
Як і падчас іншых палявых работ тут наладжана ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва сярод камбайнераў і вадзіцеляў. З вынікамі прайшоўшага дня можна азнаёміцца на спецыяльным стэндзе ў дыспетчарскай. Двухразовае харчаванне пры ўмове адсутнасці парушэнняў працоўнай дысцыпліны бясплатнае.
Не прыпомняць хлебаробы такога спякотнага лета, калі ў пачатку жніўня ўжо думалі пра завяршэнне жніва, а намалочанае зерне было такой нізкай вільготнасці і амаль не патрабавала дасушвання. Тым не менш, частка зерня, а таксама насеннае праходзіць праз зернесушыльны комплекс, прачышчаецца і часткова прасушваецца.
Хоць у гэтым годзе зерне вельмі дробнае і лёгкае, КУСГП “Глыбачаны”, можна сказаць, паспяхова выконвае дзяржзаказ. Ужо перавыкананы план па здачы піваварнага ячменю – з запланаваных 150 тон здадзена 167, які падышоў па ўсіх параметрах. А патрабаванні да яго вельмі высокія, адно з галоўных – утрыманне не больш 12 працэнтаў бялку і жыццяздольнасць. Харчовым было здадзена і жыта. Акрамя гэтага, нягледзячы на анамальныя ўмовы надвор’я, сельгаспрадпрыемства здало 32 тоны крупянога ячменю, які падрыхтаваць не так і лёгка – асноўная маса яго не падыходзіць па колеры і вазе. Спробы некаторых гаспадарак у гэтым накірунку аказаліся няўдалымі, у “Глыбачанах” жа спадзяюцца здаць яшчэ. Усё гэта дазволіць не толькі разлічыцца з даўгамі перад КХП, але і зарабіць грошы.
Няўбранымі пакуль застаюцца 30 працэнтаў глыбачанскіх зямель. Па словах дырэктара Сяргея Іванавіча Кірпічонка, агульны намалот гаспадаркі павінен дасягнуць узроўню мінулага года. Ну а сёлетняе лета сапраўды праэкзаменавала аграрыяў на работу ў такіх складаных трапічных умовах.
На здымках:
камбайнеры А.А.Малахаў, А.П.Літвін; аператар зернесушыльнага комплексу А.І.Вялюга.