Испытание на прочность. Как молодой лесничий Глыбочанского лесничества Артур Артюх смог изменить ситуацию в коллективе в лучшую сторону

К профессиональному празднику

Нягледзячы на малады ўзрост, гэты хлопец ужо паспеў прайсці шлях ад радавога лесніка да ляснічага. За што б ні браўся Артур Пятровіч Арцюх, стараецца выкладвацца па максімуме, каб не было сорамна за зробленае. Вось і ва Ушацкім лясгасе ўпэўнена зазначаюць, што не пралічыліся, даверыўшы яму паўгода назад Глыбачанскае лясніцтва. У папярэдні час яно было далёка не на перадавых пазіцыях: частая змена кіраўнікоў, няпросты ўчастак – адпаведна, і не вельмі баявым быў настрой працаўнікоў. Аднак сёлета сітуацыя прыкметна змянілася ў лепшы бок.

– У сваім кабінеце практычна не знаходжуся, часцей у лесе, каб на месцы даручыць, высветліць, пракантраляваць, – пачынае размову Артур Пятровіч, запрашаючы ў памяшканне лясніцтва, і з першых хвілін знаёмства выклікае прыхільнасць да сябе адкрытасцю і веданнем даверанай справы.

Ён адносіцца да катэгорыі тых, пра каго кажуць: на сваім месцы. Хлопец доўга не вагаўся, якую прафесію выбраць: з дзяцінства любіў усё, што звязана з прыродай, да таго ж у лясной гаспадарцы працаваў бацька. І калі ў 2007 годзе Артур пераступіў парог Кубліцкага лясніцтва ў якасці працаўніка, толькі пераканаўся ў правільнасці выбару. Без адрыву ад вытворчасці завочна скончыў Полацкі лясны каледж, атрымаўшы спецыяльнасць тэхніка лясной гаспадаркі, а з кубліцкімі пушчамі развітваўся толькі на час армейскай службы.

Неўзабаве пасля яе Артур Пятровіч заняў пасаду майстра, “набіў руку” і стаў памочнікам ляснічага, а пры неабходнасці мог і падмяніць кіраўніка. Калі ў красавіку гэтага года яму прапанавалі ўзначаліць Глыбачанскае лясніцтва, вырашыў паспрабаваць. Хаця зараз шчыра прызнаецца, што для яго гэта сапраўднае выпрабаванне на трываласць.

Калі ў родным кубліцкім баку ведаў літаральна кожны куточак, то тутэйшыя землі былі зусім незнаёмы. Новы і калектыў, які сустрэў з насцярожанасцю, далёкія ад ідэальных былі і паказчыкі. Наладзіць кантакт аказалася не так і проста. Пачаў з вытворчай дысцыпліны і дзякуючы сваёй прынцыповасці і строгасці знаходзіў патрэбныя аргументы ў канфліктных сітуацыях. Асвоіцца дапамагала найперш бухгалтар, яна ж і майстар Наталля Шарамет. Трэба сказаць, што ў той ці іншай сітуацыі малады ляснічы не саромеецца звярнуцца за парадай да калег, у першую чаргу да свайго настаўніка – кіраўніка Кубліцкага лясніцтва Вадзіма Васільевіча Кальчэўскага.

Падпарадкаваныя А.Арцюху і яго падначаленым плошчы займаюць 12530 гектараў: гэта не толькі глыбачанскія, а і вяркудскія, дубраўскія землі. З пастаўленымі задачамі спраўляецца калектыў з 18 чалавек. Не займаць вопыту вальшчыку лесу Аляксандру Каліноўскаму, выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі леснікі Алег Макаранка, Мікалай Ягадка і іншыя.

Асноўным накірункам дзейнасці глыбачанскіх лесаводаў з’яўляецца нарыхтоўка драўніны. У апошні час яны паспяхова спраўляюцца з даведзенымі планамі ў 300 кубоў. Ёсць у работнікаў лесу мноства іншых немалаважных спраў. У гэтым годзе, напрыклад, ужо пад кіраўніцтвам А.Арцюха, пасаджана 34 гектары хвойнікаў каля Павулля і возера Крывое. Шмат увагі ўдзяляецца ахове і абароне лесу як ад шкоднікаў, так і несумленных грамадзян. На дапамогу лесаводам тут прыходзяць сучасныя тэхналогіі – фоталавушкі і камеры відэаназірання. Сёлета не было пажараў, а значыць, на высокім узроўні прафілактычныя мерапрыемствы. Да таго ж, Глыбачанскае лясніцтва – адзінае, дзе “гадуюць пчол”. Пасека з сотняй вулляў – зона адказнасці Аляксандра Іванковіча і Сямёна Пятніцы, якія ў гэтым сезоне нарыхтавалі амаль 1500 кілаграмаў мёду. Летам работнікі лясніцтва ўпершыню навязалі бярозавых венікаў, якія ўжо зараз гатовы рэалізаваць парыльшчыкам.

Асобным пунктам стаіць навядзенне парадку на зямлі. Калектыў не толькі ў належным стане падтрымлівае сваю тэрыторыю, а і ўносіць значны ўклад у барацьбу з баршчэўнікам: вясной з дапамогай тэхнікі і ўручную скошана больш ста гектараў захопніка зямель.

Ставіць высокую планку ў рабоце – прынцып А.Арцюха, не раз яго дзейнасць ужо адзначалася як лясгасам, так і галаўным прадпрыемствам. І няма сумненняў, што яшчэ многія працоўныя дасягненні ў яго наперадзе.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *