Молодая многодетная мама Анастсия Верхолазова уверена, что дети — это самое бесценное сокровище!

Всё начинается с семьи

На карціне з пластыліну, што вісіць на сцяне пакоя, маленькая Саша Верхалазава два гады таму адлюстравала ідылічны малюнак: ля прыгожага дома стаяць яе бацькі і яна з брацікам. Ва ўяўленні дзяўчынкі сямейнае шчасце менавіта такое – калі побач родныя людзі. “Трэба яшчэ Грышу сюды дадаць – ён нарадзіўся пазней”, – тлумачыць яна. А на словы, што карціна вельмі прыгожая, заўважае: “Гэта таму што мне мамачка дапамагала!”

…Тое, што яна будзе добрай мамай, Анастасія ведала з маленства. Таму што перад вачамі быў прыклад уласнай матулі Ніны Уладзіміраўны Варапаевай – простай вясковай жанчыны, якая амаль трыццаць год адпрацавала даяркай, фактычна адна расціла трох дзетак. Насця і яе старэйшы брат вельмі рана сталі самастойнымі і ўсяляк стараліся дапамагаць самаму роднаму чалавеку, прычым, не толькі па гаспадарцы, а і ў папаўненні сціплага сямейнага бюджэту. Дзяўчынцы было ўсяго дзесяць год, калі тэрмінова спатрэбілася падмяніць брата, які падчас канікулаў пасвіў калгасных цялят. “Па ўсім відаць, з заданнем я справілася, і мне даручылі статак у 50 галоў, які я ў сем гадзін раніцы выганяла на пашу за нашымі Ціханятамі, – прыгадвае Насця. – Ад такога даверу я адчула сябе вельмі важнай і адказнай. Памятаю, як убачыўшы, што скончылася вада і жывёлу няма чым паіць, пайшла да нашай аднавяскоўкі Тамары Гардзеевай, у якой быў дамашні тэлефон, знайшла ў кніжцы нумар райвыканкама і паведаміла пра непарадак. Хутка з Ушач прыехала начальства – аказалася, што ў бочцы спусціла кола, яна нахілілася і вада не дасягала крана. Мяне крыху пажурылі за тое, што навяла шораху, але цяляты былі напоены!..”

Пра тое, што з-за спраў не заўсёды магла пагуляць з аднагодкамі, Насця зусім не шкадуе – сямейныя інтарэсы былі куды важней. І ў кожным яе слове гучыць вялікая павага да маці, якая ўсе свае сілы паклала на тое, каб забяспечыць дзяцей усім неабходным. У сваю чаргу Ніне Уладзіміраўне вельмі спатрэбілася падтрымка сына і дачкі ў цяжкіх выпрабаваннях, калі зусім маладым пайшоў з жыцця яе другі муж, трагічна загінуў малодшы сынок. Менавіта клопат і любоў дзяцей, праца з ранку да ночы на іх карысць дапамаглі выстаяць і захаваць сэнс існавання. Зараз жанчына трымае вялікую падсобную гаспадарку – карову, свіней, птушку – і, канечне, спраўляцца з ёй дапамагаюць сын і дачка: яны ўжо стварылі ўласныя сем’і, але пастаянна прыязджаюць да матулі ў Ціханяты.

Дарэчы, калі Анастасія ўпершыню прывезла ў родную вёску свайго мужа Дзмітрыя, той адразу закахаўся ў гэтыя мясціны. Пазнаёміліся маладыя людзі ў Ветрыне: Насця атрымлівала ў каледжы прафесію прадаўца, а Дзіма працаваў аграномам у мясцовай гаспадарцы. Пасля вяселля сям’я некаторы час жыла на радзіме мужа ў Аршанскім раёне, але ж пасля прыгаданага візіту да цешчы на Ушаччыну Дзмітрый (а ён заўзяты рыбалоў) захацеў застацца ў нашым азёрным краі.

Анастасія ўладкавалася на свінагадоўчы комплекс аператарам, а яе муж – на прыватнае прадпрыемства “Малах Плюс”, што займаецца вырабам зрубаў. Яны разам вось ужо каля дзесяці год, і за гэты час абзавяліся самым бясцэнным скарбам, нарадзіўшы трох цудоўных дзетак. Спачатку маладая сям’я Верхалазавых жыла ў Ціханятах разам з Нінай Уладзіміраўнай, потым зняла кватэру ва Ушачах. А з набыццём статуса мнагадзетнай распачала ўзвядзенне ўласнага дома (амаль такога, як на малюнку!), скарыстаўшыся падтрымкай дзяржавы – ільготным крэдытам, які выдаецца на будаўніцтва жылля.

“Казаць, што я рэалізавалася як мама, рана, бо нарадзіць дзяцей – гэта нават менш за палову справы, – разважае Насця. – Куды больш складана – правільна іх выхаваць: даць патрэбныя веды і навыкі, сфарміраваць маральныя ўстоі, каб потым яны самі стварылі моцныя сем’і, не кідалі сваіх дзяцей”. Яна лічыць сябе строгай мамай, з пялёнак прывучае дачку і сыноў да самастойнасці, – вось і Грыша, якому ўсяго год і дзевяць месяцаў, не просіцца на ручкі, важна сядзіць за сямейным сталом на ўласным высокім стульчыку і спрытна арудуе лыжкай. А пяцігадовы Сцёпа, па ўсім відаць, будзе такім жа майстрам, як тата, бо ўжо зараз прымяраецца да рабочага інструмента. Таленавітай і жыццярадаснай расце Саша. Вярнуўшыся з заняткаў, другакласніца Арэхаўскай школы з захапленнем расказвала нам пра любімую настаўніцу Ганну Мікалаеўну Пашкову, пра падрыхтоўку канцэрта да Дня маці.

Слухаючы дзяўчынку, ніколі не скажаш, што не так даўно ў яе былі істотныя праблемы з маўленнем. Лагапедычная камісія прагназавала навучанне ў інтэграваным класе, але мама пачала штодня займацца з дзіцем: рабілі спецыяльныя практыкаванні, упарта, літаральна па адным слоўцы вучылі вершы, спявалі папулярныя песні… Калі праз год Саша зноў прыйшла на камісію і бойка прадэкламавала твор Маршака “Вось які рассеяны…”, спецыялісты не маглі паверыць сваім вушам! Каменціруючы гэты выпадак, Анастасія кажа, што многія праблемы ў развіцці, вучобе, паводзінах дзяцей пры належным старанні бацькі могуць выправіць, проста для гэтага трэба быць мэтанакіраваным, гатовым ахвяраваць сваім адпачынкам. Такія ўкладанні акупляюцца потым у многа разоў.

Да слова, на пытанне, ці бывае ў мнагадзетнай мамы вольны час, Насця заўважае, што гэта ў асноўным залежыць ад мужа – ёй жа пашанцавала, таму можа сабе дазволіць нават хадзіць у трэнажорную залу. Увогуле Дзмітрый – не толькі цудоўны работнік і сем’янін, а яшчэ і неабыякавы чалавек, гатовы праявіць ініцыятыву для грамадскай карысці. Так, напрыклад, у двары шматпавярхоўкі на Камсамольскай, дзе яны зараз жывуць, ён абсталяваў пясочніцу, зрабіў лавачку, яшчэ дзве паставіў у зоне адпачынку насупраць дома ля саджалкі з альтанкамі – і быў вельмі засмучаны, калі праз некалькі дзён іх выкралі. Яны з жонкай прывыклі жыць сумленна, здабываць дабрабыт уласным мазалём, і няма сумненняў, што такімі ж выхаваюць і сваіх дзетак.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *