Хроника проишествий в Ушачском районе

Закон - один для всех

Вось дык дапамог!

Добрую справу планаваў зрабіць жыхар вёскі Градзянец 1990 года нараджэння, калі пасля сумеснай п’янкі павёз свайго “занямоглага” таварыша на яго аўтамабілі дамоў ва Ушачы. Зрэшты, вадзіцельскіх правоў за нядаўнюю нецвярозую язду мужчына быў пазбаўлены. Не пашанцавала яму і на гэты раз: “дабрачынны экіпаж” зноў спынілі супрацоўнікі ДАІ. У адносінах грамадзяніна ўзбуджана крымінальная справа за паўторнае на працягу года кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.

Дадатковыя непрыемнасці чакалі “валанцёра” пазней. Калі яго сабутэльнік праспаўся і ўсвядоміў магчымыя наступствы здарэння (за перадачу свайго “Фольксвагена” нецвярозай асобе яму таксама пагражала адказнасць з канфіскацыяй аўто), ён напісаў у міліцыі заяву аб угоне. Цяпер “добраму” вадзіцелю давядзецца адказаць перад законам яшчэ і за гэта.

У паход па метал

часам выходзяць асобныя жыхары Ушацкага раёна. “Рэвізіруюць” найперш нежылыя дамы, дзе спадчыннікі з’яўляюцца рэдка. Вось і ў перыяд з ліпеня па кастрычнік бягучага года, сарваўшы дзвярны прабой, “металіст” наведаў дачны дом ушачанкі ў Ціханятах, адкуль вынес канфоркі ад газавай пліты, рухавікі ад маразільнай камеры, пральнай машыны, іншыя рэчы. Вось толькі парадавацца здабычы жыхар вёскі Ваўчо 1994 года нараджэння не паспеў – ужо на наступны дзень яго “промысел” раскрылі праваахоўнікі.

* * *

Падобнае злачынства адбылося днямі і ў Глыбачцы Ушацкага сельсавета. З дачнага дома жыхара Наваполацка нячыстыя на руку ўшачане 1985 і 1991 гадоў нараджэння выкралі металічную печ. У адносінах іх узбуджаны крымінальныя справы. У біяграфіі старэйшага, дарэчы, не першая.

Не па-суседску

Раней не судзімы мужчына 1986 года нараджэння напрыканцы лета выкраў з гаража аднавяскоўкі ў Ліпаўцы два алюмініевыя бітоны і дзякуючы нядрэнным прадпрымальніцкім здольнасцям і нізкаму кошту прапанаванага тавару – усяго 52 рублі – з лёгкасцю збыў ёмістасці знаёмаму. Аднак вынік “аперацыі” яго не парадаваў: у адносінах выкрадальніка ўзбуджана крымінальная справа, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

“Поўны камплект”

У поле зроку праваахоўнікаў жыхар вёскі Крошына 1975 года нараджэння ўжо трапляў па “наркатычным” артыкуле. Але ж, як аказалася, гэта была толькі вяршыня айсберга. Нядаўна па месцы жыхарства мужчыны выяўлены выбуховыя рэчывы і часткі агнястрэльнай зброі. Адкуль узяўся такі небяспечны арсенал і на якія мэты планавалася яго выкарыстаць, грамадзянін патлумачыць не змог. Але ж за незаконнае захоўванне названых рэчаў перад законам адказаць усё ж давядзецца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *