На двары апошнія дні адлічвае лістапад, а нецярплівы снежань ужо гатовы даць старт каляндарнай зіме і прыцерушыць нашы шэрыя будні белым сняжком і святочным настроем.
Ну а ва ўшацкіх крамах ды кафэ ўжо ва ўсю пануе навагодні антураж. Скажаце – ранавата? А вось і не: дбайны гаспадар загадзя клапоціцца пра ўсё неабходнае!
– У нашых гандлёвых кропках ужо прадстаўлены шырокі выбар навагодняй прадукцыі, – расказвае загадчык гандлёвага аддзела Ушацкага райспажыўтаварыства Ганна Уладзіміраўна Хамёнак. – Як заўсёды, аддаём перавагу айчынным вытворцам салодкай прадукцыі: яркія падарункавыя наборы заказалі на фабрыках “Камунарка”, “Спартак”, “Чырвоны Мазыранін”, падрыхтавалі і свае, гатовы задаволіць жаданне любога пакупніка, калі ён захоча сфарміраваць падарунак па сваім гусце з наяўных у нашым продажы вырабаў – прычым, як з харчовых, так і з прамысловых.
І ўжо зараз давялося ўбачыць у магазінах людзей, што набываюць навагодні тавар. “Які вялікі выбар! Вось як добра, куплю падаруначкі для ўнукаў, бо яны якраз зараз у мяне, а на свята будуць далёка!” – падзялілася планамі клапатлівая ўшацкая бабуля Аліна Васільеўна, разглядаючы прысмакі ў краме “Родны кут” (на здымку).
А некаторыя нашы землякі ўжо паклапаціліся і пра тое, каб заказаць у кафэ столікі для навагодніх агеньчыкаў. Да слова, работнікі грамадскага харчавання загадзя распрацавалі святочнае меню, каб парадаваць кліентаў незвычайнымі стравамі.
Практычна ўсё гатова для навагодніх паходаў за пакупкамі і на другім паверсе ўнівермага, дзе традыцыйна абсталёўваюцца адмысловыя аддзелы. Штучныя лясныя прыгажуні, гірлянды і цацкі, маскі і дзіцячыя карнавальныя касцюмы, модныя зараз электрычныя пано для сцен і вокнаў і, канечне, каралевы будучага года свінкі, якія акупіравалі асобную вітрыну. Ну а які ж Новы год без цудаў – хаця б маленькіх! Прадавец Аксана Мынчынская (на здымку) націскае на патаемную кнопачку – і сувенірная ёлачка на прылаўку раптам ажывае і пачынае камічна адтанцоўваць пад знакаміты “Джынгл бэлс” – на гэта проста нельга глядзець без усмешкі! І вось яно абуджаецца – прадчуванне любімага свята. Так што не адкладайце навагодні шопінг на апошнія снежаньскія дні!
Наталля БАГДАНОВІЧ.