Падарунак у юбілей
У лістападзе адзначыла 80-гадовы юбілей старэйшына вёскі Рог Надзея Архіпаўна Первянёнак. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, жанчына па-ранейшаму падтрымлівае парадак на сваёй сядзібе на беразе возера. Невыпадкова яе дом на раённым конкурсе па добраўпарадкаванні прызнаны лепшым ветэранскім падворкам Вяркудскага сельсавета.
Прырастае Гарадзец
Зусім мала свабодных участкаў застаецца ў маляўнічай вёсцы Гарадзец Жарскага сельсавета. Яе старэйшына Валянціна Пятроўна Валяйцёнак з задавальненнем паведаміла, што вёска папоўнілася яшчэ пяццю новымі дамамі. Акрамя двух дачнікаў, на пастаяннае месца жыхарства збіраюцца перабрацца тры пенсіянеры, два з іх – з Санкт-Пецярбурга. Усяго за два гады практычна самастойна пабудаваў дом і васьмідзесяцігадовы Віталь Адамавіч Статкевіч. Пастаянна пражывае ў вёсцы і маладая мнагадзетная сям’я Нічыпараў.
Інтарэсы супалі
Вялікія старыя дрэвы на адной з вуліц Судзілавіч Кубліцкага сельсавета непакоілі мясцовых жыхароў тым, што пагражалі падзеннем у моцныя вятры і прываблівалі шкодных насякомых. Небяспечнымі для праходзячай непадалёк лініі электраперадач палічылі іх і спецыялісты Ушацкага раёна электрасетак. Такім чынам, інтарэсы прадпрыемства і мясцовай улады, да якой паступіў зварот ад вяскоўцаў, супалі, дзякуючы чаму праблема была вырашана хутка і прафесійна. “Цяпер і на душы спакойна, і ля хаты пасвятлела!” – выказвае словы падзякі ўсім, хто быў задзейнічаны ў гэтай годнай справе, мясцовая жыхарка Валянціна Аляксееўна Пугачова.
Адноўленым калодзежам
карыстаюцца жахары Папоўкі. Старшыня Ушацкага сельвыканкама Міхаіл Пятровіч Хоміч выдзеліў вяскоўцам грошы на пакупку дошак, ну а крышку на калодзеж зрабілі старэйшына Фёдар Фёдаравіч Кавалёў і Юрый Іванавіч Спарэвіч. Яна была там даўней, але драўніна састарэла і ўжо не абараняла ад траплення смецця. Чыстай жа і смачнай вадой з гэтай студні карыстаецца практычна ўся вёска.
Трымае слова
старэйшына вёскі Рыбакі Пётр Сцяпанавіч Машчонак. Пасля таго як пад яго кіраўніцтвам вясковыя мужчыны прарэдзілі ўдоўж дарогі кустоўе, устанавілі новую паштовую скрыню, праведзены і чарговы суботнік, падчас якога ліквідавалі і старую будку, што апошнім часам ператварылася ў месца складзіравання адходаў. Цяпер цэнтр вёскі на скрыжаванні дзвюх дарог стаў светлым і чыстым.
Па просьбе жыхароў
Вёска Ціханяты – працяглая. На тым яе ўчастку, што ўздоўж возера, не было асвятлення. Нядаўна па заяўцы старшыні Сарочынскага сельвыканкама Людмілы Яўгенаўны Птушка работнікі раёна электрычных сетак устанавілі там новы святлодыёдны ліхтар – не толькі больш эканомны, але і з гарантыяй на тры гады.
На пастаянным кантролі
ў старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў знаходзіцца знос старых нежылых будынкаў. Праводзяць тлумачальную работу са спадчыннікамі, дзякуючы чаму, напрыклад, толькі фундамент застаўся ад трухлявай будыніны ў вёсцы Залужэнне Вяркудскага сельсавета. Знос яшчэ аднаго такога дома з гаспадарчымі пабудовамі, дзе наогул не было спадчыннікаў, старшыня сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак арганізавала за выдзеленыя на гэтыя мэты бюджэтныя сродкі. Работы выканала прыватнае прадпрыемства “НікСілБуд”