Полацкія электрычныя сеткі – арганізацыя сур’ёзная. Тут грунтоўна адносяцца як да вытворчага працэсу, бо энергетыкі працуюць ва ўсіх сэнсах слова пад пастаянным напружаннем, так і да арганізацыі вольнага часу сваіх работнікаў. На прадпрыемстве праводзіцца спартакіяда структурных падраздзяленняў па розных відах спорту, а месцам спаборніцтваў плыўцоў і валейбалістаў у мінулую суботу стаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”.
Удзел у іх прынялі энергетыкі з нядаўна пабудаванай Полацкай ГЭС, адміністрацыі прадпрыемства, Полацкага, Лепельскага, Верхнядзвінскага і Ушацкага раёнаў электрычных сетак. Госці высока ацанілі ўмовы нашага комплексу: “На вышэйшым узроўні!” – казаў адзін з арганізатараў, намеснік кіраўніка ПЭСа па ідэалагічнай рабоце А.А.Нікіфараў. Ён, дарэчы, не чужы нашаму раёну – пэўны час кіраваў гаспадаркай у Селішчы. Андрэй Анатольевіч выступаў за валейбольную каманду адміністрацыі прадпрыемства, якая сустрэлася ў фінале з ушачанамі. Трэба адзначыць, што гаспадары не праявілі “гасціннасці” і на шляху да галоўнага паядынку ўпэўнена абыгралі калег з Полацкай ГЭС і Лепельскага РЭСа. Наша каманда адпавядала паняццю “сплаў маладосці і вопыту” – надзейна гулялі ветэраны валейбольных баталій Уладзімір Ушакоў і Алег Апёнак, на вышыні былі Сяргей Маковіч і начальнік РЭСа Васіль Варанько, удала ўліліся ў калектыў Андрэй Лукашэвіч і Аляксандр Моцяж, з лаўкі запасных гатовы былі падмяніць аснову Андрэй Аўласенка і Валерый Лемеш. У фінале за гаспадароў балелі практычна ўсе калегі з іншых раёнаў, але мацней аказалася згуляная каманда ПЭСа.
Дастойна выглядалі ўшачане і на водных дарожках. У сваіх узроставых катэгорыях Святлана Цвяцінская стала другой, а Андрэй Лапёнак паказаў лепшыя секунды: “Вось што значыць мець абанемент у басейн!” – рэзюмавалі яго вынік калегі. Пераможцы і прызёры атрымалі падарункі, дыпломы і медалі, а ў выйгрышы засталіся ўсе, у тым ліку і кафэ “Тайм-аут”, якое арганізавала харчаванне ўдзельнікаў спаборніцтва, і адміністрацыя комплексу – прафсаюз энергетыкаў заплаціў за арэнду спартыўных пляцовак.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.