Вуліца Аграрная вёскі Ліпавец вырасла на вачах. Як грыбы пасля дажджу – так жа хутка будаваліся дамы. Падрадчыкі працавалі розныя, а вось заказчык адзін – ААТ “Ушацкі райаграсервіс”. Гэта ён браў пазыку, каб пабудаваць жыллё сваім работнікам, каб набраць новых на комплекс у Завячэллі. І штат апошняга ўжо поўнасцю ўкамплектаваны.
Што і казаць – для любога ўшачаніна атрымаць гатовы дом з усімі выгодамі лічы што ў межах гарпасёлка – стымул і для адказнай працы, і нават для перамены яго месца. Вярнуўся ж у арганізацыю зноў механізатар Пётр Судак, якому таксама выдзелена жыллё.
– Выдавалі яго па мэтазгоднасці для ўкамплектаванасці новай фермы і тым маладым сем’ям, якія стаялі на чарзе, – кажа дырэктар прадпрыемства І.І.Баруноў і называе прозвішчы. – Муж і жонка Седуновы будуць працаваць на ферме, Андрэйчык, Казакевіч, Краўчанка, Первянёнак – наша выдатна працуючая моладзь.
І сапраўды, пра кожнага з хлопцаў мы пісалі неаднойчы. Сёння яны актыўна абжываюць жыллё. У каго дамы здадзены пад ключ – перасяліліся, некаторыя заканчваюць работы. І кааперуюцца, каб дапамагчы адзін аднаму. У дровы, напрыклад, ездзілі не па аднаму, бо пакуль не быў падведзены газ, тапіліся мясцовым відам, ды і ў далейшым змогуць выбіраць. З кожнай трубы марознымі днямі ідзе дымок, а на вокнах з’явіліся навагоднія агеньчыкі.
На гэтай вуліцы пасяліліся калегі па рабоце, якія ўжо становяцца і добрымі суседзямі. А суседзі, як вядома, бліжэй за радню. І калі так хутка засяліліся 10 дамоў у маляўнічым кутку на беразе ракі Ушачы, то на наступныя, якія яшчэ будуюцца, ужо дастаткова прэтэндэнтаў.