У Беларусі па ініцыятыве Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з 24 верасня па 12 кастрычніка праходзіць рэспубліканская акцыя “Моладзь за бяспеку”. Прысвечана яна ўтварэнню ў краіне маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, якой сёлета споўнілася 17 гадоў.
Ветэраны вайны, адзінокія і адзінокапражываючыя пажылыя людзі, інваліды, а таксама сем’і, дзе выхоўваецца трое і больш дзяцей, заўсёды пад увагай работнікаў МНС. Адным з этапаў акцыі з’яўляецца дапамога менавіта такім катэгорыям грамадзян. Так, у гарпасёлку і аграгарадку Арэхаўна юныя выратавальнікі-пажарныя сумесна з супрацоўнікамі МНС аказалі пасільную дапамогу пенсіянерам, ветэранам, інвалідам па вядзенні хатняй гаспадаркі: убіралі тэрыторыю каля дома, рамантавалі цяпліцу, абразалі сучча дрэў. Тыя ў сваю чаргу шчыра дзякавалі такой нечаканай дапамозе і адзначалі, што для іх вельмі важныя клопат і ўвага ад маладога пакалення.
У дамах мнагадзетных сямей вяліся размовы аб выкананні правіл пажарнай бяспекі, дарослым і дзецям уручаны кнігі і памяткі па названай тэме. У пяці домаўладаннях былі ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
На другім этапе акцыі падчас шматлікіх пазнавальных віктарын, гульняў, конкурсаў у школах раёна ішла гаворка аб тым, як зрабіць жыццё цікавым і бяспечным. Члены маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных расказвалі пра дзейнасць сваёй арганізацыі, усе ўдзельнікі атрымалі мастацка-выяўленчую прадукцыю.
Вольга КАМАРКОВА.