Дачка Янулеўскіх з Селішча, Тэрэза Хрыпач выехала ў свой час у Полацк, уладкавалася ў дзіцячым садзе. Ужо тады яна вельмі любіла ўсяляк упрыгожваць памяшканне дзіцячай групы, у якой працавала, а таксама ў двары дашкольнай установы. Адыходзячы на пенсію, Тэрэза Іосіфаўна добра папрацавала над добраўпарадкаваннем, і, перш за ўсё дзякуючы гэтаму дзіцячаму саду была ўручана грамата і карціна як пераможцы гарадскога конкурсу “Мой цудоўны дворык”.
Цяпер яна “чаруе” на падворку бацькоўскай хаты. Расказвае, што раней, калі яшчэ былі маці і тата, яны сварыліся на дачку, навошта зносіць усялякі прыродны матэрыял на падворак, “засмечваць” ля дома. Вось каб яны цяпер вярнуліся і паглядзелі, што тут робіцца. Невядома, ці вельмі ўзрадаваліся б, а ці наадварот жахнуліся, што ўсё не так сёння, як пры іх. А тут жа пасялілася самая сапраўдная казка. Дакладней, вытрымкі адразу з некалькіх. Тэрэза Іосіфаўна ж не дызайнер. Можа і няма асаблівай цэласнасці ва ўсім, але ўсё роўна хараство незвычайнае.
Упрыгожваюць сядзібу елачкі, туя.
Каб дасягнуць хараства ля хаты, патрэбны і сродкі. Адкуль яны, спытала ў гаспадыні.
– Пенсіі атрымліваю 348 тысяч рублёў, – адказвае жанчына з усмешкай. – Сабе бяру 48, астатнія на добраўпарадкаванне.
Пасля таго, як пазнаёміла з сядзібай, гаспадыня папрасіла пачакаць і пайшла за печывам. У гэты час унучка расказала, як тая зберагае свае вырабы: “людзей” у дождж і нанач заносіць у альтанку, іншае – накрывае.
Тэрэза Іосіфаўна ставіць на стол піражок, які спякла па сваім хуткасным рэцэпце, чай. Разам са мной жа прыехала і Таццяна Канстанцінаўна Палячэнка з Угрынак. Яна знаёма з гаспадыняй казачнага царства.
За чаяпіццем Тэрэза Іосіфаўна паступова гумар змяняе на сур’ёзны тон, расказвае, што яе захапленне не дазваляе канцэнтравацца на стратах, якія спасціглі яе. Адно тое, што 19-гадовы брат загінуў у арміі пры зусім неваенных абставінах, не дае спакою сястры два дзесяткі гадоў…
У стваральнай дамашняй працы жанчына бачыць сэнс свайго сённяшняга жыцця. У дачкі ж свая сям’я.
А яна не толькі казку стварае. Вырошчвае агародніну. Ёсць парнік, дзе растуць перцы, памідоры. Маецца і бульба. Пасаджана капуста, цыбуля, буракі, морква. Даюць ураджай клубніцы. Дзікі вінаград абвівае арку, упрыгожвае сцены старэйшай хаты. З рэвеню, які расце тут жа, гаспадыня звычайна закатвае кампот.
Столькі фізічных сіл патрэбна, каб усё гэта рабіць, – гавару Тэрэзе Іосіфаўне. – Вы, напэўна, не такая, як усе.
– Якраз такая: і стамляюся, і праблемы са здароўем ёсць, а я працай лячуся, працай сілы аднаўляю.
Т.Хрыпач і зробленае яе рукамі.