Многія ўшачане звярнулі ўвагу на ўказальнікі з назвамі вуліц, якія з’явіліся на скрыжаваннях – наш раён, як і ўся краіна ў цэлым, рыхтуюцца да перапісу насельніцтва, правядзенне якога запланавана на кастрычнік 2019 года, аднак папярэднія работы па стварэнні належных умоў для рэгістратараў вядуцца ўжо зараз. Да іх адносяцца абазначэнні ўсіх жылых дамоў грамадзян з удакладненнем адрасоў, якія стануць навігацыяй для перапісчыкаў.
На мінулым тыдні давялося разам з работнікамі УП ЖКГ у чарговы раз праехацца па некаторых вуліцах гарпасёлка – камунальнікі наносілі нумары на домаўладанні грамадзян, якія да гэтага часу не знайшлі часу або жадання зрабіць гэта самастойна. Як мы ўжо паведамлялі раней, адраснымі аншлагамі павінны быць абсталяваны ўсе жылыя памяшканні і адказнасць за гэта нясуць іх уласнікі. Камунальнікі ў адпаведнасці з праграмай перапісу ўжо абазначылі шматкватэрныя дамы і пад’езды, але ім давялося ліквідаваць прабелы і ў прыватным сектары. Трэба сказаць, што члены спецыяльна створанай райвыканкамам камісіі папярэдне абследавалі вуліцы, жыхарам “абязлічаных” дамоў было ўказана на неабходнасць іх абазначэння. І на многіх з’явіліся шыльды-указальнікі – і заводскай, і ўласнай вытворчасці. На тыя ж, дзе нумароў не было, іх наносілі камунальнікі, і асаблівых прэтэнзій з боку ўласнікаў не назіралася – некаторыя казалі, што проста не паспелі вырабіць аншлагі, іншыя завяралі, што ў хуткім часе заменяць надпісы чырвонай фарбай на больш эстэтычныя. Хаця былі і такія, хто да вымушанай працы камунальнікаў аднёсся раўнадушна – “ну і няхай так, некалі самому займацца”.
Адзначу, што ў некаторых выпадках работнікаў ЖКГ чакала даволі складаная задача – каб не псаваць эстэтычны выгляд домаўладанняў, адрасы прыходзілася наносіць на слупах і паштовых скрынях, хаця камунальнікі на законных падставах маглі б прыкласці трафарэт з нумарам да новай прыгожай агароджы ці сайдынгу на вугле дома.
Падчас жа перапісу рэгістратарам давядзецца працаваць з сучаснымі прыладамі – мабільнымі камп’ютарамі-планшэтамі. Папяровыя лісты-апытальнікі будуць выкарыстоўвацца толькі ў выключных выпадках – мала што здарыцца з тэхнікай. Да слова, у час пробнага перапісу, які праводзіўся ў Маладзечанскім раёне, трэцяя частка грамадзян заявілі, што гатовы перапісацца праз інтэрнэт. Пажаданні ўлічаны, тым больш, што такі спосаб дазваляе скараціць колькасць перапісчыкаў, планшэтаў для іх і, адпаведна, зэканоміць сродкі на правядзенне кампаніі. Да яе пачатку на сайце Белстата будзе пакрокава распісана інфармацыя аб тым, як перапісацца па інтэрнэце, пытанне будзе тлумачыцца праз сродкі масавай інфармацыі. І каб не ўзнікла накладак, перапіс запусцяць спачатку менавіта праз сусветную павуціну.
Яго праграма зацверджана пастановай Савета Міністраў. Вызначаны пералік пытанняў, па якіх будзе ажыццяўляцца збор персанальных даных. Яны датычацца дэмаграфічных характарыстык, міграцыйнай актыўнасці грамадзян. Этнічная прыналежнасць указваецца па самавызначэнні і жаданні рэспандэнта, а для дзяцей да 14 гадоў – бацькамі. Перапісчыкі запытаюць пра родную мову, адукацыю, крыніцы даходаў, колькасць дзяцей, жыллёвыя ўмовы. Асобным блокам сабраны пытанні сельскагаспадарчай дзейнасці: наяўнасць ва ўласнасці зямельных участкаў, хатняй жывёлы, птушкі, пчоласямей і іншае.
Варыянты праходжання перапісу выбіраць самім грамадзянам. Але трэба ўсведамляць, што ад дакладнасці атрыманых даных у многім будзе залежыць развіццё і дабрабыт рэгіёна, бо фінансаванне, напрыклад, бюджэтнай сферы – адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту і іншых, завязана на колькасці насельніцтва. Таму ў пэўнай ступені кожны асабіста зацікаўлены ў якасці правядзення кампаніі.
Д.Раманоўскі.