Награды победителям жнива

Общество Сельское хозяйство

Вось і настаў прыемны момант ушаноўвання перадавікоў жніва. Як і прадугледжвалася ўмовамі раённага спаборніцтва, Дыплом і прэмія ўпраўлення райсельгасхарча і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу чакалі экіпаж, які першым намалаціў 500 тон, і вадзіцеля, які першым перавёз 700 і тысячу тон.… Быццам і не было года – мы зноў на палетках “Райаграсервіса”. Як і летась, менавіта тут пераможцы ў дзвюх намінацыях. Толькі прозвішчы памяняліся. Лідзіруе ў раёне сёлета экіпаж Канстанціна Казакевіча і Сяргея Андрэйчыка. Менавіта экіпаж, бо ўсе камбайны “Райаграсервіса” ўкамплектаваны двума механізатарамі, маючымі права кіраваць такой тэхнікай. Усе з іх не навічкі – і раней працавалі на жніве за штурваламі, няхай і не такіх камбайнаў.

Шэсць экіпажаў прадпрыемства падзелены на дзве брыгады, так і працуюць па тройках. Чаму менавіта Косця і Сяргей вырваліся наперад, калі працуюць на адных і тых жа палетках з калегамі, ды і пачыналі практычна разам. Самі хлопцы тлумачаць гэта доляй вязення – каму камень трапіў і як вынік – вымушаны прастой, дзе яшчэ якая замінка, вось і адрыў, хоць вельмі і вельмі нязначны. Экіпаж Дзмітрыя Шэўчанкі і Вадзіма Первянёнка саступае ўсяго на 20 тон. Ды і Руслан Апёнак з Сяргеем Крывёнкам, якія стартавалі на пяць дзён пазней, – прыкладна на 150 і шостыя ў раёне. Дырэктар прадпрыемства Іван Іванавіч Баруноў тлумачыць адрыў яшчэ і асаблівасцямі характару хлопцаў. Ён агучыў перад камбайнерамі паказчыкі іншых гаспадарак, аднак увагу сканцэнтраваў на якасці ўборкі. Завяршаецца жніво, як ні дзіўна гэта гучала 2 жніўня, нямнога засталося ўбраць прадпрыемству, добрая пшаніца стаіць, і сабраць трэба ўсё, уключаючы палегліцу, якой таксама нямала.

 

Асаблівасць сёлетняга жніва ў тым, што намнога цяжэй усім даюцца бункеры і намалоты. Выдатная відавая ўраджайнасць, як кажуць шапку кінь – не праваліцца, а не па саломе сёлета колас. Няма таго збожжа, якое было б, калі б не спякота. Не налілося зерне, таму і вага бункера можа нават на тону адрознівацца ад мінулагодняй. Гадзіна патрэбна, каб намалаціць яго, калі рабілі гэта хлопцы і за палову.

Гэтай гадзіны хапае Сяргею Баграцу, каб нават з Мосаршчыны адвезці збожжа ад трох камбайнаў, вярнуцца і яшчэ пачакаць. Кожнае жніво ён заняты на адвозцы, нават працуючы на ЗІЛе, трапляў не толькі на раённую Дошку гонару, ну а змяніўшы сваю старую машыну на 20-тонны новы МАЗ, стаў абсалютным лідэрам. Ён атрымаў ад старшыні райсельгасхарча А.Я.Вайцянкова і старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу П.М.Хвашчэўскага адразу дзве ўзнагароды – і за першыя 700 тон, і за першую тысячу. Нешматслоўны быў Сяргей Мікалаевіч Багрэц – у канцы працоўнага дня і пасля трох тыдняў жніва стома проста чыталася на твары, аднак хлопцы “Райаграсервіса” добра ведаюць дзеля чаго і за што працуюць. На прадпрыемстве, як і раней, падводзяцца вынікі па тыдні, работнікі заахвочваюцца, а на камбайнах з’яўляюцца новыя зорачкі.

В.КАРАЛЕНКА.

На здымках:

узнагароду атрымлівае С.Багрэц; Р.Апёнак, С.Крывёнак, К.Казакевіч, С.Андрэйчык, Д.Шэўчанка, В.Первянёнак.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *