У вясковым жыцці праблем заўсёды нямала. Вада, дровы, асвятленне, дарогі, баршчэўнік – з гэтымі і іншымі пытаннямі звяртаюцца людзі да старшыні Кубліцкага сельвыканкама Марыі Васільеўны Ярмош. Ніводны зварот не застаецца без увагі, вось толькі ўхіліць праблему ўдаецца не заўсёды – не дазваляюць фінансавыя магчымасці, адсутнасць рабочых рук, паўнамоцтваў. Але ж калі ініцыятыву кіраўніка мясцовай улады падтрымліваюць самі жыхары – справа ідзе ўгару!
Менавіта такое “супрацоўніцтва” прынесла плён у вёсцы Судзілавічы, дзе гэтай восенню з’явіўся прыгожы грамадскі калодзеж. Дакладней сказаць, яго аднавілі, бо збудаванне існавала і раней, толькі было закінутае і бруднае. У вёсцы ж, асабліва спякотным летам, з вадой паўстаюць праблемы – даводзіцца нават падвозіць яе ў цыстэрне.
– Пачысціць стары калодзеж дапамаглі супрацоўнікі Вялікадолецкага паста райаддзела па надзвычайных сітуацыях, але справа ўпіралася ў аднаўленне згніўшага зруба, – расказвала М.Ярмош, пакуль мы ехалі ў Судзілавічы. – І тады вяскоўцы параілі звярнуцца да мясцовага жыхара Мікалая Леанідавіча Самсонава: маўляў, у хлопца залатыя рукі і спагадлівы характар – нікому ў дапамозе не адказвае. Угаворваць яго не прыйшлося: “Канечне, зраблю, гэта ж годная справа, карысная для ўсіх. Вы заўсёды звяртайцеся, калі штосьці патрэбна!”. Матэрыял для зрубу выдзеліў Ушацкі лясгас – падшэфная арганізацыя, за якой замацавана вёска. Трэба адзначыць, што да яе дырэктара Уладзіслава Уладзіміравіча Цвірко звярталася за дапамогай неаднойчы, і кожны раз знаходзіла разуменне і падтрымку. Такім чынам, хутка над кольцамі калодзежа ўзнік новы дах, з’явіліся лавачкі, Мікалай Самсонаў таксама высек хмызняк і абрэзаў сукі дрэў, з-за якіх да яго практычна не было падыходу. Засталося толькі пафарбаваць – вось якраз завязём зараз у Судзілавічы бляшанку фарбы.
Мікалая, праўда, дома не аказалася – як патлумачыла маці, паехаў у суседнюю вёску дапамагчы людзям біць кабана.
– Дык давайце я калодзеж пафарбую! Нездарма ж маляром столькі год адпрацавала! – захацела ўнесці сваю лепту ў грамадскую справу жыхарка вёскі Алена Міхайлаўна Лаўрыненка, якую мы сустрэлі з вядром ля новага калодзежа. – Малайчына наш Коля, усё добра зладзіў, якасна. Варта было б яшчэ вакол цэментам падмазаць, гэта я таксама магу зрабіць. Мне ж цяпер так зручна, блізенька ваду насіць, амаль насупраць дома, не трэба ў суседзяў з прыватнага калодзежа прасіць. Дзякуй вялікі, што дапамаглі праблему вырашыць!
Словы ўдзячнасці пачулі мы і на другім канцы вёскі, дзе жыве Валянціна Аляксееўна Пугачова. Яе праблема была звязана з вялікім старым дрэвам, што расце непадалёк ад сядзібы. Летам яго аблюбавала сямейства шэршняў, абсталяваўшы ў дупле ствала гняздо. “А да мяне ж унукі на канікулы прыехалі, так непакоілася за іх!” – расказвала пажылая вяскоўка. Яе дачка агучыла праблему начальніку райаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргею Яўгенавічу Аваднёву – і гняздо было знішчана. “Але ж дрэва, канечне, трэба спілаваць, бо яно небяспечнае, – канстатавала старшыня сельвыканкама, ацэньваючы сітуацыю на месцы. – Падумаю, як лепш можна Вам дапамагчы…”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.