“Вы сфатаграфуйце зараз, каб параўнаць, што тут будзе праз тыдзень-другі, потым заедзеце, пабачыце”, – старэйшына вёскі Рыбакі Пётр Сцяпанавіч Машчонак з задавальненнем паказваў свае ўладанні. Не ўсю вёску на некалькі працяглых вуліц, а пераважна Азёрную і цэнтр, дзе і адбыліся значныя перамены. Такія, што вадзіцелі абслугоўваючых прадпрыемстваў зараз могуць падумаць, што трапілі не туды. Справа ў тым, што агляду дарогі заміналі галіны векавых дрэў і шматлікія парасткі кустоў пры ўездзе. Апошнія, не чакаючы прыезду дарожнікаў, ліквідаваў мясцовы жыхар Вячаслаў Васільевіч Барысенка. І насупраць свайго дома па Азёрнай абрэзаў галіны, як і іншыя жыхары вуліцы. “Бывала, машына на мой агарод заязджала, разварочвалася, галіны на кабіну лажыліся і яны ехаць далей не маглі. Зараз вунь як пасвятлела”, – расказвае Віктар Пятровіч Мялешка, які шчыраваў тут не адзін дзень.
І сапраўды, з-за рэшткаў жоўтай лістоты былой панскай алеі зараз праглядаецца не толькі маляўнічае Селішчанскае возера, а нават і касцёл. А вельмі прыгожая вуліца прырастае новымі дамамі, аб чым сведчыў закладзены грунтоўны падмурак.
Пасля ж таго, як старэйшына вёскі выразаў стары асіннік на скрыжаванні дарог, светла стала і ў цэнтры. Збіраюцца ўбраць і старую будку, што раней была сховішчам для чакаючых аўталаўку, а зараз ператварылася ў сметнік. Таксама сёлета за сродкі самаабкладання прывезена два МАЗы гравію, якім засыпаліся праблемныя ўчасткі. І калі пясок ужо ўтрамбаваўся пад коламі машын, то здалёк кідаецца ў вочы сіні паштовы шчыт. Новы, прыгожы, на 12 скрынак, яго па ўласнай ініцыятыве сканструявалі, зварылі і пафарбавалі В.П.Мялешка, старэйшына, яго брат Іван Сцяпанавіч Машчонак і В.Барысенка. Набылі метал, надалі яму неабходныя формы, вывелі прозвішчы на дзверках. Убачыўшы сваё імя на вясковай навінцы, Уладзімір Свірко нават паабяцаў аднавяскоўцам выпісаць “Патрыёт”. І хоць атрымліваецца, што за карэспандэнцыяй давядзецца прагуляцца, мужчыны сцвярджаюць, што гэта толькі на здароўе і ў іх вёсцы практычна ўсім па сілах.
Ну а ў бліжэйшых планах добраўпарадкавання старэйшына называе ўстаноўку кантэйнера для збору смецця, а таксама паклоннага крыжа на ўездзе ў вёску.
Вольга Караленка.