патрабаваўся час, – кажа Тамара Васільеўна. – Адчувала сябе разбітай: муж здрадзіў і пакінуў сям’ю, пасля 12 праведзеных аперацый на вочы мой зрок працягваў падаць, а з-за адслаення сятчаткі некалькі разоў увогуле прападаў. Каб пазбавіцца ад негатыўных думак, прыйшла неяк у вакальны гурт “Дубравушка”, што пры Арэхаўскім СДК. І не прагадала! Сцэнічныя выступленні хутка “паставілі мяне на ногі”.
Суправаджае ж зараз жанчыну на ўсе рэпетыцыі і канцэрты, натхняе і “прадзюсіруе” У.С.Клачок, які і сам у дзяцінстве спяваў у школьным хоры, нярэдка ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці і зараз не ўяўляе свайго жыцця без музыкі. Разам Тамара Васільеўна і Уладзімір Сяргеевіч ужо амаль 10 гадоў. Столькі шчырасці, цеплыні і пазітыву, якія пануюць у іх доме ў Арэхаўне, цяжка дзе можна сустрэць.
– Вось гэту дарожку толькі нядаўна скончыў, – праводзячы невялікую экскурсію па двары, расказаў гаспадар. – У старым будынку лазні зрабіў “мадэрнізацыю” – любой сауне дадзім фору! Для захавання ўраджаю ў зімні перыяд уцяпліў адрыну. Нямала гасцей збіраецца ўлетку ў нашай альтанцы. А для дзяцей найлепшы атракцыён – вялізныя арэлі на ланцугу. Усё тут зроблена рукамі У.С.Клачка, які нягледзячы на дрэнны зрок і інваліднасць ІІ ступені, бярэцца за рубанак ці стамеску. Тамара Васільеўна ж у гэты час гатуе (не памыліцца ў выбары неабходнага слоічка ёй дапамагае памяць), вучыць новыя песні для выступленняў, займаецца кветкамі. Разам пара трымае невялікую падсобную гаспадарку, апрацоўвае агарод.
– Мы не лічым сябе інвалідамі, не чакаем ад акружаючых дапамогі ці асаблівых адносінаў – проста жывём і радуемся кожнаму дню, – сцвярджаюць Тамара Васільеўна і Уладзімір Сяргеевіч. – Перыядычна падлечваемся на дзённым стацыянары, ездзім у санаторыі, наведваем басейн у фізкультурна-аздараўленчым комплексе, а па выхадных чакаем у госці блізкіх. І ўсё абавязкова разам!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.