На могілках у аграгарадку Глыбачка, тых, што клічуць рукшаніцкімі, 27 лістапада побач з помнікам Феліксу Тапчэўскаму адбыўся мітынг. Хто ведае, мабыць менавіта ў гэты дзень наш вядомы паэт-дэмакрат адзначаў дзень свайго нараджэння: дакладна вядомы толькі месяц – апошні восеньскі, на які сёлета прыпадае 180-я гадавіна. У Год малой радзімы землякі ўшанавалі памяць аб ім адкрыццём памятнай інфармацыйнай дошкі.
Пра Ф.Тапчэўскага вядома зусім нямнога. Ці, дакладней, зусім мала ведаем пра яго мы. Некалькі вершаў і фрагменты біяграфіі прапануюць бібліятэкі і інтэрнэт, пошукавы дослед захоўваецца ў Глыбачанскай школе. Але запытайся ў выпадковага ўшачаніна, хто такі Ф.Тапчэўскі і ў які час ён жыў, мабыць наогул не пачуеш адказу. Задача ж сённяшніх пакаленняў захаваць для нашчадкаў тое, што маем, і нават прымножыць. Аб гэтым гаварылі, адкрываючы памятную дошку, намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч і начальнік адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віктар Пятровіч Котаў. Яны ж падзякавалі настаўнікам і вучням Глыбачанскай школы за пастаянны догляд магілы паэта. Дырэктар жа ўстановы адукацыі Зоя Іванаўна Жогаль падчас мітынгу цікава дапоўніла звесткі пра вядомага земляка, агучаныя работнікамі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, якія і рыхтавалі мерапрыемства. Ну а дзякуючы вучням школы ўсе ўдзельнікі мітынгу нават пазнаёміліся з яго творчасцю – дзеці прачыталі верш “Грошы і праца”.
Рукшаніцкія могілкі былі практычна зруйнаваны падчас бамбёжак у Вялікую Айчынную вайну. Поўнасцю пад зямлёй знаходзіўся і помнік Ф.Тапчэўскаму, які адшукаў і ўстанавіў разам з вучнямі тагачасны дырэктар Глыбачанскай школы Іван Васільевіч Законнікаў. Ён жа распачаў і пошукавую дзейнасць пра паэта-земляка. Сёлета старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Віктар Віктаравіч Шаршнёў не толькі выразаў дрэвы на могілках, але і ўстанавіў крыж, ачысціў і зрабіў больш чытальным надпіс на абеліску.
Цяпер жа асноўныя звесткі пра Фелікса Тапчэўскага можна прачытаць на памятнай інфармацыйнай дошцы, якая бачна з дарогі. Ідэя яе адкрыцця з’явілася, калі спецыяльна да Году малой радзімы фарміравалася раённая праграма “Мая радзіма – Ушаччына”. Мемарыяльная дошка Еўдакіі Лось на будынку раённай бібліятэкі і памятная Феліксу Тапчэўскаму – рэальнае ўвасабленне падпраграмы ЦБС “Мае землякі – мой гонар” і ўнёсак бібліятэкараў раёна, за асабістыя сродкі якіх яны і зроблены. Мяркуецца ўстанавіць падобны інфармацыйны стэнд яшчэ на радзіме паэтэсы ў Старыне. А дзякуючы гэтаму памятныя для ўшачан месцы ператвараюцца ў знакавыя турыстычныя аб’екты. Ёсць нагода спыніцца, прачытаць, сфатаграфавацца, а потым і больш даведацца самастойна. А Ушаччына, дзякуй Богу, багата вядомымі землякамі.
Хвэлька з Рукшэніц – гэта самы вядомы псеўданім паэта і лічы другое імя Фелікса Феліксавіча Тапчэўскага, які свае творы таксама падпісваў Янкам.
Калі пачаў рыфмаваць, дакладна невядома, як і месца паміж Сонькіным Рогам і Рукшэніцамі (Рукшаніцамі), дзе і знаходзіўся фальварак Лёсава (у некаторых крыніцах пазначаецца як Будзішча): сядзіба збяднелай шляхты і некалькі сялянскіх хат на 30 дзесяцінах зямлі. Бацька памёр рана і маці Тэкля Паўлаўна адна падымала пяцёра дзяцей (шосты памёр у дзяцінстве). Аднак дала адукацыю як сынам Францу, Феліксу, Мікалаю, так і дочкам Ёгане і Адэлі. Наколькі бедна жыла сям’я, сведчыць тое, што з Тапчэўскіх у Лепельскім павятовым вучылішчы нават не здымалі платы за вучобу.
Пасля яго заканчэння, накінуўшы некалькі год для значнасці, Фелікс уладкаваўся ў канцылярыю Віцебскага земскага суда, а потым валасным пісарам у Уле. Аднак быў звольнены за ўдзел у паўстанчым аддзеле Грабніцкага ў лютым 1864 года, як і яго брат Мікалай, які займаў такую ж пасаду ў Красным. Хаця канкрэтных доказаў таму не было. За вяртанне на пасаду пісара за Тапчэўскага хадайнічалі нават сяляне навакольных вёсак, ды і праваслаўны бацюшка Клемент Акановіч, у якога раней сталаваўся Фелікс, даваў звесткі, што той “не адабраў варварскіх польскіх учынкаў”.
У жніўні справа была спынена. Пэўны час Фелікс Феліксавіч кіраваў гаспадаркай у сваёй стрыечнай сястры бліз Веліжа. Быў жанаты на Кацярыне Аніхімоўскай, якая не падзяляла дэмакратычных поглядаў мужа, меў двух сыноў і дачку Тэклю. У доме была багатая бібліятэка. Паэт любіў музыку, народныя песні, сам іграў на скрыпцы і добра спяваў. У канцы жыцця працаваў кіраўніком спраў у Адэлі Сялявы ў маёнтку Ухвішча, дзе і памёр 17 снежня 1892-га ва ўзросце 54 гадоў. Дачка Тэкля Радзішэўская ўстанавіла бацьку помнік і жыла ў Лёсаве да 1923 года.
Хвэлькай з Рукшэніц ён часцей падпісваў радкі, якія не прызначаліся да выдання. Гумарыстычныя, сатырычныя, яны распаўсюджваліся ў рукапісах. Дзякуючы такой хрэстаматыі нашага земляка Б.Эпімах-Шыпілы захаваліся вершы Ф.Тапчэўскага “Зусім не тое, што было”, “Грошы і праца”, “Ён і яна”, “Вечарынка”, “Панскае ігрышча”, апошні надрукаваны ў 1889 годзе ў “Виленским вестнике”. Некаторыя даследчыкі з-за падобнасці стылю прыпісвалі Тапчэўскаму нават аўтарства “Тараса на Парнасе”, аднак па апошніх звестках вядома, што напісана паэма ў 1855 годзе, калі яму было толькі 17 гадоў.
Родныя Фелікса Тапчэўскага жылі ў Ягадках і Сонькіным Розе яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя.
Вольга Караленка.
Фальваркі Лёсава і Будзішча ёсць шмат на якіх старых мапах. Размяшчаліся яны прыкладна а палове кіламетра на поўнач ад вёскі Паўлоўшчына.