ОАО «Ильюшинский» активно ведёт сев озимых

Сельское хозяйство

Жыць, жытніца і жыта невыпадкова маюць адзін корань. Гадамі правераная культура ў любы год дзячыла руплівым сялянам. Няхай чорным быў бохан і не самым смачным, затое гарантаваным. Менавіта таму на працягу стагоддзяў на нашых землях аддаюць перавагу жыту. У ААТ “Ільюшынскі” – таксама. З 1630 гектараў азімых яно зойме дзве трэці, і толькі 500 будзе адведзена пад пшаніцу. “Зялёнае святло” яму на сяўбе азімых пацверджана і сёлетняй ураджайнасцю: самая высокая ў гаспадарцы была менавіта па жыце – 31 цэнтнер з гектара, калі па астатніх культурах – 23-24.

А вось сяўбу пшаніцы, дарэчы, хутка завяршаць. Яна больш патрабавальная, чым жыта “Спадчына”, таму і сеюць першай. У кузаве МАЗа, у якім “сумаваў” Ігар Кароткі (на здымку), была пратручаная “Ядвіся”. Урадлівая, яна замяніла распаўсюджаную раней “Капылянку”, і ў гаспадарцы сёлета прадстаўлена першай рэпрадукцыяй. Вырасцілі з эліты. Галоўны аграном А.С.Селівёнак кажа, што на азімыя летняя спякота не паўплывала, забяспечылі сябе насеннем пад поўную патрэбу, а гэта 400 тон першай-другой рэпрадукцыі. Давязуць яшчэ і дзесяць тон эліты.

Паколькі работ на двары яшчэ сапраўды восем – абмалот насення траў, уборка кукурузы, то на сяўбе зараз даволі сціплы атрад, тры адзінкі на падрыхтоўцы глебы і дзве сеялкі. Апошнімі кіравалі як ветэран “Ільюшынскага” Анатоль Віктаравіч Усовік, так і адзін з самых маладых механізатараў Антон Коўшаль. Аднак дзевятнаццацігадоваму хлопцу ўжо давяралі адказныя работы. Пасля заканчэння каледжа ён паспеў на практыцы даказаць сваю кемлівасць. Спачатку на перавозках працаваў, а сёлетнюю вясну ўжо на сеялцы. Вось і зараз адточваў складанасці ходу па дробнаконтурных участках. Вельмі выкрутасістая канфігурацыя поля ля Броўчына – узгорак пераходзіць у нізіну, кусты – у лес. Пакруціцца давялося нямала, аб’язджаючы і яўныя перашкоды, перш чым поле апранулася ў дробную палоску, што застаецца пасля закрыцця зярнят.

Хоць з-за абмежаванай колькасці культур і складана падабраць выдатных папярэднікаў, азімую пшаніцу тут сеялі на адпачыўшай зямлі, пасля траў. Паколькі “Ядвіся” больш капрызная, то ёй і аддаюць лепшыя палеткі. Напрыклад, каля 120 гектараў пасля канюшыны, якая рыхліць і ўзбагачае зямлю азотам. Зараз уносілі, на жаль, толькі фосфарныя ўгнаенні, хаця ў былыя часы і самыя дэфіцытныя.

Штогод у “Ільюшынскім” падымаюць і каля 600 гектараў пашаў. На такіх адпачыўшых землях мы і сустрэлі хлебаробаў. Антон хуценька пагутарыў, саромеючыся “славы”, заправіў пад поўную загрузку сеялку і зноў накіраваўся наразаць кругі. Рабочы дзень абмяжоўваецца не палівам і не палямі, а толькі светлавым днём, на які і хапае дзевяці тон зерня. Таму і сумаваў вадзіцель без рэальнай работы. “Лепш чым-небудзь займацца, толькі не загараць тут”, – Ігар Кароткі, за якім, дарэчы, замацавана тры адзінкі тэхнікі і адпаведна самыя розныя перавозкі, вымушаныя “прастоі” пераносіць балюча. Ды, напэўна, як і кожны чалавек справы.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *