Усё менш часу застаецца да 28 верасня, на якуе папярэдне запланавана правядзенне абласных “Дажынак”. Пакуль верхнядзвінскія будаўнікі і іх памочнікі завяршаюць работы на новых аб’ектах горада, а раёны вобласці вызначаюць самых дастойных аграрыяў, якія накіруюцца на свята, яго арганізатары складаюць і ўдасканальваюць праграму “Дажынак”.
Многія яе пункты ўжо агучаны. Як паведаміў тэлеканал “Віцебск”, адметнасцю ўрачыстасці павінна стаць сумеснае шоу, якое рыхтуюць выратавальнікі, дэсантнікі і міліцыянеры. Сілавікі маюць намер здзівіць гасцей свята водным прадстаўленнем, паказальнымі выступленнямі авіяцыі, будуць працаваць адмысловыя інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей. У водным шоу таксама прымуць удзел яхтсмены з Браслава. Дарэчы, менавіта гэты горад пяройме ў Верхнядзвінска эстафету правядзення абласнога свята працаўнікоў вёскі ў 2019-м годзе. Вызначана і месца правядзення “Дажынак-2020” – іх прыме Віцебск.