Ушачское лесничество — лучшее в районе

К профессиональному празднику

Ушацкае – лепшае лясніцтва раёна. Не толькі па добраўпарадкаванні, але і па асноўнай гаспадарчай дзейнасці. Апошняя адзнака, дарэчы, аўтаматычна выцякае з абласнога паказчыка. Менавіта яно са 147 лясніцтваў вобласці заняло па выніках першага паўгоддзя ганаровае трэцяе месца.
Гэты гучны паказчык укладаецца ў даволі сціслыя ўладанні – усяго 7 тысяч 136 гектараў. Але і на гэтых плошчах змаглі зрабіць тое, чаго ў іншых не атрымалася на ўдвая большых. Напрыклад, на 40 гектарах з’явіліся хвойнікі. “Старажылаў гэтым, бадай, не здзівіш. Але ўручную, на суцэльных землях, на якіх няма пропускаў з-за ранейшых пасадак, гэта адчувальны аб’ём”, – гаворыць ляснічы Ушацкага лясніцтва Андрэй Сяргеевіч Падвойскі. Пад меч Колесава як пад лапату пасадзілі 200 тысяч елачак і сасонак. А таксама не адзін раз прапалолі іх. І, зразумела, не хіміяй, якая б знішчыла ўсё жывое, а кустарэзамі. Высечкі догляду не толькі за сёлетнімі, але і ранейшымі пасадкамі ажыццяўлялі на 67 гектарах. І калі леснікі штодня дапамагаюць дрэвам расці, то вальшчыкі і лесарубы нарыхтоўваюць гатовую прадукцыю. За паўгода – 11 тысяч 130 кубаметраў.

Ёсць і яшчэ адзін паказчык, на які звяртаецца ўвага: ахова лясоў ад пажараў, пашкоджанняў, засмечанасці. І тут Ушацкаму лясніцтву, канечне, не пашчасціла. На іх тэрыторыі самая папулярная зона адпачынку “Пянькі”, іх лясы пад Завячэлле ці Вашкова – самыя запатрабаваныя для ціхага палявання. А гэта пагроза ўзгаранняў і, на жаль, горы смецця, якія работнікі штодзённа ўбіраюць.

Таксама ў вольны час займаліся і дэндрапаркам. “За гэта, напэўна, і ў большасці авансам, нам прысудзілі першае месца па добраўпарадкаванні, – гаворыць Андрэй Сяргеевіч. – Бо тэрыторыі ўсіх лясніцтваў выглядаюць узорна, пераканаўся ў гэтым нядаўна сам – у нас практыкуюцца ”камандзіроўкі” да калег, каб пераймалі адзін у аднаго лепшае. Нам жа давялося папрацаваць сёлета, мабыць, больш за іншых. Выкапалі вялікі вадаём, некалькі машын гравію, валуны пайшлі на альпійскую горку. Калі расліны паразрастаюцца, мяркую, дэндрапарк стане адным з самых любімых месцаў адпачынку.

Малады кіраўнік з задавальненнем расказвае пра тое, што атрымалася. І падкрэслівае, што пашчасціла з калектывам. Нягледзячы на тое, што яму ўсяго 25 і маладзей у лясніцтве толькі два чалавекі, аднак выканаўчая дысцыпліна – бездакорная. І не толькі работнікі слухаюцца ляснічага, аднак і ён прыслухоўваецца да вопытных калег. Менавіта ва Ушацкім лясніцтве працуюць вядомыя ў раёне перадавікі Пётр Пятровіч Качан, Міхаіл Віктаравіч Карабань, Пётр Іванавіч Гардзіёнак, Віктар Уладзіміравіч Калачоў. Ва ўсім раіцца, канечне, і з майстрамі Васілём Уладзіміравічам Спірчонкам, Сяргеем Леанідавічам Яфрэмчанкам, Сцяпанам Пятровічам Каваленкам, бухгалтарам Наталляй Міхайлаўнай Заруба. А.Падвойскі адзначае, што яго заўсёды падтрымлівае дырэктар і галоўны ляснічы лясгаса.

Наогул увесь калектыў Ушацкага лясніцтва можна назваць маладым. Ва ўсялякім выпадку лёгкія яны на пачынанні, дадатковыя задачы. А таму падумалася – каму як не ім паспрабаваць адрадзіць былую славу Ушацкага лясгаса.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *