«Бродячая» проблема или Мы в ответе за тех, кого приручили?

Актуально

Невялікае чорнае кацяня сядзела непадалёк ад магазіна, дрыжэла ад холаду і сумнымі вачыма пазірала ў вочы ўсім, хто праходзіў міма… Яго гаспадыня вырашыла змяніць месца жыхарства і, прыхапіўшы з сабой рэчы, накіравалася ў суседні горад. Толькі вось сярод усяго нажытага і каштоўнага месца маленькаму Барсіку не знайшлося… Так дамашні гадаванец пераўтварыўся ў бадзяжную, нікому непатрэбную жывёліну.

Завёў – даглядай

Падобных гісторый насамрэч тысячы, калі каты ці сабакі па прычынах “псуе мэблю”, “яму патрэбна шмат ежы”, “не гаўкае”, “мяўкае”, “не ловіць мышэй”, “давіць курэй” выкідваюцца на вуліцу, дзе размнажаюцца ў геаметрычнай прагрэсіі. Ёсць і яшчэ адна крыніца папаўнення арміі бадзяжных жывёл: дамашні гадаванец дае прыплод, а людзі “лішнія экзэмпляры” проста выкідваюць куды ўздумаецца. “Хопіць мне і двух катоў, а гэтых маленькіх, калі адкрыюць вочы, занясу на бліжэйшую жывёлагадоўчую ферму, там не прападуць – глядзіш малака ім перападзе, а калі падрастуць – мышэй будуць лавіць!” – казаў адзін знаёмы мне чалавек і ніяк не пагаджаўся, што робіць няправільна. На жаль, сёння так разважаюць далёка не адзінкі.

Нядаўна ў рэдакцыю завіталі ўзрушаныя індывідуальныя прадпрымальнікі з рынка, якіх вельмі хваляваў той факт, што райспажыўтаварыства выдала ім прадпісанне, у якім забараняецца падкормліваць бадзяжных жывёл і абсталёўваць для іх тапчаны: “Як так? Адносіцца да жывёлы па-варварску мы не можам! Ды і якія яны бадзяжныя, калі мы іх даглядаем, кормім, лечым і прыстройваем у добрыя рукі? Пагадзіцца з такім немагчыма!” Гэтыя нераўнадушныя людзі, якія ледзь не са слязьмі на вачах апісваюць сітуацыю, канечне, маюць рацыю. Аднак, трэба зразумець і супрацьлеглы бок – наяўнасць на рынку бадзяжных жывёл не толькі не падабаецца пэўнай катэгорыі пакупнікоў, а і з’яўляецца парушэннем санітарных норм і правілаў. Вінаваты ж у сітуацыі тыя, хто разважае як прыгаданы вышэй грамадзянін. Атрымліваецца замкнёнае кола, з якога цяжка знайсці выйсце.

І калі каты ўяўляюць невялікую небяспеку для людзей, то сабакі – рэальную пагрозу.

Спагада  супраць чэрствасці

У любой з сацыяльных сетак лёгка знайсці ў шматлікіх групах мноства запісаў з фота кшталту “кацяня шукае новых гаспадароў” ці “аддадзім у добрыя рукі”. Такім чынам нераўнадушныя ўшачане спрабуюць знайсці дом для нічыйных жывёл. “Ідучы дадому з дачкой, убачылі на дарозе кацяня з акрываўленай галавой і не змаглі прайсці міма – забралі, вылечылі, а пазней і прыстроілі Тайсана ў добрую сям’ю. А дапамагчы бадзяжнаму сабаку па мянушцы Сара мы імкнуліся цэлай кампаніяй: выратавалі ад смерці, кармілі, у складчыну стэрылізавалі, а потым доўга шукалі, каму б яна магла стаць верным сябрам. Праз інтэрнэт усё ж знайшлі гаспадароў у суседнім Полацкім раёне. Зараз перыядычна атрымліваю адтуль фотапрывітанні і радуюся, што ўсе намаганні былі недарэмнымі”, – расказвае ўшачанка Святлана Бугай. Толькі сёлета дзякуючы ёй у добрыя рукі трапілі трое бадзяжных сабак і пяцёра катоў. Зрэшты, гадаванец у яе сям’і з’явіўся практычна такім жа чынам: хтосьці выкінуў у лес пакет з кацянятамі, адзін з якіх выжыў.

У маладой ушачанкі нямала аднадумцаў, якія выхаджваюць выкінутых на сметнік у каробцы нованароджаных кацянят, не праходзяць міма параненай ці галоднай жывёлы. А ўвесь мікрараён на Віцебскай добра ведае рыжага сабаку Дружка, якога лічаць сваім у двары дома нумар 6. Жыхары яго даглядаюць, змайстравалі будку, набылі ашыйнік і ўжо практычна ніхто не лічыць яго бадзяжным.

Як вырашыць праблему?

Задасце вы поўнасцю лагічнае пытанне. Дзяржаўных прытулкаў для жывёл у Беларусі няма. Маюцца пункты часовага ўтрымання, імі займаецца жыллёва -камунальная гаспадарка, рэгламент – 5 дзён пасля адлову, а потым жывёл усыпляюць. У некаторых гарадах ёсць прыватныя прытулкі, якія існуюць выключна на сродкі валанцёраў, добраахвотных ахвяраванняў, спонсараў. Напрыклад, віцебскі, які разлічаны на 400 месцаў і часткова датуецца з бюджэту, зараз перапоўнены і просіць дапамогі ў грамадзян, бо каты і сабакі могуць не перажыць першыя халады. Наваполацкае аб’яднанне “Шанс” імкнецца зменшыць колькасць бадзяжных жывёл шляхам пошуку новых гаспадароў і стэрылізацыі.

Аднак поўнасцю сітуацыю можна палепшыць, толькі калі людзі зменяць свае погляды. Куды больш гуманна адзін раз выдаткаваць грошы і стэрылізаваць кошку, чым кожныя некалькі месяцаў падкідваць прыплод на фермы, рынкі ці ў смеццевыя бакі. Не варта адмаўляцца і ад кастрацыі катоў – гэта таксама варыянт для змяншэння папуляцыі. Прычым, вопытныя ветэрынары завяраюць, што ні адна, ні другая працэдура не ўплываюць дрэнным чынам на жывёл, у прыватнасці, – мышэй яны ловяць. Але і тут ёсць адзін нюанс: калі працэдуру кастрацыі ва Ушачах робяць, то стэрылізацыі – пакуль не, у адрозненні ад шматлікіх прыватных ветклінік у тым жа Полацку.

А як за мяжой?

У Італіі за выкінутага на вуліцу гадаванца “свеціць” штраф 10 тысяч еўра, умоўнае пакаранне або зняволенне на год! У Турцыі на гарадскіх вуліцах устаноўлены кармушкі, а гарадскія паркі часта аказваюцца кацінай тэрыторыяй з дамамі для жывёл. Абсталяваннем такіх лакацый займаюцца мясцовыя мэрыі, а за здароўем чатырохногіх сяброў сочаць ветэрынары. А таго, які спадабаўся, можна прыхапіць дадому. У некаторых краінах Еўропы дзейнічае прэвентыўны метад – падатак на ўтрыманне гадаванца. Перш чым завесці яго, будучы гаспадар павінен пацвердзіць сур’ёзнасць сваіх намераў. У Швецыі, Нарвегіі гэтая сума залежыць ад памеру сабакі. У Германіі – 150 еўра за першага і 300 – за другога (у Кітаі, напрыклад, дазволена мець толькі аднаго), а за байцовага – 650. Выплата падатку мае на ўвазе яшчэ і рэгістрацыю: гадаванцу прысвоіцца нумар, які ўладальнік выгравіруе на ашыйніку або татуіроўкай змесціць на вуха. Каб узяць у прытулку сабаку ў Канадзе, неабходна займаць чаргу мінімум тры тыдні, а затым прайсці строгі адбор. Нідэрланды лічацца адзінай у свеце краінай, дзе няма бадзяжных жывёл. Калі звесці сакрэт поспеху да некалькіх тэзісаў, ён аб’ядноўвае лепшае з міжнароднай практыкі: і прававы статус жывёл (у тым ліку пакаранне за жорсткае абыходжанне з імі), і падаткі на ўтрыманне, і масавая стэрылізацыя ў абавязковым парадку: каб прапанова не перавышала попыт.

Магчыма, і нам варта было б пераняць штосьці з замежнага вопыту, каб зменшыць колькасць нічыйных жывёл і спыніць іх імклівае распаўсюджанне.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *