Ушачский цех безалкогольных напитков вновь стал производить яблочное повидло, в планах — выпуск питьевой бутилированной воды

Общество

Ушацкі цэх безалкагольных напіткаў УП “Віцебская ўніверсальная база”, больш вядомы ўшачанам як агароднінасушыльны завод, у апошні час сканцэнтраваны на вытворчасці, якая адпавядае новай назве – у летнія месяцы тут разлівалі 25-27 тысяч дал мінеральнай вады і газіроўкі. Прадукцыя пастаўлялася па ўсёй Беларусі, а рэнтабельнасць даходзіла да 30 працэнтаў. Зараз жа цёплы сезон скончыўся, адпаведна знізіўся і попыт на напіткі – у кастрычніку, напрыклад, выпушчана каля 10 тысяч дал. Але, узяўшы на ўзбраенне вядомы выраз “новае – добра забытае старое”, у цэху аднавілі выпуск прадукцыі, якой у свае часы і славіўся агароднінасушыльны завод.

10 тон яблычнага павідла ўжо адпраўлена на хлебазаводы і кулінарныя цэхі сістэмы спажывецкай кааперацыі Віцебшчыны. Яшчэ 42 тоны пюрэ, прыгатаванага ў верасні-кастрычніку, чакаюць сваёй чаргі ў сховішчы.

– 10 тысяч дал напіткаў і “мінералкі” – мінімум, калі менш, то вытворчасць стратная, – тлумачыць стратэгію развіцця прадпрыемства яго кіраўнік Уладзімір Мікалаевіч Круглік. – Таму мы падстрахаваліся і, каб менш залежыць ад сезоннасці і аднаго віду прадукцыі, яшчэ летам аднавілі старую лінію па вытворчасці павідла. Справіліся сваімі сіламі, і зараз людзі ў змене занятыя цэлы дзень – з раніцы варым павідла, пасля абеду пераходзім на лінію разліву. Прымалі яблыкі і ад насельніцтва, і каля 20 тон нарыхтавалі самі – былых калгасных садоў хапае. Калектыў у нас невялікі, таму выязджалі ўсе.

Учора раніцай у цэху таксама не было раздзялення працы – з-за няспраўнасці кара загрузкай 600 упаковак мінеральнай вады і напіткаў уручную займаліся і машыніст Віктар Ярмош з наладчыкам Віталем Сабіным, і купажыст Ганна Курбака з аператарам лініі Галінай Хмялеўскай, і нават сам У.М.Круглік. “Хутка справімся, у два рады якраз усё стане!” – прафесійна зазначыў Андрэй Жалейка, які прымаў упакоўкі на борце. І неўзабаве МАЗ, якім кіраваў Васіль Шнітко, адправіўся на Віцебскую ўніверсальную базу.

Самім развозіць прадукцыю ў асноўным даводзіцца па суседніх раёнах і прадпрыемствах спажывецкай кааперацыі нашай вобласці, хаця нярэдкія рэйсы і ў Магілёў, Гомель. Зразумела, што дзеля 50 бутэлек “мінералкі” за межы раёна выязджаць не будуць, а вось 200 кілаграмаў павідла – восем 25-кілаграмовых ёмістасцей для кандытарскага цэха ў Расоны – даставілі на легкавым аўтамабілі. За буйнымі ж партыямі напіткаў, як, напрыклад, для “Белкаапзнешгандлю”, прыязджаюць аўтапаязды з нумарамі ўсіх абласцей краіны. Па словах старшага майстра цэха Таццяны Сямёнаўны Шылёнак, упадабалі сёлета нашу прадукцыю ў Гродзенскай вобласці, ужо традыцыйна немалыя аб’ёмы адпраўляюцца ў Магілёўскую і сталічны рэгіён.

З апошняга, дарэчы, на мінулым тыдні ва Ушачы завіталі не толькі фуры, а і легкавушкі – пераняць вопыт разліву напіткаў ва ўшацкіх калег вырашылі дырэктар Чэрвеньскага вытворча-харчовага завода Васіль Тамашавіч Лагун са сваімі спецыялістамі, прадстаўнікі Белкаапсаюза Мінскай вобласці. Прадпрыемства ў Чэрвені буйное, займаецца ў тым ліку і вырабам віна, але вытворчасць безалкагольных напіткаў у іх раскідана ў розных цэхах, абсталяванне зношанае. Госці, якія думаюць аб мадэрнізацыі, хацелі ацаніць менавіта работу лініі па разліве. І ўбачанае іх задаволіла, ды і смакавыя якасці ўшацкіх газіровак яны ацанілі высока.

– У нас напіткі на цукры, – падзяліўся ўражаннямі В.Т.Лагун. – Вашы, на падсаладжальніках – як мінімум не горш, ды што там – лепш! А яшчэ і танней…

Кааператары з Мінскай вобласці менавіта ва ўшацкім цэху з’явіліся невыпадкова. Гэта ў нейкай ступені візіт у адказ, бо раней на іх заводзе пабываў У.М.Круглік.

– Плануем пашыраць асартымент, асвоіць выпуск бутыліраванай пітной вады, – расказвае аб мэтах той паездкі Уладзімір Мікалаевіч. – У Чэрвені такая вытворчасць наладжана, але нас больш цікавілі не тэхналагічныя працэсы, а ўмовы атрымання сертыфікатаў, патрабаванні да ачысткі, якасці, якія прад’яўляюцца пры выпуску такой прадукцыі.

Як паведаміў кіраўнік, пробы вады ўжо адпраўлены ў Мінск на праходжанне экспертызы. Папярэднія прагнозы абнадзейваюць, і ў нашым цэху ўжо з новага года спадзяюцца разліваць чыстую пітную ваду ў вялікія ёмістасці. Яе рэалізацыя, у адрозненні ад напіткаў, не так залежыць ад сезона, і калі наладзіць збыт, то і ў зімовыя месяцы на прадпрыемстве будзе гарантаваная загрузка магутнасцей, павышэнне заробкаў, якія зараз не вельмі вялікія. А тут яшчэ і “Мінскхлебпрам” зацікавіўся ўшацкім павідлам, і туды адпраўлена пробная партыя. “Павінна спадабацца, вельмі смачнае атрымліваецца, – усміхаецца У.М.Круглік – Ну прама як у рэкламе: “Смак, знаёмы з дзяцінства”. Дома такога не зробіш!”

Зараз у цэху збіраюцца ўдарна папрацаваць… на склад – каб можна было ў снежні спыніць лінію і даць работнікам водпускі, бо летам ім некалі адпачываць. У прыродзе “час вялікай вады” пачынаецца вясной з расставаннем снегу, у нашым жа цэху безалкагольных напіткаў ён да гэтага наступаў дзесьці з чэрвеня. Але, калі ажыццявіцца задуманае, то, як вобразна выразіўся У.М.Круглік, работнікам прадпрыемства “некалі будзе спіны разагнуць”. Зрэшты, яны толькі рады такому графіку, таму застаецца пажадаць, каб час вялікай вады для гэтага дружнага калектыву наступіў сёлета як мага раней. Ды і не заканчваўся.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *