Калі вы будучы абітурыент і загадзя вызначыліся з прафесіяй праваахоўніка – паклапаціцеся пра паспяховае пераадольванне іспытаў. Пра ўмовы паступлення ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў расказвае намеснік начальніка Ушацкага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Святлана Іванаўна ЦІХАНЁНАК:
– Сёння Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь – удалы трамплін у нашу прафесію. Гэта міліцэйская альма-матар уваходзіць у лік самых прэстыжных не толькі ў краіне, але і ў бліжнім замежжы. Яна валодае значным навукова-педагагічным патэнцыялам і па праве ганарыцца сваімі выпускнікамі.
Калі вам ад 17 да 25-ці, вы маеце агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную ці сярэдне-спецыяльную адукацыю, а таксама сур’ёзны намер стаць навучэнцам Акадэміі (размова ідзе пра І ступень вышэйшай адукацыі, дзённую форму, бюджэт)… вучыце мовы (рускую ці беларускую і замежную), а таксама грамадазнаўства – менавіта іх давядзецца здаваць падчас уступных іспытаў. Пры гэтым прадметы на ўсе спецыяльнасці аднолькавыя: будзеце паступаць на юрыста ці на судовага эксперта-крыміналіста. Яшчэ адзін нюанс – перш чым пераступіць парог ВНУ, варта звярнуцца ў райаддзел міліцыі – каб удакладніць алгарытм дзеянняў. І гэта зрабіць можна ўжо зараз!
Залічэнне ў Акадэмію прадугледжвае поўнае дзяржаўнае забеспячэнне на перыяд атрымання вышэйшай адукацыі. Яе паспяховае заканчэнне гарантуе прысваенне спецыяльнага звання “лейтэнант міліцыі” і працаўладкаванне па спецыяльнасці. Акрамя таго, можна разлічваць на сацыяльную падтрымку, прадугледжаную заканадаўствам нашай краіны для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, іншых сілавых структур, а таксама членаў іх сямей.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у райаддзеле міліцыі па нумары 2-77-08.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.