Прафсаюзная “пярвічка” цэнтральнай раённай бальніцы налічвае больш за 330 членаў. Вядома ж, сярод іх нямала мам! Кожнай з іх да свята былі адрасаваны віншаванні праз газету, а дзесяці, у тым ліку мнагадзетным, прама на рабочым месцы ўручаны кветкі і падарункі. Самай жа “багатай” з’яўляецца медсястра паліклінікі Таццяна Васільеўна Лукашэвіч, у якой пяцёра дзяцей! Дарэчы, дачка Ганна па яе прыкладзе таксама абрала прафесію медыка.
Акрамя гэтага з нагоды свята для ўсіх аддзяленняў райбальніцы быў падрыхтаваны салодкі падарунак – торт. “Мы вырашылі далучыцца да рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі “Павіншуем маму разам!” і парадаваць нашых працаўніц невялікімі прэзентамі”, – адзначыла старшыня пярвічнай арганізацыі ЦРБ Марына Генадзьеўна Харэвіч. Быць заўсёды здаровымі, шчаслівымі пажадаў мамам галоўны ўрач Сяргей Анатольевіч Маісееў.
Трэба адзначыць, што прафсаюз пастаянна клапоціцца пра ўсіх сваіх членаў. Напрыклад, гэтымі днямі 10 маладых спецыялістаў атрымалі білеты на канцэрт тэатра песні Ірыны Дарафеевай “Мы запальваем зоркі”, прысвечаны Году малой радзімы.
В.КАМАРКОВА.
Акцыя “Павіншуем маму разам!” праходзіла ў многіх прафсаюзных пярвічках працоўных калектываў Ушаччыны. А маладзёжны савет Ушацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў арганізаваў яе ў раённым Доме культуры падчас правядзення мерапрыемства, прысвечанага Дню маці, – некалькі варыянтаў святочных спецыяльна распрацаваных паштовак з лагатыпам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, словамі найлепшых пажаданняў і ўдзячнасці ў адрас сваіх матуль запоўнілі дзясяткі ўшачан, якія завіталі на свята. Маладыя актывісты дапамагалі ўдзельнікам акцыі, запісвалі адрасы, па якіх потым былі адпраўлены віншаванні. Асобныя госці мерапрыемства такой патрэбы не мелі, бо прыйшлі на канцэрт з матулямі і ўручалі ім паштоўкі разам з букетамі кветак прама на месцы.
У рамках раённага плана мерапрыемстваў “Тыдня маці” да прафсаюзаў далучыліся і іншыя прадстаўнікі грамадскасці. 12 кастрычніка старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шаўчэнка, раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Алена Васільеўна Пашковіч і раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Анатоль Валянцінавіч Рудкоўскі наведалі матуль, сыны якіх загінулі ў Афганістане ці падчас тэрміновай службы ў мірны час. Ганна Тарасаўна Ключонак, Валянціна Аляксандраўна Клачок, Марыя Станіславаўна Сідаровіч і Аліна Андрэеўна Краснова былі рады ўвазе – яна для іх вельмі важная, як і памяць аб іх сынах, што навекі засталіся маладымі. Лідары грамадскіх аб’яднанняў павіншавалі жанчын са святам, пацікавіліся іх праблемамі, высвятлялі, у чым яны маюць патрэбу. Сустрэчы атрымаліся цёплымі, шчырымі, душэўнымі.
Д.Раманоўскі.