У Беларусі прыдумалі новы спосаб падтрымкі хворых: усім жадаючым прапаноўваецца збіраць у адмысловыя кантэйнеры звычайныя пластыкавыя накрыўкі – ад бутэлек з-пад ліманада, малака, расліннага алею. Яны будуць здадзены на перапрацоўку, а выручаныя за гэта грошы пойдуць на лячэнне землякоў з цяжкімі захворваннямі.
Да праекта “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”, які стартаваў летась, у Беларусі далучыліся ўжо больш за 100 школ, прадпрыемстваў у 50 гарадах і пасёлках. У іх ліку днямі аказалася і Ушаччына: пункт збору накрывак арганізаваны на базе райкама БРСМ (будынак РКБА, 3 паверх). Актывісты грамадскага аб’яднання запрашаюць усіх жадаючых прыняць удзел у годнай справе, а кіраўнікоў устаноў адукацыі, арганізацый і прадпрыемстваў раёна – разгледзець магчымасць абсталявання падобных пунктаў збору на сваёй тэрыторыі – спецыяльныя наклейкі і скрыні на гэтыя мэты гатовы выдзеліць раённы камітэт БРСМ. Удакладніць усе нюансы ўдзелу ў адзначаным праекце можна па нумары 5-77-84.