«Час подписчика» провели журналисты районной газеты «Патрыёт» в центре Ушач

Главные темы Общество

Калектыў рэдакцыі раённай газеты ў сваёй рабоце прытрымліваецца галоўнага прынцыпу – быць як мага бліжэй да сваіх чытачоў. Нам вельмі важна ведаць, чым яны жывуць, што іх турбуе і радуе. Мы імкнёмся пабываць у самых аддаленых населеных пунктах, у сельскіх клубах і школах, выехаць да механізатараў у поле ці да даярак на ферму. Усё гэта робіцца, каб “Патрыёт” быў цікавы для людзей любога ўзросту і ў кожным доме чакалі яго свежы нумар.

Шукаючы новыя формы работы з чытачамі, вырашылі ўпершыню правесці “Гадзіну падпісчыка”, якая з прычыны сваёй актуальнасці расцягнулася на ўдвая большы час. Каб даведацца пра меркаванні аб газеце, пачуць прапановы і заўвагі па яе змесце, а таксама хутка аформіць падпіску ўсім жадаючым, у мінулую пятніцу журналісты выйшлі ў цэнтр гарпасёлка, да стэнда з “раёнкай”. І тут нас ужо чакалі!

– З “Патрыётам” не расстаюся на працягу многіх гадоў. Вось і зараз прачытала пра мерапрыемства – і вырашыла скарыстацца зручнай магчымасцю, – заўважыла ўшачанка Таццяна Мікалаеўна Падворная, афармляючы падпіску на любімае выданне.

Сярод даўніх прыхільнікаў “Патрыёта” – Таіса Цімафееўна Закрэўская, якая чытае ўсе нашы артыкулы ад “а” да “я”. Разам з бабуляй Галінай Міхайлаўнай Шамшурай любяць пагартаць газету маленькія Сафія і Лізавета (на здымку). Нашым надзейным сябрам стаў Віктар Пятровіч Кароткі, які некалькі разоў друкаваўся на старонках раёнкі. А сярод новых знаёмых – расіянін, дачнік з Жывалакі Мікалай Іванавіч (прозвішча не назваў), які ў адзначаны дзень выпісаў газету для сваіх суседзяў і абяцаў па вяртанні вясной на Ушаччыну зрабіць гэта ж для сябе.

– “Патрыёт” у нашай сям’і заўсёды жаданы госць. З яго старонак даведваемся аб усіх навінах і падзеях, што адбываюцца ў раёне, – падсумоўваючы меркаванні многіх, зазначыла Таццяна Віктараўна Гарноўская. – Падабаюцца і сур’ёзныя праблемныя, і забаўляльныя матэрыялы. Віншаванні з днём нараджэння – таксама свайго роду інфармацыя. А дзякуючы надрукаваным аб’явам маем магчымасць купіць неабходнае, прадаць непатрэбнае.

Абсалютна кожны, хто аформіў падпіску на раённую газету ў рамках “Гадзіны падпісчыка”, атрымаў ад рэдакцыі невялікі падарунак. Тыя ж, хто зрабілі гэта адразу на квартал, змогуць разлічваць таксама на скідку на размяшчэнне адной аб’явы (віншавання, спачування) у месяц ў памеры 20 працэнтаў ад кошту.

Нагадаем: падпісацца на газету “Патрыёт” да канца бягучага тыдня можна ва ўсіх паштовых аддзяленнях раёна, а таксама непасрэдна ў рэдакцыі. Не спазніцеся! І шчыры дзякуй вам, паважаныя чытачы, за тое, што сярод вялікай колькасці перыёдыкі па-ранейшаму выбіраеце сваю “раёнку”.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *