В Ушачах прошла осенняя ярмарка. Самым ходовым товаром оказалось зерно

Общество

Датай правядзення вялікага восеньскага кірмашу ўшачане цікавіліся лічы што з таго часу, як прайшоў спецыяльны – па продажы зерня. І як высветлілася, зноў жа, каб набыць корм для птушкі, жывёлы… і нават рыбы.

Так, заўзяты рыбак Фёдар Фёдаравіч Кандрацкі стаяў у чарзе за пшанічкай, паколькі менавіта ёй падкормлівае падлешчыкаў. Фёдар Георгіевіч Рэкуц хоць і жыве ў цэнтры гарпасёлка ў шматпавярхоўцы, аднак карову трымае, для яе і набываў авёс. А вось Мікалай Восіпавіч Федарэнка шукаў трыцікале. “Ведае, што выхад самагону з яго лепшы, чым з пшаніцы”, – жартаваў Аляксандр Яўгенавіч Шкодзін. Дырэктар “Маяка-Ушацкага” вельмі хутка з прадаўца ператварыўся ў пакупніка: “У нас самы чысты ячмень, вось і разышоўся імгненна. “Маяк” марку трымае”. Хаця сакрэт “улёту” самага “курынага” зерня быў усё ж не ў чысціні. Ушачане не звярталі асаблівай ўвагі ні на засмечанасць, ні нават на кошт, імкнучыся як мага хутчэй заняць чаргу за машынай з любым зернем, але ячмень карыстаўся асаблівым попытам. “Не разлічылі, нямнога ўзялі. І хоць цана ў нас была вышэйшая, чым у мясцовых гаспадарак (па 35 капеек за кілаграм), ячмень, як і пшаніца, скончыўся імгненна, – расказваў дырэктар Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі Андрэй Мікалаевіч Тарасевіч.– Прыехалі ў 8 гадзін, а нас ужо чакалі. Так што зерне прадалі за 15 хвілін да афіцыйнага пачатку кірмашу”.

А вось бульбачка ў іх прадавалася не так хутка. Урадзіла сёлета амаль ва ўсіх, таму і ажыятажу не было. Адным пакупнікам Андрэй Мікалаевіч расказваў пра перавагі сартоў, іншыя, як сям’я Каваленка, ужо набывалі раней і спадабалі і “Маніфест”, і “Брыз”, таму прыйшлі менавіта па іх. Нават намеснік начальніка райсальгасхарча па раслінаводстве С.А.Белагрыўцаў рэкламаваў тавар лепяльчан, звяртаючы ўвагу на тое, што насенны матэрыял станцыі каштуе вельмі дорага, а набыўшы харчовую, можна і на сяўбу пакінуць. Напэўна, лёгкая рука ў Сяргея Аляксандравіча, бо пакуль расказваў іншым, сам ледзь без бульбы не застаўся – толькі яго былы калега Л.А.Лісоўскі набыў дзесяць мяхоў.

Здзівілася, убачыўшы сярод пакупнікоў беларускага хлеба Тамару Мікалаеўну Марковіч, паколькі ў яе на ўчастку родзіць любая культура. “Дык садзім толькі сотку, таму некалькі мяхоў заўсёды дакупляем. Тым больш што мужу раён электрычных сетак на агародніну выдзеліў 50 рублёў. Дзякуй ім, так дапамагаюць кожны год і работнікам, і пенсіянерам”, – расказала жанчына.

Пакуль пакупнікі нерваваліся, ці хопіць ім зерня, паколькі бралі людзі і па 20, і па 30 мяхоў, аматары агародніны спакойна хадзілі па радах і прыцэньваліся: капуста, морква, буракі былі ў шырокім асартыменце. Традыцыйна першай распрадала капусту Арэхаўская школа, якую бралі як качанамі, так і вялікімі партыямі. А вось рэпу і рэдзьку фермера з Заскарак выбіралі паштучна, а морква па 35 капеек за кілаграм была зручна фасаваная. Таму хоць і не планавала пакупак сям’я Яўсей з Мінска, а набыла сетачку. Невялікая чарга пастаянна стаяла ля машыны “Дземенца” – прывыклі ўшачане да экалагічнай грэчкі. У лазневы дзень у лясгаса раней чым мёд ці туі разыходзіліся бярозавыя венікі. І нават грунт, якім гандлявалі газавікі, знаходзіў пакупніка. Наогул прадказаць тавар дня (акрамя зерня) загадзя не атрымалася б, паколькі густы ўшачан на радасць прадаўцоў былі разнастайнымі. Ну, здаецца, што перашкаджае зайсці ў “Мясную лаўку” ў любы дзень і выбраць кавалак мяса? Тым не менш ля палатак райспажыўтаварыства ішоў бойкі гандаль. Сакрэт просты: акрамя таго, што быў завезены пашыраны асартымент, да кірмашоў кааператары яшчэ і зніжаюць гандлёвую нацэнку. Пастараліся яны і з выкладкай. Ад рыбнага аддзела нельга было пайсці без вэнджанай, салёнай ці марожанай скумбрыі, настолькі яна была прывабная. Ну а ў дадатак да неабходных на зіму пакупак былі апетытныя тарты.

Канечне, далёка не ўсё было гладка. Жанчыны скардзіліся на высокія барты машыны, з якіх складана было лавіць мяхі. Мужчына – на тое, што калі стаміўся работнік “Ільюшынскага”, самім даводзіцца насыпаць зерне, а пасля ў такім выглядзе да ніводнай палаткі ўжо не падыдзеш. Прапаноўвалі нават абмяжоўваць продаж мяшкоў у адны рукі, бо баяліся застацца без зерня. І калі ўжо заканчыліся дзевяць тон ячменю “Ільюшынскага”, і ўжо знік след ад машын “Глыбачан”, “Арэхаўна”, “Вялікадолецкага”, “Маяка-Ушацкага”, на выручку прыйшло “Агра-Селішча”. Яно таксама хутка распрадала ячмень і, супакоіўшы тых, каму не хапіла, паехала загружацца ў чарговы раз. Усяго на кірмашы было прададзена 44 тоны, што на 20 болей, чым у папярэдні кірмаш, а тры тоны гаспадаркі нават павезлі назад.

Вельмі запатрабаванымі, дарэчы, былі транспартныя паслугі, “Каблучок” райспажыўтаварыства, выгрузіўшы тавар у гарпасёлку ці на вёсцы, хутка прымаў чарговы заказ. Прычым Уладзімір Андрыковіч дапамагаў і загружаць, і выгружаць мяхі, зрабіўшы 13 рэйсаў: “Прывезлі дзеду ў Федаронкі, як ён адзін данясе? Вось і дастаўляў да хлява!”

А што на кірмашы можна было набыць бясплатна – гэта парады. Чаго толькі не даведаешся падчас ажыўленай гутаркі знаёмых! І што туі лепш прыжываюцца восенню, і што парыцца ў лазні варта пачынаць бярозавым, а завяршаць дубовым венікам. А галоўная выснова з’яўлялася сама сабой: не трэба надта турбавацца, калі нешта не вырасла – падстрахуе восеньскі кірмаш.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *