«С иголочки» оденет любого! Новая швейная мастерская уже пользуется популярностью у жителей Ушач

Экономика и малый бизнес

Трэба перашыць маланку ў куртцы, падкараціць штаны ці парвалі любімую сукенку і не ведаеце, што рабіць? Адказ просты – звярнуцца да майстроў швейных спраў. З нядаўняга часу ва Ушачах гэта стала зрабіць яшчэ прасцей, паколькі з’явілася яшчэ адна кропка – майстэрня “З іголачкі”, якая размясцілася па вуліцы Фрунзе ў будынку былога ваенкамата.
Хто любіць сваю справу і стараецца – у таго ўсё атрымаецца! Такую простую і зразумелую формулу поспеху вывела для сябе гаспадыня швейнай майстэрні Валянціна Васільеўна Пугачова.

– Як усё пачыналася? Вельмі даўно! – з усмешкай прыгадвае жанчына. – Пасля заканчэння школы, як натура творчая, вырашыла паступаць на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржуніверсітэта, але праваліўшы экзамен па чарчэнні, праз Полацк вярталася дадому. У самоце ішла па горадзе і ўбачыла на шляху швейнае вучылішча. Рашыла падацца менавіта туды. Убачыўшы добры атэстат, мяне адразу залічылі. Вучыцца было вельмі лёгка, бо гэтая справа мне спадабалася, хоць у дзяцінстве, шчыра скажу, іголку ў руках трымала нячаста. Скончыла ўстанову з адзнакай і пятым разрадам, мяне нават накіроўвалі вучыцца ў Віцебск на майстра, але я вырашыла вярнуцца ў родныя Ушачы.

Наступныя 18 гадоў Валянціна Васільеўна адпрацавала швачкай у камбінаце бытавога абслугоўвання. За гэты перыяд як след набіла руку.

Апошнім жа часам многія ведалі В.Пугачову як індывідуальнага прадпрымальніка, што займаецца продажам парфумерна-бытавой хіміі. Аднак жанчыну цягнула да шыцця, і яна даўно выношвала планы па адкрыцці ўласнай справы. Штуршком да гэтага стаў Указ Прэзідэнта №337, што пашырыў спіс відаў дзейнасці, якімі фізічныя асобы маюць права займацца без рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніцтва. “Напісаў заяву ў падатковай інспекцыі, заплаціў адзіны падатак – і пачынай работу. З такой істотнай падтрымкай дзяржавы грэх не распачаць сваю справу!” – упэўнена Валянціна Васільеўна, якая, дарэчы, адна з першых ва Ушачах скарысталася такой магчымасцю.

Некаторы час шукала падыходзячае для работы памяшканне, спынілася на зручным месцы ў будынку ваенкамата. Невялікі пакой хутка пераўвасобіўся ва ўтульную майстэрню, дзе кожны сантыметр плошчы задзейнічаны: тут і прымерачная, і манекен, і месца для гатовых і будучых заказаў, і, канечне, галоўная “зброя” – швейная машына. Зрэшты, з абсталяваннем праблем не ўзнікла, бо ў вопытнай швачкі даўно мелася ўласная машына, на якой яна дома шыла самыя розныя рэчы для сябе, заўсёды прыгожымі сукенкамі вылучаліся і яе дочкі.

– Нават ніколькі не хвалявалася, калі бралася за справу, бо ведала, што гэта маё! Не баялася застацца без заказаў – дапамаглі: аб’ява ў “раёнцы” і “сарафаннае радыё”. Адразу ж стала наведваць майстэрню і “армія” маіх даўніх знаёмых і былых кліентаў, якія шчыра радаваліся яе адкрыццю.

Трэба сказаць, што заказаў хапае, і Валянціне Васільеўне не прыходзіцца ні хвіліны сядзець без справы. За час нашай размовы да яе зазірнулі некалькі чалавек: адны забіралі рэчы, другія толькі неслі на рамонт ці раіліся, як можна аднавіць іх.

– З Валянцінай мы ўжо пасябравалі, звярталася да яе неаднойчы і кожны раз забірала якасна адрамантаванае адзенне. Яна сапраўдны майстар швейнай справы! – адзначыла мінчанка Галіна, якая мае дачны дом на Ушаччыне. У мінулым прафесійная спартсменка даверыла рамесніцы вярнуць да жыцця сваю спартыўную форму.

Напярэдадні 1 верасня быў пік заказаў, звязаных з укарочваннем адзення – усе рыхтаваліся да школы. Зараз актуальнасць набывае рамонт верхняга адзення. Каб яшчэ больш пашырыць спектр швейных паслуг, В.В.Пугачова ўжо заказала спецыяльную машынку для прабівання петляў.

Свой творчы патэнцыял жанчына рэалізуе і ў іншых справах. Напрыклад, апошнім часам у модзе так званыя інтэр’ерныя лялькі Цільды ручной работы, на твары якіх толькі вочкі і румянец, затое знешні выгляд – арыгінальны. З лёгкай рукі Валянціны Васільеўны непаўторныя вырабы “пасяліліся” ў дамах многіх ушачан.

Яна шчаслівая ад таго, што ажыццявіла сваю мару, з радасцю штодня прыходзіць на рабочае месца і з усмешкай сустракае кожнага наведвальніка. Адкрыта ж швейная майстэрня “З іголачкі” з аўторка па суботу з 9 да 17 гадзін.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *