Ушачские спасатели в роли артистов

Cлужба-101

Нядаўна ў Наваполацку прайшоў абласны этап рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці сярод работнікаў падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Кожная каманда, у тым ліку і ўшацкія выратавальнікі, да мерапрыемства рыхтавала невялікі канцэртны блок.

– Супрацоўнікі МНС у большасці сваёй людзі спартыўныя, не звязаныя з творчасцю, але ў нас ёсць таленты! Напрыклад, Алег Крыскевіч іграе на гітары, а Андрэй Правада валодае аратарскімі здольнасцямі. Па ўмовах конкурсу ў склад каманды можна прыцягнуць членаў сямей выратавальнікаў і нават аднаго спецыяліста – нам дапамагала работнік культуры Таццяна Нарывончык, – расказвае Арцём Бірукоў, які стаў капітанам каманды.

І калі яму ўжо даўно не ў навінку выступаць на сцэне, то А.Правада перад выхадам прыкметна хваляваўся, аднак з роляй вядучага і дэкламацыяй вершаў справіўся выдатна. Па ўмовах агляду ў рэпертуары каманд абавязкова прысутнічала песня аб гераізме прафесіі выратавальніка – пад гітару яе выканаў А.Крыскевіч. А вось эстрадную кампазіцыю наша каманда вырашыла “закрыць” вядомым хітом Ірыны Круг “Тебе, моя последняя любовь”, якую выканала Т.Нарывончык. Зрэшты, стаўку на папулярнасць рабілі, выбіраючы і беларускую песню: “Полька беларуская” ў інтэрпрэтацыі А.Бірукова не пакінула раўнадушнымі членаў журы і ў гэтай намінацыі ён стаў абсалютным пераможцам! У агульным заліку нашай камандзе на гэты раз не ўдалося ўзняцца на п’едэстал, а вось Арцём працягвае ўдзел у конкурсе, ён, як і летась, уключаны ў каманду Віцебскай вобласці для выступлення на рэспубліканскім этапе. Дарэчы, яго мінулагодні дэбют на фестывалі быў даволі паспяховым: выратавальнікі Прыдзвіння аказаліся самымі творчымі, а віншаванні і ўзнагароды за сваё выступленне А.Бірукоў прымаў ад міністра па надзвычайных сітуацыях. Да таго ж, дыспетчар Ушацкага РАНС уваходзіць у склад вакальнага калектыву абласнога ўпраўлення МНС. Ну а пакуль хлопец рыхтуецца да фестывалю.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *