Комсомол — самая массовая организация советской молодёжи!

Общество

Камсамол – самая масавая патрыятычная арганізацыя савецкай моладзі. У гісторыі няма іншых прыкладаў маладзёжнага руху, які за гады свайго існавання ахопліваў бы больш за 160 мільёнаў чалавек.

Гаворачы аб узнікненні камсамола Беларусі, неабходна падкрэсліць, што вельмі спецыфічнымі, характэрнымі толькі для нашай рэспублікі былі ўмовы: частка тэрыторыі знаходзілася пад нямецкімі інтэрвентамі. Па гэтай прычыне на І Усерасійскі з’езд камсамола, які адбыўся 29 кастрычніка 1918 года, акупіраваныя раёны не маглі адправіць дэлегатаў. На ім прысутнічала ўсяго 2 прадстаўнікі з Беларусі – Ю.Гайдук і Е.Сімунін з Віцебска. Акрамя іх, моладзь рэспублікі на з’ездзе прадстаўлялі дэлегаты ад Смаленска.

Першая камсамольская арганізацыя ў Беларусі ўзнікла ў Віцебску. 13 лістапада 1918 года там быў скліканы агульнагарадскі маладзёжны сход, які адобрыў рашэнне І з’езда РКСМ, аформіў уступленне ў камсамол каля 100 членаў.

24 верасня 1920 года ў Мінску адбыўся I з’езд камсамола Беларусі.

Ушацкая валасная партячэйка, створаная ў канцы снежня 1918 года, неаднаразова абмяркоўвала на сходах пытанні па арганізацыі камсамольскай ячэйкі. У рашэнні ад 1 сакавіка 1921 года запісана: “Прасіць Лепельскі камітэт саюза моладзі прыслаць інструктара для арганізацыі ў в. Арэхаўна ячэйкі саюза моладзі”.

У красавіку 1923 года ва Ушацкай воласці была створана камсамольская ячэйка. Першым яе лідарам стаў Гантман.

У красавіку 1924 года ва Ушацкую ячэйку РКСМ, якую ўжо ўзначальваў сакратар Валкіндаш (імя не ўстаноўлена), былі прыняты Аляксандр Крахотка, Аляксандр Ярмош, Антон Муша, Пётр Шэндзель, Сцяпан Пуркоў, Кузьма Коршунаў, Рыгор Васілеўскі.

З даклада адказнага сакратара Ушацкай раённай камсамольскай арганізацыі Прусліна на Полацкай акруговай камсамольскай канферэнцыі 8-9 сакавіка 1925 г.

“… Раён прымежны, 12 сельсаветаў, раней было 6 пярвічных ячэек, цяпер 10, сем з іх пры цэнтрах сельсавета. Сяброў Камуністычнага саюза моладзі – 130, усяго да 203 чалавек. Па сацыяльным становішчы 6 рабочых, 186 сялян, 3 служачыя і 8 іншых. Па нацыянальным складзе: 170 беларусаў, 18 яўрэяў, 6 латышоў, 6 палякаў, 2 велікарусы. З іх 20 дзяўчат. Па стажы ў камсамоле дзеляцца: з 1919 г. – 1 чалавек, 1921 г. – 3, 1922 г. – 3, 1923 г. – 27, 1925 г. – 80 чалавек.

Актыўная праслойка невялікая, таму што большая частка ячэек арганізавана нядаўна. Прымалі ўдзел у перавыбарах сельсаветаў і селькораў: у сельсавет пайшло 7 чалавек, у карэспандэнты – 4. У праўленні кааператыва і рэвізійных камісіях 6 камсамольцаў. Адзін член райвыканкама.

Ячэйкамі выпісваецца 60 экзэмпляраў газет, з якіх 20 – “Чырвоная змена”. Маюцца некаторыя дасягненні ў вобласці беларусізацыі, створана нацыянальная латышская школа. Піянератрадаў пакуль што няма…”

Са справаздачы адказнага сакратара райкама камсамола Філіпава на 4-й раённай камсамольскай канферэнцыі 26 чэрвеня 1925 г.

“Стапрацэнтнае наведванне камсамольскіх сходаў толькі ў трох ячэйках, 80-працэнтнае – у 7, 60-працэнтнае – у 2. На выбарнай рабоце 37 чалавек: 13 у сельскіх Саветах, 8 селькораў, 2 кааператары і 4 у мясцкоме. Ёсць памылкі сярод выключэнняў з камсамола. Ва Ушачах назіралася перавышэнне ўлады з боку старшыні сельсавета-камсамольца… Выключылі з камсамолу 3 чалавекі: аднаго за ненаведванне сходаў, другога – за правіннасці. Вырашана пачаць рэгулярную ўплату ўзносаў з чэрвеня, 25 працэнтаў з якіх пакідаюць ячэйцы. Сельскагаспадарчыя гурткі наведваюць 76 камсамольцаў і 55 беспартыйных. Ленінскіх дзесяцін у раёне няма, але ў Пуцілкавіцкай ячэйцы 18 дзесяцін узята ў арэнду сельгасгуртком. У раёне маюцца 2 фізкультурныя гурткі і 2 спартыўныя гарадкі. Праводзіліся курсы актыву, якія наведвалі 29 чалавек. У 5 ячэйках выпускаліся насценныя газеты. Яўрэйскі драматычны гурток ва Ушачах зліўся з ячэйкавым, а ў Кублічах дзейнічае самастойна. Піянерская работа ў стадыі разгортвання…”

Сістэматычна ячэйкі папаўняліся членамі з ліку лепшай часткі савецкай моладзі. У 1932 г. у радах Ушацкай камсамольскай арганізацыі налічвалася 1112 членаў ВЛКСМ, якія аб’ядноўваліся ў 80 сельскіх камсамольскіх ячэйках.

Камсамольская арганізацыя Ушаччыны была верным памочнікам і надзейным рэзервам партыйнай арганізацыі. Яна праводзіла вялікую работу па арганізацыі калектывізацыі, вынікам якой стала масавае паступленне заяў аб прыняцці ў арцель. Але не толькі словам, а і справай дапамагалі камсамольцы ўзнімаць эканоміку калгасаў і арганізацый. Сваім асабістым прыкладам паказвалі, як трэба працаваць і берагчы грамадскую маёмасць. Па ўласнай ініцыятыве яны часта адпраўляліся працаваць на самыя складаныя ўчасткі і, трэба заўважыць, заўсёды з гонарам выконвалі даручаную справу.

Амаль што ля вытокаў Ушацкай камсамольскай арганізацыі стаяў кублічанін Якаў Уладзіміравіч Гінзбург.

У 1930 годзе ён быў абраны другім сакратаром Ушацкага райкама камсамола, а ў пачатку 1931-га – ужо першым.

У красавіку 1932 года хлопца адклікаюць у Мінск, дзе яго чакала работа намесніка рэдактара рэспубліканскай маладзёжнай газеты… І далей увесь працоўны шлях Якава Уладзіміравіча звязаны з камсамольскай і партыйнай дзейнасцю. Я.У.Гінзбург узнагароджаны медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, дзвюма Граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.

Праз усе жыццё пранёс Якаў Уладзіміравіч тое незабыўнае пачуццё, што адчуваў падчас уручэння камсамольскага білета.

“… Дзень 21 студзеня 1924 года я запомніў на ўсё жыццё. Мы тады жылі ў Кублічах. Я і мае таварышы Барыс Вярцінскі, Мікалай Харашкевіч і Васіль Ражноўскі, ідучы з работы, завіталі да нас у дом. Бацька адразу пачаў расказваць пра Уладзіміра Ільіча Леніна. А яму было аб чым расказаць: ён двойчы слухаў Леніна ў кастрычніку-лістападзе 1917-га.

– Нельга, нельга паверыць, што памёр Уладзімір Ільіч. – Але ён будзе ў нашых сэрцах. Ленін у народзе навекі. Так і ведайце, дзеці мае, – з хваляваннем гаварыў бацька.

Пасля мы пайшлі ў нашу школу на камсамольскі сход, цвёрда вырашыўшы звязаць свой лёс з камсамолам. У ячэйку нас прынялі аднагалосна. Праз некалькі дзён за намі ўступілі яшчэ восем юнакоў і дзяўчат, а ўлетку мяне абралі сакратаром ячэйкі. У бюро ўвайшлі таксама лепшыя камсамольцы: Васіль Клімяценка, Ганна Зак, Барыс Вярцінскі і Мікалай Харашкевіч.

Добра запомнілася, з якім натхненнем успрынялі мы паведамленне аб тым, што з’езд камсамола, які адбыўся ў чэрвені 1924 года, прыняў пастанову ЦК РКСМ і прысвоіў камсамолу імя Леніна. Усе члены ячэйкі, а нас тады было больш сарака, у адказ уключыліся ў больш актыўную работу. Вялікую дапамогу мы аказвалі партыйнай ячэйцы. Дапамагалі ім ствараць калгасы, ісці ў паход за пісьменнасць і культуру.

У адным невялікім пакоі, дзе знаходзіўся сельсавет, мы адкрылі хату-чытальню. Камсамольцы сабралі мэблю, павесілі партрэты і плакаты. Члены бюро ячэйкі штодня дзяжурылі, бо вечарамі тут заўсёды было мнагалюдна. Пісьменных амаль не было і мы чыталі людзям газеты, кнігі, тлумачылі ім палітыку партыі і ўрада. Акрамя таго, у вольны час камсамольцы ішлі ў свае падшэфныя хаты, вучылі чытаць і пісаць непісьменных.

Праз некаторы час па жаданні большасці насельніцтва Кубліч і навакольных вёсак былі зачынены царква і сінагога, у апошняй абсталявалі клуб на 250 месцаў. І зноў гаспадарамі сталі камсамольцы. Міша Розаў, Васіль Клімяценка, Соф’я Каплан, я і некаторыя іншыя арганізоўвалі канцэрты, гучалі вершы Дзям’яна Беднага, Кандрата Крапівы, Янкі Купалы. Раз у месяц ставілі спектаклі. У канцы 1928 года наша ячэйка ўжо налічвала каля 70 членаў.

У вёсках кіпела жорсткая класавая барацьба. Мелі месца адкрытыя пагрозы і напады з боку кулакоў. Але нягледзячы на гэта, парабкі і беднякі запісваліся ў калгас: у пачатку 1929 года ў Кублічах быў арганізаваны першы – “Прымежнік”. Камсамольская ячэйка зрабіла ўсё, каб сельгасарцель стала прыкладам для аднаасобнікаў. У хуткім часе ў сельсавеце былі створаны яшчэ два калгасы.

Мястэчка Кублічы знаходзілася тады ў двух кіламетрах ад мяжы з Польшчай. І мы, камсамольцы, аказвалі актыўную дапамогу пагранічнікам у ахове мяжы ад шпіёнаў, за што неаднаразова атрымлівалі падзякі.

Вялікую работу праводзілі па распаўсюджванні перыядычнага друку. У хуткім часе Кубліцкае паштовае агенцтва заняло першае месца ў раёне па падпісцы на газеты “Правда”, “Известия”, “Комсомольская правда” і “Крестьянская газета”.

Мне добра памятаюцца камсамольскія сходы. Яны заўсёды адлюстроўвалі пульс нашага жыцця. Не было ні аднаго выпадку, каб хто-небудзь спазніўся ці не прысутнічаў без уважлівай прычыны. Усе даручэнні камсамольцы выканалі сумленна і акуратна.

Сярод камсамольскіх актывістаў заўсёды застануцца ў маёй памяці члены бюро Якаў Макутонін і Мікалай Грыдзюшка. Апошні пайшоў у войска радавым, а ў дні Вялікай Айчыннай вайны дайшоў да сцен Сталінграда начальнікам палітаддзела, мае шмат урадавых узнагарод. Праз 36 гадоў мы выпадкова сустрэліся, ён працаваў у Віцебску дырэктарам 29-й сярэдняй школы.

Многія мяне пытаюць, што мне асабліва запомнілася на ўсё жыццё? Адказваю заўсёды так: атрыманне камсамольскага білета, членскага партыйнага білета ў 1931 годзе, размова Генеральнага сакратара ЦК ВЛКСМ Аляксандра Косарава з намі, 50 камсамольскімі актывістамі, ад’язджаўшымі ў палітаддзелы МТС і саўгасаў у сакавіку 1933 года…”.

На здымках: (уверсе) першыя арганізатары выпуску газеты “Прымежны калгаснік” М.Грыдзюшка, М.Каровін, Я.Гінзбург, Я.Макутонін; камсамольцы 80-х Ю.Бунін, Г.Язмір.

Падрыхтавала Н.БУГАЙ,  дырэктар музея народнай славы імя У.Е.Лабанка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *