На здзіўленне мала пытанняў паступіла да дырэктара філіяла “Ушацкае ДРБУ-105 КУП “Віцебскаблдарбуд” А.У.Пячкоўскага падчас “прамой тэлефоннай лініі”. Старшыня Глыбачанскага сельсавета Віктар Віктаравіч Шаршнёў удакладніў тэрміны ўводу дэманціраванага аўтобуснага прыпынку на выездзе з аграгарадка. Аляксандр Уладзіміравіч адказаў, што гэта залежыць ад паступлення заказанага ў “Віцебскаблдарбудзе” павільёна. Арыентуюцца на лістапад-снежань.
Пытанне А.Р.Пахілкі датычылася дарогі па вёсцы Кавалеўшчына. У прыватнасці заяўнік удакладняў, ці існуе графік грэйдзіравання дарог, каб кожны раз, калі ўтворацца выбоіны, не тэлефанаваць у дарожную службу. Прасіў таксама рабіць заезд да іх, калі такія работы вядуцца па дарозе на Завячэлле.
Кіраўнік арганізацыі разабраўся ў магчымасці ажыццяўлення апошняй просьбы і адказаў газеце, што пры рабоце грэйдара на дарозе Ушачы-Немірова ён будзе заязджаць і ў Кавалеўшчыну. Наогул жа Аляксандр Уладзіміравіч паведаміў, што паколькі прадпрыемства абслугоўвае вельмі вялікую сетку дарог, то работы выконваюцца пры іх неабходнасці менавіта па заявачным прынцыпе праз дыспетчарскую службу ДРБУ-105 па нумары 5-78-93.
В.Караленка.