В Ушачах чествовали победителей районного конкурса по благоустройству

Благоустройство

“Даўно такога не бачыў, у нас у Расіі падобных мерапрыемстваў не праводзяць. Не проста спадабалася – я ўражаны”, – ледзь не са слязамі на вачах гаварыў у канцы свята Валерый Іванавіч Сінько. Пыталася аб уражаннях менавіта ў гэтай сям’і з Санкт-Пецярбурга, якая не адзін год пастаянна жыве ў Вялікіх Дольцах, бо ведала, што яны ўпершыню трапілі ў намінацыю “Лепшы ветэранскі падворак”, як і ўвогуле ўпершыню на раённае свята. А вось Ганна Віктараўна Качан, як і многія іншыя жыхары гарпасёлка, прыходзіць пастаянна. Каб пабачыць знаёмых, парадавацца за годных гаспадароў, паглядзець канцэрт. Мерапрыемствы ўшанавання пераможцаў агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння па-сапраўднаму сталі народнымі.
Супрацоўнікі газеты ж у сваю чаргу не перастаюць здзіўляцца фантазіі, працавітасці, можна нават сказаць мэтанакіраванасці, з якой нашы землякі шчыруюць на сваіх участках і робяць Ушаччыну ўсё прывабней.

“Я супраць мудрагелістасці, у нас ля дома па Сонечнай у Вяркудах усё стрымана. Сорак туй сёлета пасадзілі – жывая агароджа з цягам часу будзе, дарожку праклалі”, – дзяліліся планамі Анатоль Васільевіч і Алена Міхайлаўна Лунёнкі з Вяркуд. Дом некалі вадзіцелю і настаўніцы выдзеліў калгас “Савецкая Беларусь”. І да таго, як прыватызавалі, парадак падтрымлівалі, гаспадарчыя пабудовы ўзводзілі. А вось плантацыю хвойнікаў наўрад ці б набылі самі, вельмі дорага. Ды пашчасціла, брат Алены Міхайлаўны захапляецца развядзеннем, у яго атрымліваецца, так што нават з суседзямі падзяліліся саджанцамі”.

І калі гэта сям’я толькі марыць пра металічную агароджу, то пераможца рэдакцыйнага конкурсу “Адрасы прыгажосці на карце Ушаччыны” Сяргей Сямёнавіч Міхейка з Наваселля за некалькі месяцаў пасля нашага візіту паспеў яе ўстанавіць. Сродкі адкладваў з зімы: што з пенсіі, што з продажу мядку, паколькі даглядае ажно 20 сямей пчол. Аднак напэўна, яшчэ б збіраў сродкі, каб не залатыя рукі сына, які і “эйфелевую вежу” ўстанавіў, і штыкетнік сам зрабіў, куплялі толькі метал. А вось здзівіў мяне Міхейка-старэйшы тым, што менавіта ён даглядае за ружамі: “На Валянціне Васільеўне ўсе іншыя кветкі, ну а пляцістыя і паўпляцістыя ружы, з якіх зроблена арка, – на мне. Абразаю, звязваю, падкладаю лапкі, укрываю руберойдам”.

“А калі гэта вы паспелі наш дом сфатаграфаваць, чаму не зайшліся”, – пыталіся Мікалай Пятровіч і Ганна Сяргееўна Храмёнкі з Ціханят, якія ўбачылі сваю сядзібу на старонках газеты. Тлумачым, што вылучэннем намінантаў па сельскай мясцовасці займаліся старшыні сельвыканкамаў, прычым амаль у кожнай намінацыі падавалі па некалькі прэтэндэнтаў. А потым члены камісіі адкрытым галасаваннем вызначалі пераможцу. Часта толькі з перавагай у адзін голас праходзіць намінант, а нярэдка і ўвогуле меркаванне членаў журы падзяляецца пароўну. Тады ўлічваецца найбольшы сёлетні ўклад у добраўпарадкаванне і многія іншыя акалічнасці.
Таму і прасіў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка пры ўзнагароджанні пераможцаў не судзіць журы строга. “Нам складана было падвесці вынікі, вельмі многа дастойных прэтэндэнтаў. Магчыма, нехта з вас скажа, што ведае больш прывабныя дамы, і будзе правы. Мы імкнуліся не паўтарацца, заахвоціць новых ушачан, тых, хто многа зрабіў асабліва сёлета. Безумоўна, сярод прадпрыемстваў пастаянны флагман па ўтрыманні сваёй тэрыторыі раён газазабеспячэння, пакуль ніхто іх не дагнаў, але аддалі перамогу раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях, бо яго супрацоўнікі вельмі многа папрацавалі самі пры ўзвядзенні новага будынка і добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол яго”, – тлумачыў пазіцыю камісіі Уладзімір Генадзьевіч. А ў сваёй справаздачы старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч падкрэсліла, што навядзенне парадку стала адметнай рысай Беларусі. Што яму ўдзяляецца вялікая ўвага і з боку ўлады, і простымі жыхарамі. А прапаганда лепшага вопыту робіць сваю справу – дагледжаных сядзіб становіцца ўсё больш.

Пераканалася ў гэтым, дарэчы, і рэдакцыя. Летам мы пісалі пра сям’ю Баграцоў з Селішча, а праз непрацяглы час убачылі такія ж расфарбаваныя камяні на тэрыторыі Глыбачанскага лясніцтва. Ідэю пераняла майстар Наталля Шарамет, а ўстанова была прызнана лепшым аб’ектам аграгарадка. Дарэчы, на сцэну ў гэты дзень падымаўся не толькі ляснічы Артур Пятровіч Арцюх, а і яго калега Андрэй Сяргеевіч Падвойскі з Ушацкага лясніцтва, якое прызнана лепшым прадпрыемствам лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі, а таксама дырэктар лясгаса Уладзіслаў Уладзіміравіч Цвірко, які як і начальнікі аддзела па адукацыі Наталля Васільеўна Стрыжонак і раёна газазабеспячэння Яўген Мікалаевіч Шчасны атрымалі Падзякі старшыні райвыканкама за значны ўклад у навядзенне парадку на зямлі і выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў.

Не будзем зноў пералічаць усіх пераможцаў – з іх імёнамі вы азнаёміліся напярэдадні свята. Ну а вось яшчэ некалькі прыкладаў прывядзём. Лепшым населеным пунктам прызнана Крывушчана Дубраўскага сельсавета. Упершыню, хоць вёска вылучалася на працягу апошніх некалькіх гадоў. Але ў гэтай намінацыі, як і сярод прыватных сядзіб – вельмі моцная канкурэнцыя. Складана было падняцца на сцэну Клаўдзіі Сцяпанаўне Жаваранак з Лажаняў: у сталых гадах былая даярка, аднак да гэтага часу вельмі любіць кветкі. Некалі дом патанаў у яе любімых вяргінях, і зараз якіх толькі няма. Дачка Тамара працуе кветкаводам у Санкт-Пецярбургу, шмат чаго прывозіць. Дапамагаюць наводзіць прыгажосць і ўсе астатнія дзеці, асабліва сын і нявестка Таццяна. Вельмі прыемна, што заахвочана сёлета менавіта гэта сям’я, якая падтрымлівае парадак не толькі вакол сваёй сядзібы, але і на брацкім пахаванні безыменных партызан. Няма на магіле абеліска, а вось кветкі ляжаць заўсёды. Дзякуючы Клаўдзіі Сцяпанаўне і правільнаму выхаванню яе дзяцей.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *