С аншлагом и хорошими отзывами! В Ушачах прошёл концерт ко Дню матери

Общество

Для самых родных і любімых

У мінулую пятніцу гледачы пачалі запаўняць залу раённага цэнтра культуры і народнай творчасці задоўга да пачатку мерапрыемства, прысвечанага Дню маці: канцэрты, якія рыхтуе Ушацкая школа мастацтваў, нязменна адзначаюцца высокім выканаўчым узроўнем, да таго ж, мамы і таты, дзядулі і бабулі бачаць на сцэне сваіх таленавітых дзетак і ўнукаў – а якое відовішча можа быць больш прыемным!

Нядзіўна, што самая вялікая зала раёна з цяжкасцю ўмясціла ўсіх гледачоў, сярод якіх былі як маладыя мамачкі з малышамі на руках, так і ўшачанкі шаноўнага ўзросту. Нягледзячы на хворыя ногі, не змагла ў гэты дзень застацца дома маці дзявяцярых дзяцей Зінаіда Лявонаўна Сушанская, якая гатова гадзінамі распавядаць пра сваіх сыноў і дачок, расказваць пра шматлікіх унукаў і праўнукаў – дзяцей прынята лічыць галоўнай каштоўнасцю жыцця, і калі так, то Зінаіда Лявонаўна – адна з самых багатых жанчын на Ушаччыне!

Амаль дзве гадзіны канцэрта праляцелі, быццам адно імгненне. Зала пражывала разам з артыстамі кожны нумар, цёпла адгукалася на віншаванні, якія гучалі са сцэны. Ад імя кіраўніцтва раёна словы ўдзячнасці ўшацкім матулям адрасаваў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч: “Матчына любоў патрэбна нам не толькі ў дзяцінстве, бо яна акрыляе, робіць нас мацнейшымі. Нізкі вам паклон, нашы дарагія мамы і бабулі!” Кранальныя шчырыя словы знайшла для гераінь урачыстасці намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч, якая да таго ж з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Яна ўручыла мнагадзетнай маме Людміле Шалонька, сям’я якой сёлета папоўнілася пятым дзіцем, падарунак ад грамадскага аб’яднання. Жанчыны-маці апроч сваіх сямейных спраў паспяваюць прымаць актыўны ўдзел у вытворчых і грамадскіх сферах – гэта ў сваёй прывітальнай прамове падкрэсліла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шаўчэнка.

Прыемным момантам урачыстасці стала ўзнагароджанне юных мастакоў – пераможцаў конкурсу “Паштоўкі для мамы”. Лепшыя работы ў дзвюх узроставых групах вызначыла кампетэнтнае журы: у малодшай самай дасканалай прызнана паштоўка Аліны Гравянковай, другое і трэцяе месцы – у сястрычак Машы і Ксюшы Мялешка. У старэйшай групе лепшымі названы работы Ані Раманоўскай, Дамінікі Сісковіч і Дашы Ражноўскай (першае, другое і трэцяе месцы адпаведна).

Вельмі прыемны сюрпрыз чакаў на канцэрце Алену Васільеўну Брэнько: са святам матуль і днём нараджэння, які яна адзначала ў гэты дзень, жанчыну павіншавала са сцэны дачушка Саша, падарункам жа для самага блізкага чалавека стаў не толькі прыгожы букет, а і вакальныя кампазіцыі, якія дзяўчынка выконвала разам з іншымі навучэнцамі эстраднага аддзялення школы мастацтваў. Авацыямі сустрэлі гледачы творчы дэбют самых маленькіх артыстаў – выхаванцаў дзіцячых садкоў. Доўга не сціхалі воплескі пасля нумара нашай юнай зоркі Ягора Обуха, многія не змаглі стрымаць слёз падчас песні “Мама”, якую вельмі кранальна выканала Паліна Сазонава, як заўсёды ўразіў віртуознасцю дуэт цымбалістак Аліны Герцык і Ірыны Коршун, крыкамі “брава” сустракала публіка нумары аддзялення харэаграфіі, а рэтра-шлягеры ў выкананні квартэта “Рэнесанс” спявала ўся зала. Асабліва ж хочацца адзначыць вядучую Галіну Хвошч, якая выдатна справілася з канферансам.

Пасля заканчэння канцэрта многія гледачы захацелі выказаць праз газету сваё захапленне ад убачанага і пачутага. “Атрымалі вялікую асалоду! Дзякуй артыстам, што ўзнялі нам настрой перад святам!” – казалі мама двух дзяцей Алена Мікітаўна Філімонава і трох – Надзея Лявонаўна Лёля. Ну а ад імя моцнай паловы чалавецтва, якая, канечне, заўсёды стараецца падтрымліваць жанчын у нялёгкай справе выхавання дзетак, узнёслыя словы ў адрас арганізатараў і ўдзельнікаў выказаў Аляксандр Дзмітрыевіч Курбака. Меркаванне яго было лаканічным, але ёмістым: “Гэта лепшы канцэрт за апошнія гады, на якім я прысутнічаў!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *