Работники культуры Ушаччины отметили свой профессиональный праздник

Общество

Без каго не абыходзіцца ні адно раённае мерапрыемства, прафесійныя, дзяржаўныя і каляндарныя святы? Канечне, без работнікаў культуры! Ну а ў суботу яны прымалі віншаванні ў свой адрас і сабраліся разам у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці на ўрачыстасць.

Вы заўсёды там, дзе трэба падарыць людзям добры настрой, вы робіце разнастайнымі шэрыя будні! Не такая прыкметная, але вельмі патрэбная справа музейных работнікаў, бібліятэкараў, педагогаў дзіцячай школы мастацтваў. Дабра і здароўя вам і вашым сем’ям, творчага натхнення, – шчыра віншаваў работнікаў і ветэранаў галіны старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка.

Аб тым, што ў 34 установах сферы працуюць сапраўдныя прафесіяналы, сведчыла і колькасць узнагароджаных да прафесійнага свята. Пісьмы-падзякі старшыні райвыканкама атрымалі відэадэманстратар Аляксандр Дзегцяроў, касцюмер РЦКНТ Вольга Маркевіч і пераплётчык раённай бібліятэкі Галіна Лапо.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Віктар Пятровіч Котаў падзякаваў усім за работу і ўручыў узнагароды яшчэ 13 прадстаўнікам галіны. Ганаровымі граматамі аддзела ўзнагароджаны і два калектывы – народны клуб “Прысмакі” (кіраўнік – М.В.Сазонава) і вакальны калектыў “Ушачаначка” (кіраўнік – С.І.Муша). Вядомыя і за межамі раёна Народны клуб майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне” (кіраўнік С.П.Спірыдонава) і Узорны фальклорны калектыў “Спадчына” (кіраўнік Г.С.Рудзёнак) адзначаны Граматай раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Зрэшты, прафсаюз у гэты дзень быў шчодрым на ўвагу. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму М.В.Сазонава ўручыла пяці работнікам галіны граматы і грашовыя прэміі, асобна адзначыла юрысконсульта РЦКНТ Валянціну Літвін, якая сёлета стала лаўрэатам прэміі імя З.Тусналобавай-Марчанка. Падарункі ад “пярвічкі” аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі атрымалі ўсе, хто сёлета адзначае свае юбілейныя даты, а таксама найбольш актыўныя члены. Прырастае сфера і новымі перспектыўнымі кадрамі. На святочным мерапрыемстве яны таксама не засталіся без увагі – кожнаму быў уручаны памятны сувенір. Добрыя словы і шчырыя пажаданні са сцэны прагучалі і ў адрас ветэранаў.

А вось выступаць на сцэне ў гэты святочны дзень работнікам культуры Ушаччыны не давялося. З канцэртнай праграмай да нас завіталі педагогі і выхаванцы Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў.

– Мы з вялікім задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне і прыехалі павіншаваць сваіх калег! – адзначалі суседзі.

– Ва Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў высокі ўзровень, цікава было паглядзець і выступленні глыбачан, канцэрт прайшоў на адным дыханні і вельмі спадабаўся! – такое меркаванне давялося пачуць як ад культработнікаў, так і ад іншых гледачоў.

Пацвярджэннем гэтаму сталі гучныя апладысменты ў адрас саксафаністаў, скрыпачоў, артыстаў, што выступалі сольна, а духавому аркестру наогул зала апладзіравала стоячы і не хацела адпускаць.

Работнікі культуры прызнаюцца, што абралі для сябе не самую лёгкую прафесію, ім часта даводзіцца пакідаць родны дом увечары, а ў святочныя дні без іх сумуюць другія палавінкі і дзеці. Але ўсё гэта кампенсуецца ўдзячнасцю людзей, апладысментамі гледачоў і іх шчырымі ўсмешкамі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *